Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэлігію могуць падмяніць ідэалёгіяй, а на месца Бога паставіць прэзыдэнта”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” – рэха на візыт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, водгукі на перадачы нашага і дзяржаўнага радыё, меркаваньні наконт прычынаў русыфікацыі.



У сёньняшняй аўдыёпошце Свабоды хапае развагаў пра стан беларускай мовы.

Мікалай з Валожыншчыны: “У сувязі з калектывізацыяй сяляне сталі ўцякаць з калгасаў у гарады. Сярод расейскамоўных гараджан сталі пераходзіць на расейскую мову. Гэтую акалічнасьць спрытна выкарысталі і савецкая і сучасная ўлада. Для пагалоўнай русыфікацыі Беларусі, а мэты русыфікацыі ўсім вядомыя: ківаць на ангельскамоўную Ірляндыю не выпадае, бо ірляндцаў яднае каталіцызм, а Беларусь – шматканфэсійная краіна”.

Наступная слухачка робіць акцэнт на ролі СМІ:

Спадарыня: “Хацела сказаць пра мову беларускага дзяржаўнага радыё. Можа, гэта некарэктна, ацэньваць праз вас, але калі там паведамляюць пра надвор’е ў навінах, можна нават небеларусу адчуць непавагу да беларускай мовы. Непавагу, гэта мякка кажучы. Рубяць, як з тапара. Але ў іншых атрымліваецца лагодней. А люблю я слухаць беларускіх эмігрантаў ранейшай хвалі, шчасьце іх пачуць па радыё, іх вымаўленьне, як многа мы страцілі”.

Слухае радыё – як дзяржаўнае, так і Свабоду – і Міхал Самішнік з Хвойнікаў. Але ён найперш засяроджваецца не на мове, а на палітыцы:

Спадар: “Я вось цяпер слухаю Радыё Свабода. Ваш Мілінкевіч не пераможа, а пераможа Лукашэнка. Сябры, мне ўжо пад 60 гадоў, бяз трох, дык слухаю вас, але я ўсё-ткі больш люблю Лукашэнку. Дзякуй”.

Яшчэ адзін слухач з Гомельшчыны таксама параўноўвае альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, аднак ужо на карысьць недзяржаўных:

Спадар, Мазыршчына: “Што нам трэба зрабіць, ці вам, ці нашаму рэжыму, каб я мог свабодна чуць нашу беларускую Свабоду? Таму што нашы дзяржаўныя аднабаковыя мэдыі гэтыя – хлусьня спрэс ліецца. А вось крыху “Свабоды” незалежнай пачуць трэба. Хочацца пачуць праўды. Рэжым у нас мэдыі свае на ўсю Эўропу і ўсе кантынэнты прасоўвае, а Радыё Свабода ня можна па-сапраўднаму чуць”.

І напрыканцы перадачы – званок зь Берасьця:

Павал: “Пачуў інфармацыю аб тым, што ў Наваградку дзеці пратэстуюць супраць увядзеньня праваслаўнага катэхізісу на ўроках. Нашы дзеці будуць пратэставаць супраць фізыкі, хіміі, нават супраць тэарэмы Піфагора будуць пратэставаць нашы дзеці. Нашы дзеці і мы нічога ня ведаем пра рэлігію”.

Тэлефанаваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня – дырэктар выдавецтва “Логвінаў” Аляксандра Дынько:


Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько: “Небясьпека такога кшталту ўрокаў, як вось гэтыя самыя “Асновы праваслаўя”, у тым, што месца Бога неўзабаве на жаданьне ўладаў можа быць занятае чым заўгодна. Сёньня школа вырашае, якому Богу маліцца і як гэта рабіць, а заўтра замест рэлігіі пачнуць вывучаць “Асновы дзяржаўнай ідэалёгіі”, а на месца Бога можа стаць і прэзыдэнт. На маю думку, пытаньне ўсё ж палягае ня ў тым, каб адмовіцца ад урокаў на падставе таго, наколькі самі бацькі адчуваюць сваю адказнасьць за права выбіраць, чаму іх дзяцей будуць вучыць у школе. Бо менавіта ў гэтай пазыцыі і самі бацькі рэалізуюць сваё грамадзянскае права, і вучаць сваіх дзяцей быць грамадзянамі. Тут пытаньне такога самага ўзроўню, як – атрымліваць нам беларускамоўную ці расейскамоўную адукацыю…”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску - 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG