Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі прэзыдэнт едзе ў Беларусь на вучэньні


Лукашэнка і Мядзьведзеў падчас перамоваў у Крамлі 3 лютага 2009 году

Лукашэнка і Мядзьведзеў падчас перамоваў у Крамлі 3 лютага 2009 году

Сёньня ў Беларусь на супольныя беларуска-расейскія вучэньні “Захад-2009” прыяжджае прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. На вучэньнях ён сустрэнецца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Расейскі прэзыдэнт прыбывае ў Беларусь літаральна ўсьлед за патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Якраз падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам патрыярх заявіў пра свае пасярэдніцкія паслугі ў “спрыяньні дыялёгу беларускага кіраўніцтва з расейскімі ўладамі”.

Візыт Дзьмітрыя Мядзьведзева будзе доўжыцца адзін дзень, і пакуль невядома, ці адбудуцца двухбаковыя перамовы. Падчас свайго нядаўняга выступу ва ўнівэрсытэце ў Пітсбургу расейскі прэзыдэнт адзначыў, што “ў самы бліжэйшы час пасьля вяртаньня з ЗША” ён зьбіраецца разам з Лукашэнкам “абмеркаваць самыя розныя пытаньні”. Пры гэтым Мядзьведзеў адзначыў наяўнасьць эмацыйнай палемікі з кіраўніцтвам Беларусі. Паводле расейскага прэзыдэнта, “галоўнае, каб за гэтай палемікаю, за гэтымі эмоцыямі не хавалася нешта больш складанае”.

"Перамовы не заплянаваныя"

Учора прадстаўнік расейскай амбасады ў Менску паведаміў карэспандэнту “Свабоды”, што Дзьмітрый Мядзьведзеў будзе толькі прысутнічаць на вайсковых вучэньнях:

“Баявыя дзеяньні будуць тут разгорнутыя перад прэзыдэнтамі. Тут будуць высаджвацца парашутысты. Потым тут адбудзецца ўзнагароджваньне. Перамовы не заплянаваныя”.

Вайскоўцы ў чаканьні прэзыдэнтаў правялі ўжо ля Баранавічаў некалькі рэпэтыцыяў. Паводле прэсавай службы Міністэрства абароны, сёньня вучэньні “Захад-2009” завяршаюцца. Каля шасьці тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія бяруць удзел у манэўрах, пачнуць пакідаць тэрыторыю Беларусі 30 верасьня.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык адзначыў:

“Будзе ў комплексе адпрацавана задача абарончай апэрацыі рэгіянальнай групоўкай войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. Асноўная частка будзе праходзіць на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі”.

"Расеі патрэбна, каб Беларусь была палітычна паслухмяная..."

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, Аляксандру Лукашэнку важна цяпер захаваць датаваньне Беларусі ў выглядзе танных расейскіх энэрганосьбітаў, захаваць рынкі збыту беларускай вытворчасьці і транзыт. Але пры якіх умовах Расея можа пайсьці на саступкі ў гэтых пытаньнях?

“Перш за ўсё Расеі патрэбна, каб Беларусь была палітычна паслухмяная ў замежнай палітыцы. У гэтым пляне добры, у двукосьсі, крок – гэта, безумоўна, цяперашнія вучэньні. Гэта дэманстрацыя таго, што мы гатовыя легчы пад танкі, але не пусьціць іх на Маскву. Яшчэ “Ўсходняе партнэрства”, з выказваньняў расейскіх лідэраў, выклікае даволі істотную занепакоенасьць. Ну і трэцяе, гэта, вядома, прыватызацыя салодкіх кавалкаў беларускай эканомікі. Але гэта ўжо ў меншай ступені, бо гэта больш тычыцца расейскіх алігархаў, чым расейскай палітыкі наагул”.

Чакаецца, што Лукашэнка сустрэнецца сёлета зь Мядзьведзевым яшчэ двойчы: на паседжаньні міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС 27 лістапада, а таксама ў першай палове сьнежня на паседжаньні Найвышэйшага дзяржсавету саюзу Беларусі і Расеі.
XS
SM
MD
LG