Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене сьведкі па справе “крывянога допінгу” узгадваюць Беларусь


Заходнія выданьні, якія пішуць пра допінгавы скандал вакол венскай клінікі Human Plasma, усё часьцей узгадваюць пра беларускі сьлед у гэтай крымінальнай гісторыі.

На мінулым тыдні асобая антыдопінгавая камісія венскага фэдэральнага крымінальнага ведамства перадала ў пракуратуру справаздачу па незаконнай дзейнасьці Human Plasma, чые лекары выраблялі для спартоўцаў “крывяны допінг”. Па справе ўжо дапытаныя 400 чалавек, арыштаваныя 15, таксама выстаўленыя першыя абвінавачаньні.

Нямецкія і аўстрыйскія выданьні прыводзяць словы кіраўніцтва клінікі, у прыватнасьці яе дырэктара Лотара Баўмгартнэра (Lothar Baumgartner) аб тым, што складаная працэдура абслугоўваньня спартоўцаў лекарамі - гематолягамі раней рабілася ў Менску.

“Крывяны допінг”
уяўляе сабой складаную працэдуру — напачатку спартовец здае сваю кроў, зь якой мэдыкі робяць так званыя “крывяныя кансэрвы”. Гэты “прадукт” накіроўваецца на адпаведнае працяглае захоўваньне да бліжэйшага чэмпіянату. Напярэдадні першынства спартоўцу робіцца вянознае пераліваньне закансэрваванай крыві. У выніку істотна паляпшаюцца фізычныя паказчыкі арганізму, павышаецца мэтабалізм і, такім чынам, выносьлівасьць. У часе спаборніцтваў спартовец мае істотныя перавагі перад іншымі.

Паводле выданьняў, у беларускую сталіцу, дзе праводзіліся міжнародныя першынства па біятлёну ды іншых відах спорту, з’язджаліся спартоўцы з усёй Эўропы. Забор крыві ажыцьцяўляўся ў адмысловых санітарных намётах. Далей усё ішло па вядомай схеме – мэдыкі рабілі з крыві так званы кансэрвант. Гэты “прадукт” накіроўваўся на працяглае захоўваньне да бліжэйшага чэмпіянату. І ўжо напярэдадні першынства спартоўцу рабілі вянознае пераліваньне закансэрваванай крыві, што істотна ўплывала на фізычныя паказчыкі яго арганізму.

У размове зь нямецкім выданьнем Spiegel, Лотар Баўмгартнэр заявіў, што“абслугоўваньне” ў Менску было, аднак, “вельмі дарагім, да таго ж здарыўся адзін сур’ёзны інцыдэнт”. Што гэта за інцыдэнт, Баўмгартнэр не гаворыць, аднак іншыя аўстрыйскія ды нямецкія выданьні пішуць, што менская вытворчасьць была зачыненая ў сувязі “зь незадавальняльнымі санітарнымі ўмовамі”.

Як сьведчыць дырэктар Human Plasma, вось тады кансультант клінікі па абслугоўваньні спартоўцаў, спэцыяліст па трансфузыйнай мэдыцыне, лекар-гематоляг прафэсар Пауль Хёкер нібыта зьвярнуўся да аўстрыйскага ўраду з просьбай ажыцьцяўляць падобныя працэдуры ў Вене.

Паводле аўстрыйскага выданьня “Kurier”, дазвол быў атрыманы. На самым палітычным версе нібыта сказалі, што “крывяны допінг” трэба вырабляць далей. Так усё перайшло ў Аўстрыю“. У Human Plasma лічаць, што прафэсар Хёкер з санкцыі высокіх палітыкаў мог кіраваць гэтым працэсам. Аднак усё гэта магло адбывацца выключна па-за межамі памяшканьняў канкрэтнай клінікі.

Тым часам прэсавай сакратар аўстрыйскай пракуратуры Герхард Яраш у размове з аўстрыйскім агенцтвам APA не пацьвердзіў дачыненьня высокіх венскіх палітыкаў да скандалу з “крывяным допінгам”.
XS
SM
MD
LG