Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне мяняецца ўлада. Якія наступствы для Беларусі?


Перадвыбарны білборд Ангелы Мэркель
Перадвыбарны білборд Ангелы Мэркель

Папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне сьведчаць пра перамогу блёку Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу і Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу на чале зь дзейным канцлерам Ангелай Мэркель. Цяпер гэты блёк разам са Свабоднай дэмакратычнай партыяй можа сфармаваць свой кааліцыйны ўрад. А гэта азначае, што на зьмену шырокай кааліцыі прыйдзе кааліцыя кансэрватараў і лібэралаў. Як гэта можа адбіцца на дачыненьнях Нямеччыны з Беларусьсю?

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі быў першым амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне. З таго часу ён уважліва назірае за становішчам у гэтай краіне. Спадар Садоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што пасада міністра замежных спраў цяпер, найверагодней, будзе ў Гідо Вэстэрвеле — лідэра лібэралаў.

Дыплямат лічыць: новы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства будзе больш уважліва, чым былы міністар сацыял-дэмакрат Штайнмайер, ставіцца да правоў чалавека, парушэньняў дэмакратычных нормаў:

“Я б не сказаў, што нечага хутка трэба чакаць.Але давайце паглядзім на агульныя ўстаноўкі. Міністрам замежных спраў відавочна будзе Гідо Вэстэрвэле. І ён, як мне падаецца, салідарны з Ангелай Мэркель у галоўных каштоўнасных парамэтрах. Ён таксама, як і Мэркель, гаварыў пра тое, што галоўным у нямецкай зьнешняй палітыцы павінна быць не проста здабываньне нейкіх геапалітычных уплываў, а памнажэньне выспачак дэмакратыі. Хаця, вядома, Нямеччына будзе дзейнічаць у межах мандату, узятага ў Эўрапейскім Зьвязе адносна Беларусі”.

Ігар Лялькоў
Кіраўнік Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў спадзяецца на пэўныя зьмены ў дачыненьнях Бэрліна і Менска:

“Мне здаецца, трэба сыходзіць з таго, што ў кіроўнай кааліцыі больш ня будзе сацыял-дэмакратаў. Яны ставіліся больш прагматычна, як да Расеі, так і да Беларусі. І таму, мне падаецца, што пасьля гэтых выбараў пазыцыя Нямеччыны будзе больш прынцыповай у пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека. І магчымыя пазытыўныя зрухі ў дачыненьнях Бэрліна і Менска будуць больш строга абумоўленыя працэсам дэмакратызацыі ў нашай краіне. Будзе больш шчыльная ўвязка гэтых пытаньняў. Мне так здаецца. Але, натуральна, што час пакажа”.

Аляксей Кароль
Палітоляг Аляксей Кароль упэўнены: сур’ёзных зьменаў у нямецкай палітыцы адносна Беларусі не адбудзецца:

“Таму што зьнешняя палітыка Нямеччыны заўжды складаецца з інтарэсаў Нямеччыны як краіны. І яна мае пэўную традыцыю, якая не падлягае значным хістаньням пры зьмене той ці іншай партыі, якая знаходзіцца пры ўладзе. Таму, я думаю, могуць зьмяніцца нейкія нюансы гэтай палітыкі, але прынцыпова палітыка ня зьменіцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG