Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканаміст папярэджвае магілёўскую ўладу


Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі сёньня прэзэнтаваў перад калегамі, навукоўцамі, грамадзкімі і палітычнымі дзеячамі Магілёва сваю кнігу “Дасьледаваньне сацыяльна-эканамічных працэсаў у Магілёве”. Аўтар называе яе плятформай для распрацоўкі стратэгічнага пляну разьвіцьця абласнога цэнтру. Паводле навукоўца, зьмешчаны ў ёй матэрыял уяўляе сабой альтэрнатыўны афіцыйнаму погляд на эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў Магілёве.

Пётар Мігурскі ў сваёй кніжцы папярэджвае ўлады пра набліжэньне сур’ёзных праблемаў у эканоміцы, да якіх варта рыхтавацца ўжо цяпер:

“Першае, на што я зьвяртаю ўвагу, — на дэмаграфічную сытуацыю ў горадзе. Празь пяць-сем гадоў на пэнсію выйдуць больш за сорак тысяч чалавек у параўнаньні зь цяперашнім часам. Дэфіцыт працоўнай сілы складзе прыкладна трыццаць тысяч чалавек. Цяпер занятыя ў эканоміцы гораду прыкладна 170 тысяч. Калі ня будзе структурных зьменаў у эканоміцы, гэта будзе праблемай нумар адзін. Я зьвяртаю ўвагу таксама на нізкую эфэктыўнасьць працы нашых буйных прадпрыемстваў. Нястачу інвэстыцыяў”.

Паводле эканаміста, дэфіцыт гарадзкога бюджэту ў жніўні склаў 25 мільярдаў рублёў.

Зьвяртае Пётар Мігурскі ўвагу й на дысбалянс у малым бізнэсе:

“45 працэнтаў малога бізнэсу ў Магілёве прадстаўлены гандлем харчамі. І толькі 24 працэнты — гэта выпуск прамысловых тавараў. Тры працэнты прыпадае на бытавыя паслугі. Неабходна мяняць падыходы ў стымуляваньні малога бізнэсу, з тым, каб прадпрымальнікі пачалі займацца вытворчай дзейнасьцю”.

Эканаміст сьцьвярджае, што бальшыня гарадзкіх праблемаў зьвязаная не з сусьветным крызісам, а зь нерэфармаванай эканомікай, якую горад успадкаваў яшчэ з савецкага часу.

“Нам ня трэба грэбаваць сусьветным досьведам і адгароджвацца ад яго. Рынкавая эканоміка — гэта эканоміка крызісаў. Яны адбываюцца іншым разам, і мы іх не заўважаем”.

На прэзэнтацыю кнігі Пятра Мігурскага ў Магілёўскі тэхнапарк прыйшло два дзясяткі чалавек. Выдаць твор эканаміста дапамагла сацыяльна-культурная ўстанова “Стратэгія разьвіцьця й міру”.
XS
SM
MD
LG