Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньнем генаў гэтай папулярнай сельскагаспадарчай культуры, чыім найбуйнейшым спажыўцом з’яўляецца Беларусь, займалася міжнародная група дасьледчыкаў Genome Sequencing Consortium, у склад якой уваходзілі 16 навуковых устаноў сьвету.


Гаворачы пры вынікі супольнай працы, прафэсар мічыганскага ўнівэрсытэту Robin Buell падкрэсьліў тую надзвычайную ролю, якую адыгрывае бульба ў харчаваньні 6,3 мільярдаў жыхароў Зямлі. Як сьведчыць міжнародная статыстыка, летась ва ўсім сьвеце бульбы з’елі 309 мільёнаў тонаў. Больш за ўсё гэтага караняплоду ў пераліку на аднаго жыхара ўжываюць у год беларусы– 400 фунтаў (180 кг). На сярэдняга жыхара ЗША прыходзіцца каля 120 фунтаў.

Паводле зьвестак агенцтва The Associated Press, праект па расшыфроўцы геному бульбы працягваўся тры гады, каштаваў 5,4 мільёны даляраў і фінансаваўся Міністэрствам сельскай гаспадаркі ЗША. Паводле дасьледаваньняў, бульба мае 12 храмасомаў з 840 мільёнамі генных параў. Для параўнаньня: у людзей гэтых параў усяго толькі ў 4 разы болей. Навуковае адкрыцьцё дазваляе распрацоўваць новыя, больш якасныя гатункі бульбы, літаральна па ўсёй плянэце, за выключэньнем Антарктыды, а таксама змагацца са шматлікімі грыбковымі ды бактэрыяльнымі захворваньнямі гэтай культуры.

Самая сумна вядомая зь іх -“фітафтораз”: у выніку захворваньня караняплод пераўтвараецца ў стан непрыдатнай для ежы сьлізі. У 1840-я гады Эўропу напаткаў “бульбяны голад”, які меў асабліва сур’ёзныя наступствы для жыхароў Ірляндыі, у выніку чаго памерлі каля 1 мільёна чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG