Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восеньскі графік большасьці прамысловых прадпрыемстваў Менска не адрозьніваецца ад летняга. Нягледзячы на абяцаньні заводзкіх адміністрацыяў запусьціць зь верасьня канвэеры на поўную магутнасьць і вярнуць людзей на паўнавартасны працоўны тыдзень, сытуацыя мала зьмянілася.


Паводле працаўнікоў менскага завода “Атлант”, нягледзячы на намаганьні кіраўніцтва прадпрыемства разгрузіць перапоўненыя склады, найменей 100 тысяч гатовых лядоўняў яшчэ не прададзеныя:

“Працуем ня ўсе дні, але ў нас свая спэцыфіка. На канвэеры задзейнічана пяць плыняў, кожная брыгада па чарзе не працуе ў другую зьмену. Адзін тыдзень, калі мы працуем, першая брыгада адпачывае, на другі тыдзень адпачывае наступная і г.д. Прыкладам, у маёй брыгадзе атрымліваецца так: два месяцы выходзім у другую зьмену, і з гэтых двух месяцаў адзін тыдзень непрацоўны, тады ідзём на 2/3. А гэта ўвогуле сьмешны заробак – 70 тысяч рублёў за тыдзень. 13-ы заробак ня плацяць, хоць па калектыўнай дамове мусілі заплаціць па выніках мінулага году, калі яшчэ не было крызісу і мы адпрацавалі як мае быць. Павіны былі заплаціць прэміяльныя, але не заплацілі дагэтуль. Хоць па дамове былі абавязаныя. То бок, адбываецца парушэньне калектыўнай дамовы. Увогуле цяпер заробак дзесьці каля мільёна рублёў. Калі летась у эквіваленце было каля 500 даляраў, то цяпер толькі 300”.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў Менскі падшыпнікавы завод і даручыў правесьці тут поўную мадэрнізацыю: гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасьці ўтрая. Аднак вядучы тэхнічны спэцыяліст заводу Андрэй Гардзейка кажа, што і пры цяперашнім аб’ёме збываць прадукцыю няма куды. Праз гэта працаўнікі ў залежнасьці ад спэцыялізацыі запатрабаваныя 3-4 разы на тыдзень:

“Зараз спэцыфіка працы ў тым, што мы намагаемся прадаваць прадукт, які прыносіць рэальны прыбытак прадпрыемству. У асноўным гэта ролікавыя сфэрычныя падшыпнікі, і ёсьць яшчэ група ігольчатых падшыпнікаў. Раней, яшчэ ў 1990-х гадох, па праграме імпартазамяшчэньня мы асвоілі вельмі шырокую намэнклятуру падшыпнікаў для нашых канвэерных заводаў. На некаторыя зь іх пастаўляем прадукцыю дагэтуль, але частку асартымэнту з-за іх нізкай рэнтабэльнасьці былі вымушаныя зьняць з пляну вытворчасьці. У тым ліку шарыкавую групу, на якую колісь рабілася стаўка. Многія падшыпнікі яшчэ выпускаем, але гэта не параўнаць з тым, што было, напрыклад, 5-6 гадоў таму. То бок, зроблены акцэнт на эканоміку, на станоўчую дынаміку, у прынцыпе, на рэальнае паступленьне грашовых сродкаў, на прыбытак”.
Пэрспэктывы сумныя. Бо аднымі роварамі, матацыкламі цяпер ужо не пражывеш


У падвешаным стане і такія прамысловыя гіганты як МАЗ і МТЗ - згортваньне паставак у Расею наўпрост паўплывала на дабрабыт шматтысячных калектываў. На раздарожжы і менскае “Мотавела”: беларускія ровары і матацыклы не адпавядаюць міжнародным стандартам, а таму - не запатрабаваныя на зьнешніх рынках. Гаворыць выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Казімір Мароз:

“Пэрспэктывы сумныя. Бо аднымі роварамі, матацыкламі цяпер ужо не пражывеш. Ды іх ужо столькі і не патрэбна, як раней, калі было саюзнае разьмеркаваньне. Зараз такога няма. Колькі рынак патрабуе, столькі і зробіш. А зробіш больш, дык будзе на складзе ляжаць. Забясьпечыць занятасьць людзей той колькасьцю ровараў і матацыклаў, што прадаюцца цяпер, проста не хапае сродкаў, абароткі няма. Таму вырабляем, але няшмат: ад пачатку году матацыклаў можа 500 зрабілі, а ровараў – дзесьці пад 100 тысяч”.

Спадар Мароз дадае, што цяпер адбываецца поўная рэарганізацыя вытворчасьці: у аўтаномнае плаваньне выпраўляецца бальшыня цэхаў “Мотавела”, якія будуць самі зарабляць сабе грошы:

“Зараз адбываецца рэарганізацыя, ствараюцца закрытыя акцыянэрныя таварыствы на базе цэхаў. Статутны фонд “Мотавела”, але яны фунуцыянуюць як самастойныя юрыдычныя асобы. Быў, дапусьцім, цэх па профілю – ліцейны, тэрмічны – дык гэтыя профілі скасоўваюцца, каб дабавіць магутнасьці. Гэтыя асобныя вытворчасьці будуць шукаць замовы па сваім профілі. Ліцейнае – значыць, нешта па ліцейцы будуць шукаць. Тэрмічная вытворчасьць па тэрмічцы будзе нейкія замовы браць, тэрмаапрацоўку рабіць. Цэх пакрыцьця і афарбоўкі будзе шукаць замовы ў староньніх арганізацыях на афарбоўку якіхсьці дэталяў і гальванапакрыцьцё. Прэсавая вытворчасьць – штампоўка, пакоўка – таксама можна выдзеліць у асобнае прадпрыемства. То бок, у такім накірунку ўсё разьвіваецца”.
XS
SM
MD
LG