Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у наваградзкай школе на глебе праваслаўя


Бацькі некаторых дзяцей з Наваградзкай школы № 1 вінавацяць настаўніцу і дырэктарку, што тыя прымушаюць дзяцей наведваць факультатыў па “Асновах праваслаўнай маралі”. Дырэктарка сьцьвярджае, што гэта ня так.

Адным зь першых выказаў абурэньне тым, што школьнікаў прымушаюць хадзіць на праваслаўны факультатыў, пратэстанцкі сьвятар з Наваградку Уладзімер Качагур. Сам ён даведаўся пра гэта ад дачкі, якая вучыцца ў 7 клясе. Як старшыня бацькоўскага камітэта клясы, Уладзімер Качагур пайшоў у школу, каб высьветліць сытуацыю.

Яго вельмі зьдзівіла, што на занятках гэтага факультатыву прысутнічалі тыя дзеці, чые бацькі не пісалі заявы, як гэта прынята ў школе.

“Я зайшоў у клясу і сказаў дзецям, што ваша настаўніца вам ілжэ. І не таму, што праваслаўе — гэта дрэнна, а таму, што яна сказала вам, што гэты ўрок абавязковы, як матэматыка і геаграфія, і яна не паведаміла вашым бацькам, што вы будзеце наведваць гэты факультатыў”.

Амаль палова дзяцей з клясы, зь яго слоў, паднялі руку, што не хацелі б наведваць факультатыў. Калі прыйшла дырэктарка, то большасьць рукі апусьцілі, акрамя адной дзяўчынкі.

Са слоў маці тае дзяўчынкі, Тацяны Бялецкай, дырэктарка пасьля гэтага некарэктна паразмаўляла зь яе дачкой, і тая прыйшла дахаты заплаканай. Сёньня Тацяна Бялецкая хадзіла ў школу, каб разабрацца, але дырэктаркі не засьпела.

Сама спадарыня Бялецкая — праваслаўная. Вось што яна кажа пра гэтую справу:

“Я лічу, што дзіця яшчэ замалое, каб выбіраць такія рэчы. Хаця я ня супраць, каб яна гэта вывучала, але навошта прымушаць, груба ставіцца да дзяцей? У нас жа школа — наш твар, там павінны вучыць усяму добраму”.

Дырэктарка школы, Людміла Пелуць, наадрэз адмаўляе, што яна некарэктна паводзіла сябе з вучаніцай, і кажа, што не павышала нават на яе голас.

У гэтай клясе, зь яе слоў, з 15 вучняў толькі сем наведваюць факультатыў, бо астатнія бацькі не пісалі на гэта заявы. Але гэтым разам у клясе сядзелі ўсе вучні. Дырэктарка сказала, што пыталася ў настаўніцы — чаму так адбылося?

“Разумееце, Ніна Аляксандраўна мне давяла, што яна нікога не прымушала, а проста сказала: дзеці, калі жадаеце, можаце сядзець і тыя, хто не наведвае факультатыў, бо сёньня вельмі цікавая тэма”.

Я яшчэ запытаўся ў спадарыні Пелуць — чаму ў іх факультатывы тычацца толькі праваслаўнай маралі, а няма каталіцкіх, пратэстанцкіх і іншых.

“Гэта ж ня мы вінаватыя. Вінаватая, да прыкладу, тая ж каталіцкая царква — чаму яны не ідуць у міністэрства і не патрабуюць супрацоўніцтва са школай, як гэта робяць праваслаўныя? Чаму той самы айцец Уладзімер не ідзе ва ўпраўленьне адукацыі і не патрабуе таго ж супрацоўніцтва?”



Паводле зьвестак сайту Гарадзенскага аблвыканкаму, у вобласьці афіцыйна дзейнічае 475 рэлігійных арганізацый 17-ці канфэсій. З 451 зарэгістраванай суполкі — 184 праваслаўныя, 170 каталіцкіх, 2 грэка-каталіцкія, 8 мусульманскіх, 3 юдэйскія, 82 пратэстанцкія і 1 — сьвядомасьці Крышны. Рэлігійную дзейнасьць ажыцьцяўляюць больш за 460 сьвятароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG