Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная права супраць Юрыя Лявонава спыненая, а вось Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка застаюцца за кратамі. Арцём Дубскі рыхтуецца да спатканьня з маці і сястрой.

24 верасьня з прадпрымальніка Юрыя Лявонава зьнялі ўсе абвінавачаньні і спынілі супраць яго крымінальны перасьлед. Пастанову аб прыпыненьні справы адносна Юрыя Лявонава аб падпале дома міліцыянта падпісаў сьледчы з Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Міністэрства ўнутраных спраў Віктар Клачко. Вось як Юрый Лявонаў пракамэнтаваў пэрспэктывы далейшага расьсьледаваньня гэтай справы адносна Аўтуховіча і Асіпенкі.

Юры Лявонаў
“Для іх насамрэч гэта можа быць таксама добрым знакам. Паколькі недаказанасьць удзелу ў злачынстве аднаго з фігурантаў справы дае шанцы і астатнім на тое, што іх удзел таксама не будзе даказаны. Але як мне сёньня падаецца, справу ў суд усё ж перададуць. Усё ідзе да таго. Таму зараз вельмі важна, каб суд быў адкрытым. І я зраблю дзеля гэтага усё магчымае. Усё, што ад мяне залежыць буду рабіць, каб працэс быў адкрытым. Што да мяне, то мой статус зьмяніўся. З 18 гадзінаў вечара я цалкам вольны чалавек”.

У той жа дзень адвакат Павал Сапелка наведаў на “Валадарцы” Мікалая Аўтуховіча.

Павал Сапелка
“Ён змагаецца за тое, каб дыетычнае харчаваньне, якое яму ўсталявалі, адпавядала нормам, якія прадугледжаныя”, -- паведаміў адвакат пра тое, як цяпер харчуецца Мікалай Аўтуховіч, які дагэтуль выходзіць з 90-дзённай галадоўкі.

Павал Сапелка сказаў, што падаў скаргу ў пракуратуру на дрэнныя ўмовы утрыманьня Аўтуховіча. Адвакат адзначыў, што цяпер фактычна за Аўтуховічам няма адмысловага мэдычнага нагляду, хаця стан ягонага здароўя па-ранейшаму дрэнны.

Пэрспэктывы справы свайго падабароннага Аўтуховіча ў сувязі са спыненьнем перасьледу Лявонава адвакат Павал Сапелка камэнтаваць адмовіўся.

На гэтым тыдні у другога фігуранта справы – былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі ў Ваўкавыску апісалі маёмасьць. Датэлефанавацца да сваякоў Асіпенкі пакуль не ўдаецца.

Маці маладафронтаўца Арцёма Дубскага ў панядзелак, 28 верасьня паедзе да сына ў магілёўскую калёнію на спатканьне. Апошні раз з сынам Алена Дубская бачылася ўлетку, калі яго пераводзілі з бабруйскага сьледчага ізалятара ў калёнію.

Арцём Дубскі
“Піша, што дыетычнае харчаваньне яму гэтак і не прызначана, але быў у тэрапэўта, яшчэ нешта можа зрушыцца ў лепшы бок”, -- сказала Алена Дубская. У яе сына хвароба страўніка, але турэмныя дактары не палічылі патрэбным даць яму адпаведную дыету.

Адвакат Дубскага Тамара Сідарэнка падала скаргу на прысуд актывісту ў Вярхоны Суд.

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку падазраюць у падпале дома міліцыянта. Яны не прызнаюць сябе вінаватымі і тлумачаць перасьлед помстай мясцовых уладаў. Арцём Дубскі асуджаны на год калёніі за парушэньне ў адбыцьці ранейшага пакараньня. Па той справе “Міжнародная амністыя” прызнала актывіста “Маладога фронту” вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG