Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл: Беларусь — заходні фарпост праваслаўя


Ля Сьвята-Духавага сабору падчас прыезду патрыярха.

Ля Сьвята-Духавага сабору падчас прыезду патрыярха.

У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Пасьля сустрэчы ў Нацыянальным аэрапорце ён наведаў галоўны праваслаўны храм — катэдральны Сьвята-Духаў сабор. Прамаўляючы перад царкоўнымі герархамі і вернікамі, кіраўнік расейскай праваслаўнай царквы назваў Беларусь заходнім фарпостам праваслаўнай цывілізацыі.

За некалькі гадзін да прыезду патрыярха тэрыторыю вакол Сьвята-Духавага сабору ўключна з гарадзкой ратушай ачапілі людзі ў цывільным з рацыямі, якія забаранялі набліжацца машынам, мінакам і нават вернікам. Гаворыць адзін зь вернікаў, Мікалай Іванавіч:

“Ідзём у царкву Кірыла сустракаць, ён нас запрасіў. Бяз нас, кажа, ніякага служэньня ня будзе. І вось вы з намі — таксама хадзем, калі ласка”.

Карэспандэнтка: “Дзякуй. А што, бліжэйшым шляхам прайсьці не ўдалося?”

“Вы ж ведаеце, што тут паставілі гэтых хлопцаў пераапранутых, і невядома, каго яны ад каго бароняць і каму гэта патрэбна.
Я пытаўся — можа, яшчэ кола абыйсьці і па рэчцы на лодцы пераплыць?
Я пытаўся — можа, яшчэ кола абыйсьці і па рэчцы на лодцы пераплыць, дык „не“ сказалі”.

Адзіны праход да храма кантралявалі людзі з мэталашукальнікамі, якія правяралі сумкі і нават кішэні ва ўсіх без выключэньня. А на сустрэчу са сваім духоўным пастырам прыехалі вернікі і духоўныя асобы з розных гарадоў краіны:

“Мы з Бабруйску прыехалі”.

Карэспандэнтка: “Вы зь нейкага храма сёстры?”

“Так, сёстры бабруйскага храма. Каля 50 чалавек нас”.

Карэспандэнтка: “Што для вас прыезд патрыярха?”

“Вельмі прыемна і радасна. Чакаем ягонага благаслаўленьня”.

Спадарыня: “Гэта можна параўнаць толькі з цудам, што мы бачылі аднаго, а зараз новага патрыярха. Хочацца прысутнічаць на такой падзеі і разам маліцца”.

Патрыярха Кірыла ў суправаджэньні беларускіх і расейскіх герархаў сустракалі духоўнымі сьпевамі, царкоўным звонам і прамовай мітрапаліта Філарэта. У Сьвята-Духавым саборы расейскі архіпастыр пакланіўся абразу Маці Божай Менскай. Падчас прамовы да паствы з храмавага ганку ён выказаў спадзяваньне на большы ўплыў расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі:

Белая Русь заўсёды займала асаблівае месца ў гісторыі ўсходняй праваслаўнай цывілізацыі.
“Белая Русь — адзіная арганічная частка сьвятой Русі. Белая Русь заўсёды займала асаблівае месца ў гісторыі ўсходняй праваслаўнай цывілізацыі. Яна была заходнім фарпостам. Дай Бог, каб і надалей духоўны і маральны ўплыў праваслаўнай царквы на беларускае грамадзтва ўзмацняўся”.

Патрыярх Кірыл таксама адзначыў, што гэта ягоны першы візыт у Беларусь, але спадзяецца, што не апошні. Гэтымі днямі ён таксама наведае Віцебск і Полацак. Чаго ад візыту маскоўскага патрыярха, ад ягонай сустрэчы з кіраўніком краіны чакаюць сьвятары праваслаўнай царквы, цікаўлюся ў выкладчыка Менскай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі айца Сяргея Гардуна:

“Нашае кіраўніцтва і прэзыдэнт паказваюць сваю павагу да праваслаўнай царквы. Але ў верхніх эшалёнах улады яшчэ не выказвалася гатовасьць увесьці ў школах выкладаньне асноваў праваслаўнай культуры. Я думаю, што, можа, пасьля сустрэчы патрыярха з прэзыдэнтам нашаму кіраўніцтву будзе лягчэй прыняць такое рашэньне”.

Візыт маскоўскага патрыярха Кірыла ў Менск камэнтуе доктар тэалёгіі, верніца грэка-каталіцкай царквы Ірына Дубянецкая:

“Памылка — лічыць Беларусь праваслаўнай дзяржавай. Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, — яна ня ёсьць праваслаўнай дзяржавай. Беларусь — гэта выразная поліканфэсійная краіна. І не заўважаць гэтага — гэта ствараць праблемы і цяперашнім людзям, і будучым пакаленьням. І вось гэта надае палітычнасьці візыту: прыцягваньне Беларусі ў расейскае духоўнае, культурнае і палітычнае поле. У Беларусі спакон веку практыкавалася талерантнасьць, і будзем спадзявацца, што яно так і застанецца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG