Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская амбасада: У заўзятараў бракуе “эканамічных сувязяў з Радзімай”


Амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску лічыць перабольшаным абурэньне беларускіх футбольных заўзятараў, якія не атрымалі візы на матч паміж зборнымі Англіі і Беларусі 14 кастрычніка ў Лёндане.

Паводле брытанскага консульства, агульная статыстыка адмоваў застаецца ў рамках сярэдніх паказьнікаў. Між тым аматары футболу перакананыя: заяваў, якія засталіся не задаволенымі, істотна болей, чым пазначана ў справаздачах кансуляту.

Матэрыял пра тое, што візавы аддзел брытанскай амбасады беспадстаўна “рэжа” беларускіх фанатаў, выклікаў неадкладную рэакцыю ў дыпляматычным прадстаўніцтве. Праз прэсавага сакратара амбасады Іну Рамашэўскую мы атрымалі на свае пытаньні наступныя тлумачэньні:

— Колькі ўсяго пададзена заявак на атрыманьне брытанскай візы менавіта ў сувязі з футбольным матчам Англія — Беларусь? Колькі зь іх не задаволена?

— На гэты момант мы атрымалі больш за 150 заявак на візы ад беларускіх аматараў футболу, зь якіх 14 чалавекам не былі выдадзены візы. Як вы бачыце, гэтая лічба складае менш за 10%, што нават ніжэй, чым нашая агульная сярэдняя лічба адмоваў па ўсіх заяўках — прыкладна 13%.

— Калі апошні тэрмін выдачы візаў футбольным заўзятарам?

— Мы прапануем заўзятарам зьвяртацца да нас з заяўкамі як мага раней. Мы заўсёды прыкладаем намаганьні, каб апрацаваць заяўкі як найхутчэй, але ж заўсёды існуе верагоднасьць, што нам будзе трэба зрабіць дадатковыя запыты.

— На чым грунтуюцца засьцярогі, што заяўнікі зь ліку „забракаваных“ гіпатэтычна маглі застацца ў Брытаніі?

— Тыя заўзятары, якія атрымалі візы, прадэманстравалі нам наяўнасьць сродкаў дзеля таго, каб пакрыць кошты падарожжа ў Вялікабрытанію, а таксама наяўнасьць моцных сацыяльных і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю. Таксама важна, каб кошт гэтага падарожжа быў сувымерны з даходамі заяўніка. Калі з заяўкі відаць, што чалавек і раней наведваў матчы з удзелам беларускай зборнай у іншых краінах, гэта таксама намі ўлічвалася.

— Колькі, па вашых падліках, страчваюць уласных грошай людзі, якія не атрымалі візы, але ўжо набылі квіткі на самалёт, пад каго замовілі гатэлі, набылі білеты на матч і г.д.?

— Мы хацелі б падкрэсьліць, што не патрабуем прадстаўленьня квіткоў на самалёт, замоваў месцаў у гатэлях ці квіткоў на гульню падчас падачы заяўкі на візу. Значна важней, каб была прадэманстравана наяўнасьць сродкаў для таго, каб пакрыць усе гэтыя выдаткі.

— У мінулым годзе брытанскія заўзятары атрымалі бясплатныя беларускія візы. У тэорыі — ці разглядалася верагоднасьць такога адносна беларусаў?

— Мы зацікаўленыя ў тым, каб дапамагчы як мага большай колькасьці грамадзянаў Беларусі наведаць Вялікабрытанію. Напрыклад, кожны год мы выдаём каля 3000 бясплатных візаў для дзяцей, якія цярпяць ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. У мінулым годзе гэта складала каля 30% ад агульнай колькасьці візаў, якія былі выдадзены візавым аддзелам.


Футбольныя заўзятары лічаць, што не задаволеных заявак нашмат болей, чым паўтара дзясятка. У камэнтарах да матэрыялу “Брытанская амбасада адказвае “Свабодзе” адзін з чытачоў піша: “Гэта толькі гавораць, што адмовілі 14-і заўзятарам. Хто быў ля амбасады, бачыў: 2/3 вярталіся бязь візаў! Усё афармлялася праз агенцтва, упаўнаважанае падаваць групавыя заяўкі, але і гэта не дапамагло”. Наведнікі свабодаўскага сайту Nasty і Alex скардзяцца, што не атрымалі візаў гэтаксама, як і пяцёра іхных сяброў. Нягледзячы на тое, што і заробкі былі вышэйшыя за сярэдні, і ўзрост далёка не дзіцячы, і копіі зваротных квіткоў на самалёт прыкладзеныя.

Супрацоўнік аднаго з камэрцыйных банкаў Канстанцін Цітоў ня меў праблемаў з атрыманьнем візы. Аднак кампанія сяброў, якой заўзятары меліся падтрымліваць зборную Беларусі ў Лёндане, развалілася пасьля наведваньня амбасады. Канстанцін Цітоў расказвае, на чым тыя “пагарэлі”:

— Першы — брат Андрэя Краўчанкі, срэбнага прызэра пэкінскай Алімпіяды ў дзесяцібор’і. Сёлета ён езьдзіў у Нямеччыну на чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. У амбасадзе не маглі ня бачыць, што ў яго ўвесь пашпарт у візах і ён заўсёды вяртаўся. Аляксей беспрацоўны, але мае ва ўласнасьці катэдж у Бараўлянах і зямельны надзел. Агулам нерухомасьці — больш чым на 100 тысяч даляраў. Далей — 20-гадовая дзяўчына. Працуе ў транспартнай кампаніі, заробак 780 тысяч, студэнтка БДУ. Зразумела, што ў 20 гадоў у яе няма дзяцей і нерухомасьці. Трэці працуе па дамове падраду, у яго няма працоўнай кніжкі. За яго падпісваўся чалавек, што будзе несьці выдаткі, падаў выпіску з банкаўскага рахунку, што грошы ляжаць на картцы. Але няма нерухомасьці, нежанаты, няма сталай крыніцы прыбытку. Таксама не далі візу прадпрымальніку, які плаціць адзіны падатак. Ён падаў даведку з падатковай інспэкцыі, што ў яго штомесяц 500 даляраў толькі падатак. У панядзелак будуць забіраць дакумэнты тыя, хто падаваў заяўкі ўчора і ляцяць праз АБФФ „Падарожжа“. Магчыма, таксама адмовы будуць”.


Як патлумачылі ў турыстычнай кампаніі “Юнімір” пры Беларускай фэдэрацыі футболу, адмова ў выдачы візы тлумачыцца найперш слабасьцю “эканамічных сувязяў з радзімай”: адсутнасьцю стабільнага прыбытку і нерухомасьці ці малымі заробкамі. Іншай перашкодай — маладосьць заяўнікаў. Маўляў, халасты статус і адсутнасьць дзяцей спрыяюць дрэнным учынкам — у прыватнасьці, намеру нелегальна застацца ў Вялікай Брытаніі.
XS
SM
MD
LG