Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Дынько пра дысыдэнтаў і свабоднае мастацтва


Грамадзкая рэдактарка тыдня – Аляксандра Дынько. Яна – дырэктарка незалежнага выдавецтва “Логвінаў”. Магістар сацыялёгіі. Займаецца навуковай дзейнасьцю: дасьледуе жаночы дысыдэнцкі рух. Аляксандра – адна з ініцыятараў і стваральнікаў Цэнтру сучаснага мастацтва, які адкрыецца ў Менску на пачатку кастрычніка.


ГІСТАРЫЧНЫ МОМАНТ НАТУРАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАСЬЦІ


– …Я нарадзілася ў Берасьці, у досыць простай, як кажуць, сям’і: тата інжынэр, мама займаецца хатняй гаспадаркай.. У мяне ёсьць яшчэ сястра – яна цяпер вучыцца на архітэктара. Гэта самыя блізкія для мяне людзі.

– Аднак шлях у літаратуру пралёг празь Менск?

– Так: скончыла расейскае аддзяленьне філфаку БДУ, пасьля – асьпірантуру на катэдры ўжо замежнай літаратуры.

– І ўсё ж верх узяла беларускасьць – як?

Свабоду рабіць усё, што хочацца, краіна бачыла, адчувала аж да 1994 году.
– Не сакрэт: у Берасьці яе не зашмат, таму з мовай я сутыкалася толькі на школьных уроках, зразумела якіх. У выніку выбар спэцыялізацыі на філфаку стаўся вельмі лягічным. Аднак яшчэ на першым курсе зразумела памылку: можна і варта было зрабіць па-іншаму. Бо тут, у сталіцы, для мяне нечакана напоўніцу адкрылася і беларуская культура, і беларуская літаратура, і беларуская мова…

– Лягічна то лягічна, ды не зусім: большасьць берасьцейцаў, гарадзенцаў, іншых месьцічаў у Менску наадварот губляюць тую самую беларускасьць…

– Не забывайцеся: усё ж гэта быў 1992-і – самы росквіт адраджэньня, першыя, проста фантастычныя гады незалежнасьці… Цяпер мы пачалі забывацца на тое, што мелі тады цалкам неверагодную ступень свабоды! Свабоду рабіць усё, што хочацца, краіна бачыла, адчувала аж да 1994 году. На мне, на маім пакаленьні не ляжаў тады адбітак савецкага мінулага – для нас ужо нічога ня значылі нейкія камуністычныя ідэалы. Тыя першыя два гады ў сталіцы і далі велічэзны рэсурс свабоды, зь якога зь сябрамі-аднагодкамі чэрпаем дагэтуль.

– То бок вяртаньне ў Беларусь пры пэўных акалічнасьцях магчымае нават у самым што ні ёсьць расейскамоўным асяродку – маю на ўвазе філфак, вашу спэцыялізацыю. Каго ў гэтым пляне вы можаце назваць сваім настаўнікам?

– Ірыну Вікенцеўну Шаблоўскую – загадчыцу катэдры замежнай літаратуры. Багемістка, яна стала для мяне ўзорам чалавека, для якога Беларусь была сьветам і сьвет быў Беларусьсю… Для якой літаратура была ня толькі нацыянальнай, а – сусьветнай. Пад яе ўплывам пачала займацца замежжам, і хоць вучылася на расейскім аддзяленьні, аднак пісала дыплём і далей працавала над дысэртацыяй па-беларуску. Вось гэты гістарычны момант натуральнай беларускасьці, які пасьля ўжо згубіўся, для мяне надзвычай важны нават сёньня.

– Але ж і Вільня на вас адклала свой адбітак…

– Сапраўды… Сёлета, у прыватнасьці, я атрымала ступень магістра сацыялёгіі ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Са зьбегу жыцьцёвых абставінаў вучыцца было цяжка, таму вельмі рада, што мне ўсё ж удалося выцягнуць той воз. Паверыце, ну проста ганаруся сабой: я гэта зрабіла!


ФІЛЯЗОФІЯ ДЫСЭНДУ АГУЛЬНАЯ ДЛЯ ЎСІХ



– Якой навуковай тэмай цяпер займаецеся?


– Жаночы дысыдэнцкі рух, філязофія дысэнду як такая.

– Вы перакананыя ў сёньняшняй актуальнасьці праблемы?

Філязофія дысэнду агульная для ўсіх, і найперш гэта адмаўленьне ад удзелу ў палітычным жыцьці – такі вось модус антыпалітыкі, якога прытрымліваюцца ўсе дысыдэнты. Таму ў нас няма вялікіх адрозьненьняў. Беларуская дысыдэнцкая супольнасьць сфармаваная гэтаксама, як і польская падчас “Салідарнасьці”, як і ў чэскіх дысыдэнцкіх колах 1960-70…
– Мне здаецца, каб шырэй зьвярнулі ўвагу на тое, як жанчыны ўдзельнічаюць у пратэставым руху, гэта дапамагло б нам усім больш грунтоўна зразумець, што ён такое і куды зь ім ісьці, куды яго накіроўваць.

– Як сацыёляг можаце паказаць беларускае жаночае дысыдэнцтва празь нейкія лічбы?

– Вось зь імі якраз напруга… Напрыклад, людзі, якія займаюцца рэабілітацыяй дзяцей-інвалідаў і вымушаныя таму змагацца адначасова і зь дзяржавай, і зь нейкімі сацыяльнымі стэрэатыпамі: іх можна аднесьці да пратэставага руху, да апазыцыі ці не? Розныя пачуеш меркаваньні.

– Ну а для вас самой тут пытаньня няма?

– Для мяне – так, няма. Разумееце, ёсьць жыцьцёвы дысэнд, пабытовы можа быць дысэнд. І калі ўжо абранае вамі такое наканаваньне, яго вельмі няпроста рэалізоўваць.

– Выснова сумная: жанчынам-дысыдэнткам наўрад ці пазайздросьціш…

– На жаль, іхны лёс не заўсёды складаецца шчасьліва. І ня толькі ў асабістым пляне, але і ў ажыцьцяўленьні нейкіх палітычных, кар’ерных памкненьняў. Вось якраз пра гэта і гавару зь імі, імкнуся дапамагчы неяк – хоць бы тым, што падымаю праблему перад усім грамадзтвам.

– Чым падобныя і адрозныя ад полек, літовак, амэрыканак, немак нашыя дысыдэнткі?

– Філязофія дысэнду агульная для ўсіх, і найперш гэта адмаўленьне ад удзелу ў палітычным жыцьці – такі вось модус антыпалітыкі, якога прытрымліваюцца ўсе дысыдэнты. Таму ў нас няма вялікіх адрозьненьняў. Беларуская дысыдэнцкая супольнасьць сфармаваная гэтаксама, як і польская падчас “Салідарнасьці”, як і ў чэскіх дысыдэнцкіх колах 1960-70…

– Чэхі і палякі перамаглі. А беларускі: ёсьць у іх перамогі, ці – хоць пэрспэктывы на посьпех у сваёй справе?

– Тое ж відавочна: у беларусак-дысыдэнтак зараз няма ніякіх магчымасьцяў дасягнуць рэальнага ўплыву ані ў апазыцыйных пратэставых колах, ані, безумоўна, на ўзроўні дзяржавы…

– Банальнае: чаму?

– З аднаго боку, прычына ў ужо названым дысыдэнцкім модусе, а зь іншага – у патрыярхальных традыцыях беларускага грамадзтва.


ЦІ МОЖА “ЛОГВІНАЎ” НАДРУКАВАЦЬ КНІЖКУ ЧАРГІНЦА?



– Сумна… Хоць праўдзіва. Мо для захаваньня аптымізму згадаем вашую літаратурна-выдавецкую дзейнасьць, дзе, як па мне, посьпехі проста відавочныя…Ва ўсялякім разе вы за 15 год прайшлі шлях ад наборшчыка тэксту да кіраўніка аднаго зь вядучых выдавецтваў краіны…

– Вельмі прыемна, што займаюся справай, якая падабаецца. Гэта ня ўсім у жыцьці ўдаецца, а мне – удалося. І насамрэч тое – сапраўды вялікае шчасьце!

– Для слухачоў Свабоды: што зараз уяўляе сабой выдавецтва “Логвінаў”?


– Сярод незалежных – яно адно з найлепшых. Друкуем самых вядомых, самых папулярных беларускіх аўтараў. Пасьлядоўна выпускаем пераклады з замежных моваў. Ня маем ніякіх абмежаваньняў на тое, каго друкаваць, каго – не. Мы вельмі адкрытыя для ўсяго новага.

– Лаўлю на слове пра свабоду: а генэрала ў літаратуры – спадара Чаргінца таксама таксама з усьмешкай сустрэнеце?


Яшчэ адзін мой “кніжны” клопат – стварэньне Асацыяцыі выдаўцоў. Каб яны маглі зразумець, асэнсаваць сябе, як частку эканамічнага працэсу
– Ня ўпэўненая, што яму ў галаву прыйдзе такая думка. Гэтаму чалавеку ёсьць дзе друкавацца…

– Каго менавіта ў такім разе вы падтрымліваеце, адкрываеце?

– “Логвінаў” вельмі шануе гістарычныя кнігі: вось нядаўна выйшла манаграфія прафэсара Камінскага – пераклад з ангельскай мовы, называецца “Рэспубліка супраць аўтакратыі”. Ну а самым ужо безумоўным бэстсэлерам гэтага году стала кніжка “Наша страва”, прысьвечаная беларускай нацыянальнай кухні. Разьляцелася ўмомант!

Яшчэ адзін мой “кніжны” клопат – стварэньне Асацыяцыі выдаўцоў. Каб яны маглі зразумець, асэнсаваць сябе, як частку эканамічнага працэсу. Разумееце, беларуская кніга мусіць стаць таварам, ператварыцца ў рэч, вартую ўкладаньня грошай. І калі выдаўцы гэта зразумеюць – стануць глядзець на чытачоў, як на пакупнікоў, гэта дазволіць нам дасягнуць нейкага ўплыву і ў эканамічных, культурных, і ў палітычных пытаньнях. Я ўпэўненая ў лепшай пэрспэктыве задумкі, бо ў ёй ёсьць надзённая патрэба.


“Ў” ЗЬБЯРЭ ПРЫХІЛЬНІКАЎ СВАБОДНАГА МАСТАЦТВА


– Аднак яшчэ больш актыўна вы зараз працуеце над рэалізацыяй ідэі стварэньня цэнтру сучаснага мастацтва?


– Яна будзе называцца “Галерэя “Ў” – “У” нескладовае”. Гэта агульная, я б сказала так, камунікатыўная пляцоўка для ўсіх людзей, якія хочуць займацца свабодным мастацтвам. Цэнтар аб’яднае пад адным дахам галерэю мастацкую, арт-кавярню і кнігарню. Апошняй якраз і займаемся мы зь Ігарам Логвінавым. Для нас гэта ня толькі кніжная крама, а месца. куды стануць прыходзіць людзі за свабодным словам. Гэта месца, дзе тое слова будзе стварацца. Гэта месца, дзе будуць сустракацца чытачы і аўтары, пакупнікі і вытворцы. Мы спадзяемся, разьлічваем на вялікую інтэрактыўнасьць – яна канцэптуальная ў гэтым праекце. Апроч традыцыйных сустрэчаў зь пісьменьнікамі, паэтычных чытаньняў і так далей, тут плянуецца абмеркаваньне мастацкіх, сацыяльных праблемаў, якія пасьля могуць знайсьці выяўленьне ў літаратуры, дасьледаваньнях, нейкіх візуальных праектах. Вось такая канцэптуальная інтэрактыўнасьць, мне здаецца, і зробіць гэтае месца папулярным.

– Ці ёсьць недзе аналягі таму, што вы зараз робіце?

– У Маскве існуе падобная сетка крамаў, у Стакгольме, у Нью-Ёрку, Вашынгтоне… Для нас вялікім прыкладам была кіеўская “Кнігарня “Е”, якая ператварылася ў адмысловую ўкраінскую сетку.

– А далёкі прыцэл вашага праекту?


– Распрацаваць такую схему камунікацый паміж чытачом і пісьменьнікам, якую вельмі лёгка было б перанесьці ў іншы горад. Нейкую адну тэму абмяркоўваць адначасова і ў Менску, і ў Берасьці ці Карэлічах. То бок зрабіць такі сацыяльны зрэз: што людзей цікавіць, што людзі хочуць чытаць, што людзі хочуць глядзець – вось гэта было б цікава.

– Ці зацікавіць праект “У” нескладовае” расейскамоўную частку чытачоў?

– Нават ня веру ў тое, што ёй беларускае “у” нескладовае” нічога не гаворыць! Мне здаецца, падобны падзел чытацкай аўдыторыі вельмі і вельмі надуманы. Я наагул ня ведаю людзей, закрытых для беларускай культуры ці для нейкай іншай. Вось чаму наш цэнтар стане месцам, дзе беларуская культура будзе базай для ўсяго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG