Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў пра эмоцыі Лукашэнкі


Дзьмітрый Мядзьведзеў

Дзьмітрый Мядзьведзеў

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што найбліжэйшым часам, пасьля вяртаньня з ЗША, мае намер сустрэцца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Падчас выступу ва ўнівэрсытэце ў Пітсбургу Мядзьведзеў адзначыў, што ў яго няма падставаў казаць, што стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю пагоршыліся.

"Мы знаходзімся ў вельмі блізкіх стасунках", - сказаў прэзыдэнт Расеі, перадае Інтэрфакс.

Пры гэтым ён адзначыў, што абмеркаваньне ня будзе праходзіць без праблемаў, аднак “мы ўсе кантакты, якія былі, працягваем, будзем старацца шукаць і разьвязкі тых праблемаў, якія існуюць".

Паводле Дз.Мядзьведзева, паміж Расеяй і Беларусьсю “насамрэч ёсьць некаторыя спрэчныя рэчы, па якіх мы вядзем адкрытую палеміку, даволі эмацыйную. Але што рабіць. Асабліва ў пэрыяд крызісу даводзіцца іншы раз выкарыстоўваць і эмацыйныя аргумэнты. Я разумею кіраўніцтва Беларусі, але самае галоўнае, каб за гэтай палемікай, за гэтымі эмоцыямі не хавалася нешта больш складанае”.

Дзьмітрый Мядзьведзеў плянуе прыехаць у Беларусь 29 верасьня на расейска-беларускія ваенныя вучэньні.
XS
SM
MD
LG