Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя зьнішчылі некалькі драўляных крыжоў на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў ля вёскі Паляі пад Віцебскам. Актывіты апазыцыю хочуць тут зрабіць уздоўж дарогі Крыжовую алею — на ўзор менскіх Курапатаў.

У лесе ля вёскі Паляі,што за 7 кілямэтраў ад Віцебску, у 1930-40-я гады расстрэльвалі мясцовых жыхароў. Першы мэмарыяльны крыж тут зьявіўся ў 1989 годзе. Ён прастаяў нядоўга — неўзабаве зьнік. Пазьней ўсталявалі яшчэ тры: адзін — высокі, жалезны, і яшчэ два — меншыя, драўляныя.

Пра тое, што два з трох крыжоў зьніклі, даведалася сябра аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяна Севярынец:

Тацяна Севярынец
“Сёньня зранку мне патэлефанаваў наш сябра, які ў той лес, дзе былі крыжы, час ад часу езьдзіў у грыбы. Неяк ён у мяне пытаўся, што гэта за крыжы, я яму распавяла, зь якой нагоды яны пастаўленыя. Дык вось сёньня ён сказаў, што іх там ужо няма. Застаўся толькі высокі жалезны крыж, а тыя, што ставілі мы зь сябрамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, зьніклі. Не ўяўляю, у каго на гэта паднялася рука, бо крыжы ж былі асьвечаныя”.

Сяргей Парсюкевіч і Кастусь Смолікаў (справа) ля адзінага крыжа, які застаўся.
Высокі жалезны крыж, пра які згадвае спадарыня Тацяна, быў пастаўлены з ініцыятывы праваслаўнай царквы — паблізу тут дзіцячы праваслаўны летнік “Дружба”. І ён, і меншыя, драўляныя крыжы былі добра відаць з шашы Віцебск — Лёзна . Пэўную небясьпеку актывісты прадчувалі ўжо, назіраючы за нядаўняй рэканструкцыяй аўтадарогі Р-21, якую пашыралі якраз у бок вёскі Паляі. Аднак будаўнікі ня толькі не кранулі крыжоў, але й зрабілі зручнейшай каляіну да тае палянкі, дзе яны стаяць.

Што здарылася з драўлянымі крыжамі, якія ў розныя гады тут усталявалі віцебскія актывісты, паспрабаваў даведацца старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

Кастусь Смолікаў
“Я патэлефанаваў у тамтэйшы Варонаўскі сельскі савет, і галоўны спэцыяліст мне сказала, што яны нічога ня ведаюць. Загаду ім ніякага не было — яна сказала б, каб быў нейкі афіцыйны загад крыжы прыбраць. Датэлефанаваўся я і да РАУСу Віцебскага раёну. Дзяжурны міліцыянт сказаў, што таксама нічога ня ведае і што заяву пра зьнікненьне ніхто не пісаў. Я сказаў, што мы заедзем ды напішам”.

Некалі ліст з прапановай стварыць у лесе каля вёскі Паляі мэмарыял актывісты Партыі БНФ напісалі старшыні Віцебскага райвыканкаму Івану Вазьміцелю. У адказ атрымалі адмову: маўляў, няма дастатковай колькасьці сьведчаньняў пра тое, што тут былі масавыя расстрэлы.

Крыж проста выцягнулі зь зямлі, параскідаўшы сьвечкі, што былі пры ім.
Другі крыж нехта сьпілаваў.




Прадстаўнікі Партыі БНФ прапанавалі дапамагчы ў зборы ўспамінаў сьведкаў і іншых гістарычных матэрыялаў. І вырашылі стварыць тут Крыжовую алею, такую, як у Курапатах. Невядомыя вандалы зьнішчылі крыжы, але не паламалі гэтых намераў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG