Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач з Горадняй Тызэнгаўз збудаваў Гарадніцу


Юры Гардзееў падпісвае сваю новую кнігу.

Юры Гардзееў падпісвае сваю новую кнігу.

Творчая сустрэча з гарадзенскім гісторыкам Юрыем Гардзеевым адбылася ў горадзе над Нёманам у памяшканьні Таварыства беларускай школы.

Ён прадставіў сваю новую кніжку — “Рамантык эпохі Асьветніцтва”, прысьвечаную Антону Тызэнгаўзу — гарадзенскаму рэфарматару XVIII стагодзьдзя, каралеўскаму старасту і надворнаму падскарбію Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар жыве апошнім часам у Кракаве, дзе, апроч іншага, працягвае дасьледваць гісторыю свайго гораду, раней выйшла яго кніга “Магдэбургзкая Гародня”.

Постаць Тызэнгаўза даўно цікавіла Гардзеева, некалі ён напісаў пра яго дыплёмную працу, у цэнтры якой Гарадніца — гарадзенскае прадмесьце, створанае каралеўскім старастам, які за адносна нядоўгі час паставіў 85 будынкаў. Гісторык гаворыць: нядаўна на Гарадніцы зьявіліся дзьве бронзавыя статуі людзей, таксама шчыльна зьвязаных зь ёю — каралеўскіх батаніка і архітэктара — Жана Эмануэля Жылібэра і Джузэпэ Сака. Не хапае толькі помніка Антону Тызэнгаўзу, зазначыў Юрый Гардзееў, пагатоў месца ёсьць — плошча Тызэнгаўза, што паміж камяніцамі, якія ён некалі збудаваў.

Кніжка пра Антона Тызэнгаўза выйшла ў менскім выдавецтве “Тэхналёгія” ў сэрыі “Нашы славутыя землякі” накладам 500 асобнікаў.
XS
SM
MD
LG