Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Мяцеліца: “Калі прадпрымальнік ня можа сябе абараніць — гэта палітыка”


Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне — “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Бялыніцкі прадпрымальнік Алег Мяцеліца ў бізнэсе ад 2003 году. У раённым Доме быту трымае дзьве крамы. У адной спартовы і турыстычны рыштунак, асартымэнт другой — музычны. Ці лёгка быць прадпрымальнікам у невялікім раённым цэнтры?

“У маленькіх гарадах меншая канкурэнцыя, але й менш людзей, якія маюць дастатак. А так людзі ў прынцыпе жывуць з такіх крамаў, дзе можна набыць хлеба ды малака. Ужо ня кажучы пра рэчы для адпачынку, альбо каб часьцей мяняць вопратку модную, альбо набываць музыку, DVD. На гэта грошай амаль не застаецца”.

Што было самым цяжкім на пачатку бізнэс-кар’еры?

“У Бялынічах ты амаль кожнага ведаеш, і ў мяне было нейкае дзіўнае адчуваньне, калі прыходзілі знаёмыя, а ім даводзілася нешта прадаваць. Ну, ты, здаецца, купіў гэта таньней і думаеш — мо яму прапанаваць таньней, не — ладна, маўляў, забірайце. Але калі такім шляхам ісьці, то нічога ж не заробіш. Так было месяцы два. Было сорамна знаёмым прадаваць, нібыта ты іх ашукваеш. Як раней казалі, спэкулянт. Я яшчэ тыя часы засьпеў”.

У малых гарадах прадпрымальнікі, кажа спадар Мяцеліца, найбольш неабароненыя. Іх дзейнасьць залежыць ад уладаў.

“Калі людзі спрабуюць супраціўляцца, то ўлады даюць зразумець, што ваша справа залежыць ад нас. Калі мы захочам, то ў вас адбяруць ліцэнзію. Прадпрымальнікі не ўяўляюць сабой нечага агульнага, нейкай каманды, таму лёгка зь імі змагацца. Прадпрымальнікі наагул даўно б маглі вырашыць беларускае пытаньне, калі б яны не казалі, што мы па-за палітыкай. Калі не працуюць законы, калі ты ня можаш сябе абараніць, нідзе ня можаш знайсьці праўды — гэта ўжо ёсьць палітыка”.



Алегу Мяцеліцу 37 гадоў. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Паводле адукацыі — настаўнік геаграфіі. Сябра партыі і руху БНФ “Адраджэньне”. За грамадзкую дзейнасьць неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт. Вывучае жыцьцё паўночнаамэрыканскіх індзейцаў, сам майструе іхні рыштунак. Любіць зь сям'ёй вандраваць.
XS
SM
MD
LG