Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадар Чэхіі: Беларусь выйшла на шлях дэмакратыі


Іржы Карас

Іржы Карас

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас упэўнены, што Беларусь зь цягам часу ўвойдзе ў Эўразьвяз. Пра гэта ён заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне “Свабоды”.

14-га лістапада ў Брусэлі міністры замежных спраў краін Эўразьвязу будуць вырашаць далейшы лёс замарожаных візавых санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі і іншых вышэйшых беларускіх чыноўнікаў.

Перад паседжаньнем Рады Эўразьвязу, інфармацыя ў Брусэль паступае і ад эўрапейскіх дыпляматаў, якія працуюць у Менску. Таму я спытаў спадара Караса, ці адбываюцца ў Беларусі, на ягоную думку, зрухі ў бок дэмакратыі, ці адпавядае разьвіцьцё сытуацыі чаканьням Эўразьвязу.

Амбасадар адказаў на пытаньне так:

“Я лічу, што тут адбываюцца зьмены палітычнага клімату. Я перакананы, што краіна выйшла на шлях дэмакратыі. І што першыя крокі былі пасьпяховымі. Але, канечне, мы чакаем і новых крокаў.

Некаторыя беларускія палітыкі кажуць: мы — беларусы, а вы — эўрапейцы. Але я лічу, што мы ўсе тут павінны казаць: мы — эўрапейцы. Таму што вы належыце да Эўропы гэтаксама, як і Чэская Рэспубліка. І пра гэта ведаюць і Чэская Рэспубліка, і Эўразьвяз”.

Амбасадар Чэхіі станоўча ацаніў і нядаўні візыт у Літву кіраўніка беларускай дзяржавы. Іржы Карас падкрэсьліў, што запрашала Аляксандра Лукашэнку Літва як сувэрэнная дзяржава:

“Але ж я лічу, што паездка спадара Лукашэнкі ў Літву кансультавалася і на ўзроўні Эўрапейскага зьвязу. Я перакананы, што калі мы хочам нешта зьмяніць, неабходна размаўляць адзін з адным. Таму вельмі добра, калі Літва размаўляе зь Беларусьсю і калі гэта робіцца і ў зваротным парадку. І я веру, што Чэхія будзе гэтаксама размаўляць зь Беларусьсю. Дыялёг ужо пачаўся”.

Анатоль Лябедзька
Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька кажа, што некаторыя дыпляматы, якія працуюць у Беларусі, значна перабольшваюць крокі ўладаў у кірунку дэмакратыі:

“У нас у аўторак адбудзецца сустрэча з амбасадарамі краін-чальцоў Эўразьвязу. І на ёй галоўным пытаньнем будзе, якая сытуацыя ў Беларусі напярэдадні рашэньня пра тое, што рабіць з санкцыямі. Якраз будзе добрая нагода пагутарыць з усімі амбасадарамі — ці ёсьць прагрэс, ці ён адметны, ці ён нулявы, ці ён мінусавы?

Наша пазыцыя такая: калі сёньня размаўляць на мове фактаў і аргумэнтаў, то можна ўзгадаць некаторыя пазытыўныя зрухі, якія маюць узрост год і болей. Апошнім жа часам ніякіх прыкмет пазытыўных зьменаў на зафіксавана. І менавіта гэта мы і будзем агучваць на сустрэчы з амбасадарамі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG