Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здрада прынцыпам, перамога Расеі ці своечасовы крок Абамы?


Дылемы “Ўсходняга партнэрства”: погляд былога дысыдэнта і міністра замежных справаў Чэхіі Карла Шварцэнбэрга Эўропа без новых амэрыканскіх радараў: здрада прынцыпам, перамога Расеі ці разумны і своечасовы крок адміністрацыі Абамы Гэтыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць – дырэктар беларускай службы Радыё Свабоды Аляксандар Лукашук, аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк, вядучыя жывога эфіру Сяргей Абламейка і Ганна Соўсь. Госьці выпуску – Карл Шварцэнбэрг і супрацоўнік службы навінаў нашага радыё Грэгары Файфэр.

Свабода на Белсаце. 26.ІХ.2009 Ч.1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:24 0:00


Лукашук:
Спадар Шварцэнбэрг, прайшло амаль 4 месяцы з дня, калі было ўтворанае “Ўсходняе партнэрства” і да яго далучылася Беларусь. Так атрымалася, што менавіта вы, як тагачасны міністар замежных справаў Чэхіі, якая тады старшынявала ў ЭЗ, перадалі запрашэньне ў партнэрства Аляксандру Лукашэнку. У мінулым вы былі дысыдэнтам, змагаліся з рэпрэсіўным камуністычным рэжымам Густава Гусака. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі таксама дастаткова аўтарытарны і рэпрэсіўны. Ці не адчувалі Вы іронію вашай сытуацыі, прывозячы такія запросіны ў Менск?

Шварцэнбэрг: Бачыце, міністар замежных справаў павінен сустракацца з усімі. Гэта падобнае да занятку сьвятара, які ня можа выключыць грэшнікаў. Часам гэта мой галоўны занятак — размаўляць з грэшнікамі, так як размаўляе сьвятар. Таму я ня бачу ў гэтай паездцы нічога іранічнага. Яна была даволі забаўнай і займальнай для мяне. Яна была часткай маёй працы ў якасьці міністра замежных справаў.

Максімюк: Вы былі ці ня першым прадстаўніком Эўропы, які публічна агучыў адну важную ўмову нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Яшчэ ў лютым сёлета Вы заявілі, што ў выпадку прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Беларусь “сутыкнецца зь вельмі сур’ёзнымі праблемамі” ў праграме “Ўсходняе партнэрства”, паколькі апынецца “па-за эўрапейскім кантэкстам”. Але ці не атрымалася так, што менавіта геапалітычная чыньнікі мелі і маюць вырашальнае значэньне ў цяперашняй палітыцы Эўразьвязу адносна Беларусі? А што да правоў чалавека – добра, калі б Беларусь іх прытрымлівалася. Але калі ня будзе, дык усё роўна месца ва “Ўсходнім партнэрстве” для Беларусі і так застанецца.

Шварцэнбэрг:
Тут шмат якія чыньнікі адыгрывалі ролю. Безумоўна, мы спрабавалі прыцягнуць Беларусь у Эўропу, каб яна была ў меншай ступені залежнай ад Расеі і захоўвала сваё незалежнае становішчы. Безумоўна і тое, што нельга быць паўнапраўным удзельнікам Эўразьвязу ці нават яго блізкім сябрам, калі не паважаюцца правы чалавека. Але часам трэба проста пачаць нейкую палітыку і паглядзець, што зь яе атрымаецца.

Лукашук: Спадар Шварцэнбэрг, а ці магу я вам задаць пытаньне наўздагон — а як вы разумееце паняцьце “маральная палітыка”?

Шварцэнбэрг: Маральная палітыка — гэта тады, калі вашы мэты чыстыя ў сэнсе маральнага кодэксу і калі сродкі дасягненьня гэтых мэтаў усё яшчэ сумяшчальныя з маральнымі прынцыпамі. Але ў сваім жыцьці вы не сустракаеце толькі прыстойных людзей — вы не сустракаеце іх ні ў асабістым, ні ў бізнэсовым жыцьці. І няма толькі адных цудоўных людзей у палітыцы. Як я ўжо вам казаў, у працы міністра замежных справаў даводзіцца гаварыць з амаль усімі, каб шукаць магчымасьцяў для паразуменьня. Калі такі міністар у змозе прадухіліць пагаршэньне сытуацыі, калі ён у змозе запэўніць незалежнасьць краіне — гэта і ёсьць маральная палітыка.

Максімюк:
А цяпер пытаньне ці не пра самую галоўную тэму ўсясьветнай палітыкі апошніх дзён. Адміністрацыя прэзыдэнта Абамы прыняла рашэньне адмовіцца ад разьмяшчэньня ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны. Вы ў свой час на пасадзе кіраўніка чэскага МЗС зрабілі шмат, каб гэты праект быў рэалізаваны. Як вы ацэньваеце гэтае рашэньне прэзыдэнта ЗША? Ці згодны вы з ацэнкай некаторых, што ЗША гэтым рашэньнем “прадалі Ўсходнюю Эўропу Расеі“? На ваш погляд, ці паменшыла гэтае рашэньне бясьпеку Чэхіі – калі не ў ваенна-тэхнічным, то ў псыхалягічным пляне?

Шварцэнбэрг: Я не ўжываў бы тут такіх моцных словаў. Я думаю, такая ацэнка крыху перабольшаная. Я заўсёды спадзяваўся, што кожны амэрыканскі прэзыдэнт будзе весьці палітыку згодную зь інтарэсамі перш за ўсё амэрыканскага народу. Відавочна, і прэзыдэнт Абама, і яго адміністрацыя перакананыя, што робячы гэтую вельмі важную ўступку, яны заручаюцца падтрымкай Расеі ў сваёй палітыцы адносна Ірану. Гэта, як думаю, галоўная прычына такога рашэньня амэрыканскага прэзыдэнта і яго адміністрацыі. І нам трэба пагадзіцца з гэтым рашэньнем наконт амэрыканскага радару, які меўся быць разьмешчаны на чэскай зямлі. Чэхія, як і ЗША, належыць да паўночна-атлянтычнага альянсу, але не забывайма, што радар усё-ткі быў амэрыканскі. І толькі ад амэрыканцаў залежыць, дзе яго паставіць.

Мы надалей знаходзімся і ў НАТО, і ў Эўразьвязе, а таму я ня думаю, што нашай бясьпецы нешта сур’ёзнае пагражае. Безумоўна, з увагі на шмат прычынаў было б добра, каб і ў нашым рэгіёне была амэрыканская вайсковая прысутнасьць. Гэта, пакуль што, выключана. Пабачым, што будзе праз пяць ці дзесяць гадоў, як будуць разьвівацца падзеі. Я ўпэўнены, што ў выпадку нейкага сур’ёзнага крызысу Амэрыка будзе нашым надзейным саюзьнікам. Але, безумоўна, гэтае рашэньне стаўляе нас у крыху нязручнае становішча. Бо ўрад, які я меў гонар прадстаўляць як міністар замежных справаў, прыклаў шмат намаганьняў, каб ажыцьцявіць гэты праект.

Але я ня думаю, што амэрыканцы камусьці прадалі Ўсходнюю Эўропу. Рашэньне выразна паказвае, што амэрыканскія палітычныя прыярытэты цяпер знаходзяцца ў іншым месцы — на Блізкім Усходзе, у Іране і ў Пэрсыдзкай затоцы. Таму амэрыканская адміністрацыя хоча мець лепшыя адносіны з Расеяй, бо назьбіралася шмат праблемаў, якія гэтым краінам трэба вырашыць разам. Таму яны зрабілі гэты крок. Нам трэба зь ім пагадзіцца. Жыцьцё застаецца жыцьцём, а палітыка — палітыкай.

Максімюк: Калі можна, цяпер “непалітычнае” пытаньне. Як мы, так і нашы слухачы, наштодня не сутыкаемся зь міністрамі, якія носяць тытулы прынцаў ці маюць ва ўласнасьці нейкія разьлеглыя маёнткі або замкі і палацы. У вас, як у князя, такія маёнткі і палацы ёсьць? Ці Палац Шварцэнбэрга ў Празе належыць вам?

Шварцэнбэрг: Не, ня мне. Вялізны Палац Шварцэнбэрга ў Празе калісьці належаў майму роду. Яго, разам зь вялікімі зямельнымі маёнткамі, канфіскавалі немцы у пачатку 1940-х ад старэйшага адгалінаваньня роду. Адразу пасьля ІІ Сусьветнай вайны Чэхаславацкая рэспубліка, у якой камуністы мелі вялікі ўплыў, прыняла адмысловы закон, які быў нечым сапраўды выключным, бо ён быў скіраваны толькі супраць адной асобы. У гэтым законе гаварылася, што ўся ўласнасьць, якая належыць доктару Адольфу Шварцэнбэргу, майму дзядзьку, пераходзіць ва ўласнасьць дзяржавы. З таго часу мы і не распараджаемся гэтым палацам.

Мне ўдалося вярнуць некаторую маёмасьць майго бацькі з адным вельмі прыгожым замкам. Але я перадаў яе майму сыну.

Лукашук: Яшчэ адно пытаньне, зьвязанае зь Беларусьсю. Я ня ведаю, ці гэта адбылося тады, калі вы былі міністрам замежных справаў, ці ўжо пазьней, але статус чэскай амбасады ў Менску быў падвышаны. Цяпер у нас не charge d'affaires, а амбасадар. Чаму такое рашэньне было прынятае? Як вы да яго ставіцеся?

Шварцэнбэрг: Я думаю, калі памяць мяне не падманвае, што гэтае рашэньне прынялі, калі я ўжо пакінуў пасаду міністра. Мы імкнёмся мець нармальныя дыпляматычныя адносіны з усімі краінамі, тым больш з такімі, якія мы хочам бачыць ва Ўсходнім партнэрстве. Калі па абодвух баках маем амбасадараў, гэта заўсёды лепш дапамагае наладжваць двухбаковыя адносіны.

Максімюк: Дапусьцім, што гэтай восеньню Беларусь прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Што гэта, па-вашаму, будзе азначаць для праекту Ўсходняга партнэрства?

Шварцэнбэрг: Я ўжо не адказваю за замежную палітыку Чэскай рэспублікі. І я не знаходжуся ў наўпроставым кантакце з маімі калегамі, таму я ня ведаю, што яны думаюць пра такі паварот падзеяў. Я скажу так: такі крок без сумневу пагоршыць сытуацыю Беларусі. Беларусь тады паставіць сябе нароўні з такімі краінамі, як Нікарагуа і Вэнэсуэла, а гэта наўрад ці паправіць яе пазыцыю ў Эўропе. Якая будзе фармальная рэакцыя Эўропы на такое прызнаньне — я ня ведаю. З гэтым пытаньнем зьвяртайцеся да майго наступніка ў Празе ці, напрыклад, да міністра замежных справаў Вугоршчыны.

Лукашук: Цяпер пытаньне, якое мы заўсёды задаём падчас нашых перадачаў. Ваш прагноз. На вашу думку — думку чалавека, які пражыў жыцьцё, будучы як на яго самым дне, так і на яго самай вяршыні — ці цяперашнія пакаленьні беларусаў, якім ад 18 да, скажам, 50 гадоў, маюць шанец жыць у дэмакратычнай, эўрапейскай Беларусі?

Шварцэнбэрг: Як правіла, такія рэжымы паміраюць адразу пасьля таго, як сыходзіць чалавек, які трымаў усю ўладу ў сваіх руках. Але пакуль у яго застаецца запас хітрасьці і энэргіі, і пакуль ён у змозе запэўніць нейкі прымальны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту сваім падданым, вельмі цяжка пазбавіць яго ўлады.

Напрыклад, калі памёр дыктатар Франка, Гішпанія не была ў такой галечы, як перад грамадзянскай вайною ці ў 1940-х. Я памятаю Гішпанію з часу, калі адышоў Франка, я там быў у той час. У краіне была процьма малалітражных аўтамашын, людзі мелі працу, эканоміка якраз пачала перажываць росквіт, а фундамэнты гэтага росквіту і матэрыяльнага дабрабыту былі закладзеныя якраз Франкам. Людзі адчувалі, што сытуацыя папраўлялася і пры ўладзе Франка, а гэта значыла, што яго можна было цярпець. Калі падобныя рэчы будуць адбывацца ў Беларусі, калі эканамічная і асабістая сытуацыя людзей у Беларусі будзе спакваля паляпшацца, а Лукашэнка надалей будзе трымаць уладу моцна ў сваіх руках, дык я сумняваюся, ці дэмакратыя ў краіне ўсталюецца, так бы мовіць, раней часу. Але, магчыма, Лукашэнка нейкага дня дойдзе да перакананьня, што лепей будзе падрыхтаваць Беларусь да дэмакратыі. Так як у Гішпаніі Франка падрыхтаваў перадачу ўлады каралю, ведаючы, што той неадкладна ўвядзе дэмакратыю.

Эўропа без новых амэрыканскіх радараў: здрада прынцыпам, перамога Расеі ці разумны і своечасовы крок адміністрацыі Абамы

Свабода на Белсаце. 26.ІХ.2009 Ч.2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:43 0:00


Лукашук: У студыі новыя суразмоўцы – аналітыкі: супрацоўнік цэнтральнай службы навінаў Грэгары Файфэр і Юры Дракахруст.
Са спадаром Шварцэнбэргам мы ўжо пачалі абмяркоўваць рашэньне амэрыканскай адміністрацыі адмовіцца ад разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны. Гэты праект быў адным са зьнешнепалітычных прыярытэтаў папярэдняй адміністрацыі Джорджа Буша, ён выклікаў надзвычай рэзкую, хваравітую рэакцыю Расеі, якая абвяшчала гэты праект пагрозай сваёй нацыянальнай бясьпецы.

Грэгары, на ваш погляд, у якой ступені прэзыдэнт Абама, прымаючы рашэньне не разьмяшчаць радар і супрацьракеты ў Чэхіі і Польшчы, ўлічваў пазыцыю Расеі? Ці галоўнай прычынай была проста іншая ацэнка пагрозы, ваенна-тэхнічныя меркаваньні, а зусім не жаданьне зрабіць прыемнае Маскве?

Файфэр: Я мяркую. што гэта лягічнае рашэньне. Справа ў тым, што сыстэма супрацьракетнай абароны, якую адстойвала адміністрацыя Буша, не змагла б дасягнуць тых мэтаў, дзеля якіх яна стваралася. Ніхто не даказаў, што яна працаваў. Але на яе траціліся дзесяткі мільярдаў даляраў. У разгар ўсясьветнага фінансавага крызысу гэта проста немагчыма рабіць. Так што ў прынцыпе гэта рашэньне, прынятае на падставе амэрыканскіх унутраных чыньнікаў, як абарончых, гэтак і эканамічных. Апроч гэтага, гэтае рашэньне сапраўды можа паспрыяць паляпшэньню адносінаў з Расеяй. Але гэта ўжо другая прычына і зусім не галоўная.

Лукашук: Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў мінулую суботу на “Дажанках”, выказаў сваё стаўленьне да рашэньня амэрыканскай адміністрацыі.

"Добра, што прэзыдэнт зрабіў гэты крок. Па сутнасьці ж Абама ў гэтай сытуацыі адступіў — і заўважце, яго рэйтынг у ЗША пакаціўся ўніз, але ён усё-такі пайшоў на гэта. Гэта мужны крок, і калі ЗША глупстваў не наробяць, то гэта будзе вельмі добра".

Разам з тым беларускі кіраўнік выказаў і пэўную долю скепсісу.

"Ня трэба сьпяшацца воплескамі гэта сустракаць. Давайце паглядзім, як далей будуць дзейнічаць ЗША і іх саюзьнікі па Паўночна-атлянтычным альянсе. Пазыцыя ЗША заключаецца ў тым, што яны ня будуць разьмяшчаць элемэнты СРА, але гатовы ўстанавіць новыя, сучасныя сродкі марскога базаваньня ў Паўночнай і Паўднёвай Эўропе".

Юры, а чаму такі скепсіс? Чым можна патлумачыць менавіта такія ацэнкі беларускага прэзыдэнта?

Дракахруст:
Ну, на першы погляд, Лукашэнка выступіў такім антыамэрыканскім “звыш’ястрабам”, маўляў, ня трэба губляць пільнасьць, амэрыканскі імпэрыялізм яшчэ шчэрыць свае акрываўленыя іклы. Такі пас расейскім ваенным. Але мне здаецца, што пад гэтай маскай – халодны палітычны разьлік, падлік плюсаў і мінусаў гэтага рашэньня і яго наступстваў для яго асабіста. А тут існуе агульнае правіла: чым горш стасункі паміж Захадам і Расеяй, тым болей палітычных магчымасьцяў мае кіраўнік Беларусі. А тут узьнікае пэрспэктыва іх паляпшэньня. Практычна гэта можа азначаць, што Беларусь не атрымае з Расеі “Іскандэры” па нізкіх цэнах, што для яе было б зусім ня лішнім. Псыхалягічна неяк зьніжаецца патрэба ў знакамітых беларусах, гатовых на загад Лукашэнкі кідацца пад натаўскія танкі, якія ірвуцца на Маскву. А значыць, за ўсякія расейскія даброты і прэфэрэнцыі давядзецца больш плаціць не віртуальнай гатоўнасьцю кідацца пад віртуальныя танкі, а рэчамі больш рэальнымі. Гэтым, на мой погляд, і тлумачыцца такая кіслая рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашук: Пару тыдняў таму вялікая група былых кіраўнікоў усходнеэўрапейскіх краінаў зьвярнулася да прэзыдэнта ЗША з адкрытым лістом, у якім аўтары нагадалі яму пра важнасьць свайго рэгіёну і заклікалі не адмаўляцца ад сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе. Цяперашняе рашэньне стала адказам на гэты зварот. Як рашэньне адміністрацыі ЗША паўплывае на стасункі Вашынгтону з краінамі Ўсходняй Эўропы?

Файфэр: Я ня думаю, што гэтае рашэньне па сыстэме СРА будзе рэальна ўплываць на стасункі ЗША з Усходняй Эўропай і Расеяй. Гэта была сымбалічная сыстэма. Яна насамрэч не абараняла...

Лукашук: У палітыцы сымбалі маюць значэньне. Мірэк Тапаланэк, былы прэм’ер-міністар Чэхіі, назваў рашэньне прэзыдэнта Абамы здрадай.

Файфэр: Гэты радар у Чэхіі і 10 супрацьракет у Польшчы павінны былі быць знакам сувязі паміж ЗША і Ўсходняй Эўропай. Гэта ня можа абараніць ад Расеі. Гэта ня можа абараніць нават ад іранскіх ракет. Іншая справа, што лідэры Польшчы і Чэхіі ўклалі даволі вялікі палітычны капітал у гэты праект, у тое, што яны пагадзіліся на гэтую сыстэму. Доўга ішлі перамовы, гандаль і вось раптам усё скасоўваецца. Новая сыстэма супрацьракетная абароны, якую зьбіраецца стварыць адміністрацыя прэзыдэнта Абамы, будзе больш эфэктыўнай і дасканалай, яна будзе базавацца на больш сучаснай тэхналёгіі. Так што бясьпека пры гэтай новай сыстэме павялічыцца. Ліст прэзыдэнту Абаму Вацлава Гаўла і іншых былых лідэраў краін Усходняй Эўропы быў праяваў занепакоенасьці, што Амэрыка пакіне Ўсходнюю Эўропу. Але гэта ўсё больш на ўзроўні сымболікі. Адміністрацыя Абамы недвухсэнсоўна заяўляла, што добрыя адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой будуць спрыяць бясьпецы Ўсходняй Эўропы.

Дракахруст: Ведаеце, стаўленьне ўсходніх эўрапейцаў да праекту супрацьракетнай абароны сапраўды было абумоўлена ў большай ступені псыхалягічнымі, чым чыста ваеннымі чыньнікамі. Але сымбалі маюць значэньне і псыхалёгія – важны, калі не вырашальны элемэнт бясьпекі.

На мой погляд, ва ўяўленьні чэхаў ці палякаў пагроза іранскага ядзернага ўдару прыблізна такая ж, як пагроза нашэсьця марсіянаў. Я не кажу, што яна такая і ёсьць насамрэч, я пра тое, што яна не ўспрымаецца, як актуальная пагроза. Усходнеэўрапецы не хавалі, што для іх гэтая сыстэма – гэта ў пэўным сэнсе абарона ад Расеі. Пры гэтым у чыста ваенным сэнсе менавіта расейскую пагрозу гэтая сыстэма не зьніжала ні ў якой ступені. Але псыхалягічна прысутнасьць амэрыканскіх войскаў, амэрыканскіх ваенных аб’ектаў стварае ў краін Усходняй Эўропы большае адчуваньне бясьпекі. Гэта мае і пэўнае ваеннае значэньне. Зразумела, існуюць узаемныя абавязкі ў межах НАТО, але адна справа – гэта, скажам, расейскі ваенны ўдар па чэскіх ці польскіх аб’ектах ці войсках, і крыху іншая – па амэрыканскіх у Чэхіі ці Польшчы. Зразумела, імавернасьць эўрапейскай вайны мізэрная, але палітыка бясьпекі павінна ўлічваць і малаімаверныя сцэнары.

Эўрапейцаў, магчыма, больш пакрыўдзіў стыль прыняцьця рашэньня – кіраўнікам Чэхіі і Польшчы было паведамлена аб ім па тэлефоне, і занепакоіў сымбалічны бок рашэньня. Ці была б нейкая ваенна-стратэгічная карысьць ад гэтага антыракетнага шчыта – пытаньне складанае, але рэалізацыя гэтага праекта сьведчыла пра ангажаванасьць Амэрыкі ў справы рэгіёну. Ну а адмова ад яго – пра меншую ангажаванасьць як мінімум.

Лукашук: Пакуль Масква выказвае стрыманае задавальненьне адмовай Вашынгтона ад праекту, якому Масква доўга і жорстка супрацьдзейнічала.

Мядзьведзеў: “Тое, што такі сыгнал прагучаў, гэта вельмі добра. Гэта паказвае, што нашы амэрыканскія партнэры, як мінімум, гатовыя слухаць аргумэнты і расейскага боку”.

У сваю чаргу прэм’ер Пуцін адкрыта патрабаваў новых крокаў насустрач Расеі.

Пуцін: “Я вельмі разьлічваю, што за гэтым правільным і сьмелым рашэньнем будуць і наступныя”.

І далей Пуцін агучыў сьпіс гэтых пажаданых крокаў: поўнае скасаваньне абмежаваньняў на супрацоўніцтва з Расеяй і на перадачу Расеі высокіх тэхналёгіяў, а таксама прыём ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Расеі, Беларусі і Казахстана.

Ваш прагноз якую выснову зробіць Расея? Яна пойдзе насустрач Злучаным Штатам у нейкіх іншых пытаньнях, напрыклад, у пытаньні супрацьдзеяньня іранскім ядзерным амбіцыям? Ці наадварот, палічыць рашэньне прэзыдэнта Абамы прыкметай слабасьці і зойме больш жорсткую пазыцыю, у прыватнасьці, адносна краінаў суседзяў?

Дракахруст: З рыторыкі расейскіх кіраўнікоў наагул цяжка рабіць далёкасяжныя высновы. Яны – закладнікі расейскіх комплексаў, якія самі ж і ўзмацняюць. Хутчэй за ўсё будзе мець месца камбінацыя гэтых матываў. Калі Масква проста праглыне гэтую саступку, ці тое, што выглядае як саступка ёй, і будзе нарошчваць палітычны ціск па ўсім полі, то на гэты саступкі могуць і скончыцца. Ня варта забываць, што праект супрацьракетнай абароны ў Эўропе ня быў праектам Барака Абамы – ён не саступіў нічога, што раней адстойваў. І калі Расея ўспрыме яго рашэньне як капітуляцыю Амэрыкі, ёй давядзецца адчуць глыбокае расчараваньне. Справа ў тым, што зараз рашэньне Абамы сутыкаецца з вельмі жорсткай крытыкай і ў ЗША, і ў іншых краінах Захаду, прынамсі, ва Ўсходняй Эўропе. І зараз, каб абвергнуць гэтыя абвінавачваньні, каб не выглядаць слабаком, ён будзе надзвычай рэзка рэагаваць на спробы Масквы перайсьці “чырвоную лінію”. “Перазагрузка” можа атрымацца такой, што мала не падасца.

Файфэр:
Вельмі цяжка прагназаваць рэакцыю Расеі. Калі ва Ўсходняй Эўропе пытаньне сыстэмы СРА – гэта адно сымболіка, то ў Расеі гэта адно прапаганда. Расея заўсёды ведала, што сыстэма СРА ў Эўропе не прадстаўляе ніякай пагрозы для Расеі. Але Масква абрала СРА як адзін з пунктаў, па якім можна апаніраваць Вашынгтону. Прэзыдэнт Мядзьведзеў выказаў радасьць з тае прычыны, што Амэрыка пайшла на выкананьне двухбаковых дамоўленасьцяў. З другога боку Пуцін і шэраг расейскіх генэралаў далі зразумець, што гэта не апошняя кропка, што магчыма новая сыстэма СРА будзе яшчэ большай пагрозай бясьпецы Расеі, чым ранейшы праект. Я мяркую, што самі расейцы пакуль думаюць, як ім рэагаваць на рашэньне Вашынгтону.

Падзеі тыдня вачыма вядучых Свабоды

Свабода на Белсаце. 26.ІХ.2009 Ч.3
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:39 0:00


Лукашук: Якія яшчэ навіны, тэмы, асобы і праблемы мінулага тыдня падаліся найбольш важнымі журналістам Свабоды? Сёньня свае меркаваньні прадставяць Ганна Соўсь і Сяргей Абламейка. Сяргей, на якія падзеі вы зьвярнулі вашую ўвагу?

Абламейка: На гэтым тыдні я б назваў тры падзеі:

1. Выстаўленьне ў праектным інстытуце “Мінскграда” праекту генпляну разьвіцьця Менску да 2030 году.
2. Пачатак візыту ў Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
3. Гісторыя вакол паведамленьня Нацыянальнага кадастравага агенцтва аб транскрыпцыі назваў беларускіх населеных пунктаў.

Лукашук: Ганна, а якія падзеі прыцягнулі вашую ўвагу?

Соўсь: Я б адзначыла дзьве тэмы – рэзалюцыя польскага Сойму, у якой ўпершыню ўжываецца слова генацыд у ацэнцы ўварваньня Чырвонай арміі семдзесят гадоў таму ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну, а таксама сытуацыя зь беларускімі футбольнымі заўзятарамі, частка зь якіх не атрымала брытанскіх візаў, каб паехаць на матч паміж зборнымі Англіі і Беларусі, які адбудзецца 14 кастрычніка ў Лёндане.

Лукашук:
Сяргей, што прадугледжвае новы генплян беларускай сталіцы?

Абламейка:
21 верасьня ў праектным інстытуце “Мінскграда” выстаўлены праект генпляну разьвіцьця сталіцы да 2030 году. Архітэктары заявілі, жыхары могуць рабіць прапановы, якія будуць улічаныя. Калі характарызаваць сам генплян, дык кідаецца ў вочы два яго палажэньні. Па-першае, аўтары як бы зусім не заўважаюць, што Менск – гістарычны, тысячагадовы горад. Як сказаў у нашым эфіры Сяргей Харэўскі, аўтары цалкам прайшлі міма пытаньняў культуры – не азначылі, напрыклад, межаў гістарычнага цэнтру і яго ахоўных зонаў. Культура іх не цікавіць. І другі аспэкт. Аўтары генпляну прадугледзелі знос усёй (я падкрэсьліваю, усёй!) прыватнай забудовы ў Менску. А ў гэтым схаваны вялікі патэнцыял сацыяльнага пратэсту. Вядома, цяпер у прыватным сэктар шмат хто жыве ў дамах, якія ледзьве ліпеюць, – такія людзі мараць пра добрую кватэру ў панэльным доме. Але тысячы і тысячы людзей разбудаваліся, пабудавалі на сваіх участках вялікія сучасныя мураваныя дамы, і ім ісьці ў невялікія кватэры ў панэльных дамах зусім ня хочацца. Пра гэта якраз і гаварылі мы ў сваім эфіры. Адзін з такіх жыхароў Менску Дзяніс Васкабовіч. Сям’я Васкабовіча ня хоча браць кватэру ў панэльным доме і настойвае на выдзяленьні іншага ўчастка пад забудову і кампэнсацыі за будаўніцтва на ім новага дому. Гаспадар судзіцца з гарадзкімі ўладамі, бо тыя не выконваюць ўласную пастанову №1622, якая прадугледжвае выдзяленьне ўчасткаў на замену тых, дзе зносяць дамы.

Лукашук: Ганна, ў чым зьмест рэзалюцыі польскага сойму і якое яе значэньне?

Соўсь:
На гэтым тыдні польскі сойм прыняў рэзалюцыю з асуджэньнем уварваньня Чырвонай Арміі 17 верасьня 1939 году ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну, якія паміж дзьвюма ўсясьветнымі войнамі ўваходзілі ў склад польскай дзяржавы. Прысьвечаныя гэтым падзеям рэзалюцыі польскі сойм прымае ня першы год, але ўпершыню ў ёй ужытае слова “генацыд” адносна дзеяньняў СССР супраць Польшчы. У заключнай частцы дакумэнту сойм заклікае расейскі бок да сумесных салідарных дзеяньняў па абнародаваньні і асуджэньні злачынстваў часоў сталінізму. Рэакцыя расейскага боку была даволі прадказальнай – МЗС Расеі заявіў, што Польшча “палітызуе” падзеі 1939 году. “Ухваленая Сэймам Польшчы рэзалюцыя наносіць сур’ёзны ўрон намаганьням па разьвіцьці нармальных добрасуседзкіх адносін паміж нашымі краінамі”, – заявілі ў МЗС Расеі. На гэтым тыдні ў перадачы “Начная свабода – вынікі дня”, і госьцем быў польскі палітоляг Войцэх Бародзіч-Смаліньскі, і вось ён сказаў цікавую рэч, што такія рэзалюцыі ў дачыненьні да Расеі маглі бы прымаць многія краіны, і Беларусь у тым ліку. Але рэакцыі Расеі наўрад ці станоўчая, раней Расея найперш павінна прызнаць, што самы вялікі генацыд найперш яна зрабіла над сваімі людзьмі, над савецкімі грамадзянамі. Войцэх Бародзіч-Смалінські адзначыў, што гэтая рэзалюцыя прымалася па вялікім рахунку не дзеля рэакцыі Расеі, а для саміх палякаў. Дадам, што рэзалюцыю з сэйме прынялі без галасаваньня і дэбатаў пасьля кансультацый з усімі фракцыямі парлямэнту. У часе прыняцьця ў будынку сэйму знаходзіліся сем’і палякаў, расстраляных у Катыні ў 1940 годзе.

Лукашук: Сяргей, а якое значэньне, на ваш погляд, мае візыт патрыярха Кірыла ў Беларусь?

Абламейка: Патрыярх Кірыл прабудзе ў Беларусі чатыры дні. Наведае Менск, Віцебск і Полацак. Гэта другі замежны візыт патрыярха Кірыла. Першы быў летам ва Ўкраіну. Маскоўскі аналітык Кірыл Фралоў днямі заявіў, што місія Кірыла ў Беларусі – палітычная, што ён пакліканы актываваць беларуска-расейскі палітычны дыялёг і нават мае гістарычную місію ўратаваць саюз Беларусі і Расеі. Так што будзе вельмі цікава паназіраць за паводзінамі патрыярха ў Беларусі. Ясна, што яго чакае больш прыязны прыём, чым ва Ўкраіне. Там да яго прыезду апублікавалі непрыгожыя дакумэнты аб супрацоўніцтве Рускай Праваслаўнай царквы з НКВД у справе ліквідацыі Уніяцкай царквы, а таксама сфатаграфавалі на руцэ патрыярха гадзіньнік за 45 тысяч даляраў якраз у той момант, калі ён заклікаў паству адмовіцца ад заходняга спажывецтва і матэрыялізму. Нічога такога ў Беларусі напэўна не адбудзецца. Важна таксама, колькі людзей прыйдзе прывітаць патрыярха. Аляксія ІІ звычайна сустракала вельмі мала, 2-3 тысячы чалавек. Таму, відаць, асноўныя сустрэчы Кірыла і адбудуцца ў Менску, у Палацы Рэспублікі і ў адкрытым амфітэатры ў Віцебску, дзе колькасьць удзельнікаў абмежаваная.

Лукашук: Ганна, а што за сытуацыя склалася з паездкай беларускіх заўзятараў у Вялікабрытанію?

Соўсь: Брытанскае консульства адмовіла частцы беларускіх заўзятараў у візах, каб паехаць на футбольны матч 14 кастрычніка ў Лёндане паміж зборнымі Англіі і Беларусі. Прычынай была даволі стандартная для адмовы ў візе беларускім грамадзянам – нізкі заробак і малады ўзрост. Абурэньне беларускіх заўзятараў выклікала тое, што летась ўсім брытанскім заўзятарам далі бясплатныя візы ў Беларусь і паставілі іх проста ў аэрапорце. Дарэчы, на сюжэт на нашым сайце пра гэта адразу зрэагавала амбасада Вялікай Брытаніі, якая патлумачыла, што адмову ў візе атрымалі 14 чалавек са 150, і ўсім ім былі дакладна патлумачаныя прычыны адмовы, і што ўсё адбывалася ў адпаведнасьці з консульскімі правіламі. Дадам, што папярэдні амбасадар Найджэл Гулд Дэйвіс публічна абяцаў спрыяньне ў атрыманьні візаў. Дарэчы, заўзятары наракаюць больш нават не на амбасаду, а на саму беларускую асацыяцыю футболу, якая папярэдне не зьвярнулася ў брытанскую амбасаду з просьбай ў больш прыхільным стаўленьні, як гэта зрабіла год таму Брытанская футбольная асацыяцыя, зьвярнуўшыся ў беларускую амбасаду. Дарэчы, на момант, калі мы запісваем гэтую перадачу, невядома, ці атрымаў візу сам кіраўнік беларускай асацыяцыі футболу Генадзь Нявыглас. Нагадаю, што ён былы кіраўнік службы бясьпекі, былы кіраўнік Рады бясьпекі, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, які быў ў сьпісах невыязных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Гэтая інфармацыя была ў ліку найбольш чытаных і камэнтаваных на нашым сайце. Прачытаю адзін з камэнтароў:

“Калі ў Беларусі такія малыя заробкі, дык ім ужо сядзець дома, сьвету ня бачыць? Такое пагардлівае стаўленьне да іншых народаў, спадары брытанцы, наўрад ці стасуецца з паняцьцем гуманізму і роўнасьці людзей у сучасным сьвеце. Зрэшты пагарда да бяднейшых і прадстаўнікоў іншых культураў не прынясе дабра багатым і самазадаволеным”.

Лукашук: Сяргей, якая ж сытуацыя зь перакладам назваў беларускіх гарадоў у вёсак на лацінку? Зь беларускай ці з расейскай перакладаць будуць?

Абламейка: На гэтым тыдні набыткам галоснасьці стала дакладная запіска Нацыянальнага кадастравага агенцтва ў Дзяржаўны камітэт па маёмасьці адносна транскрыпцыі геаграфічных назваў у лацінкавым напісаньні зь беларускай і расейскай моваў. ТБМ і беларускі друк адразу выказалі засьцярогі,што гэта новы крок уладаў у русыфікацыі. Аднак якраз наш карэспандэнт зьвярнуўся ў само Кадастравае агенцтва і высьветліў, што ўсё дакладна наадварот. Агенцтва прапануе рабіць трансьлітарацыю на лацінку — толькі зь беларускага варыянту назвы. Адзінае, што агенцтва выказала сумнеў адносна таго, ці варта расейскія назвы, якія ўжо ўсталяваліся, перакладаць на беларускую мову. Гаворка тут вядзецца пра такія назвы, як, напрыклад, Краснае. Так што, у спалучэньні з пачаткам кампаніі “Маладога фронту” за роўны статус беларускай і расейскай моваў – гэта вельмі прыемная навіна, якую нельга не адзначыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG