Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна праз тыдзень, 1 кастрычніка, барысаўскі БАТЭ пачынае сэрыю хатніх сустрэчаў у рамках другога па значнасьці кантынэнтальнага футбольнага кубку — Лігі Эўропы. 25 верасьня ў касах менскага “Дынама” і гарадзкога стадыёну Барысава пачынаецца продаж квіткоў на матч паміж БАТЭ і лівэрпульскім “Эвэртанам”. Ці адпавядае беларускі чэмпіён уласнаму ж узору гадавой даўнасьці, калі ўпершыню ў гісторыі каманда зь Беларусі трапіла ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў?

Сёлета БАТЭ меў нашмат больш шанцаў “праляцець” міма эўратурніраў, чым трапіць хоць бы ў адфарматаваны Кубак УЭФА — Лігу Эўропы. Кволая гульня на падыходах да асноўнай сеткі Лігі чэмпіёнаў, бесхарактарная параза ад сьціплага “Вэнтсьпілса”, жахлівы хатні старт супраць баўгарскага “Літэкса” ў суцяшальным паядынку і рэабілітацыя толькі на апошніх хвілінах у Баўгарыі — такі выпакутаваны шлях беларускага чэмпіёна ў Эўропу. Паводле нават самых імпэтных аптымістаў, БАТЭ падарыў заўзятарам футбольную восень не паводле нейкай лёгікі, а насуперак ёй.

Старт у новым турніры 17 верасьня хоць і нельга назваць пасьпяховым, аднак лік быў наколькі прагназаваны, настолькі і адпаведны гульні. Нашмат больш дасьведчаная партугальская “Бэнфіка” на сваім полі ўпэўнена перамагла беларусаў зь лікам 2:0. Ці варта чакаць гульнявага выбуху ў наступных сустрэчах з ангельскім “Эвэртанам” і грэцкім АЕКам? Галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка да апошніх вынікаў каманды ставіцца досыць крытычна і нават кажа, што сёлета даводзіцца аддаваць даўгі: калі летась у шэрагу матчаў БАТЭ спадарожнічала ўдача, то гэтым разам супернікі расслабіцца не даюць:

Віктар Ганчарэнка
“Якойсьці безнадзейнасьці не адчуваецца. Увогуле цяжка папракнуць у чымсьці каманду, бо футбол складаецца, сярод іншага, і з памылак. А хто меней памыляецца, той урэшце і выйграе. Такое адчуваньне, што ў нейкім сэнсе мы аддаем даўгі мінулага году, калі, магчыма, у нейкіх момантах гуляем нават лепш, але ў выніку прайграем. Пры тым, што летась, можа, дзесьці і горш гулялі, але перамагалі. Таму трэба трываць, гэты ня вельмі прыемны для нас момант калісьці скончыцца. І калі яшчэ будзем дабротна гуляць, то тады, напэўна, і іншы вынік будзе. Так, будзе цяжка, але лічу, што наша каманда ўсё ж моцная духам, і мы яшчэ пазмагаемся”.

Колішні спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Алесь Камароўскі ня бачыць прычынаў для асаблівай трывогі. На яго думку, выхаванцы маладога трэнэра Віктара Ганчарэнкі не зазналіся, ня страцілі гульнёвага майстэрства, не адчуваюць сябе ў ролі хлопчыкаў для біцьця. А прычынай не зусім стабільнай гульні лічыць адсутнасьць неабходнай канкурэнцыі ва ўнутраным чэмпіянаце, што, у пэўным сэнсе, гульцоў і расхалоджвае:

Каманда паказвае добры футбол, прынамсі ня горшы, чым на мінулагоднім узроўні.
“На маё перакананьне, БАТЭ сваіх лепшых якасьцяў ня страціў. І ўжо па першай гульні я сказаў бы, што каманда паказвае добры футбол, прынамсі ня горшы, чым на мінулагоднім узроўні. Усё ж гульцы вырасьлі ў прафэсійным сэнсе, набылі пэўны досьвед, і ў кожнай гульні стараюцца выкладацца па максымуме. Так што, думаю, цяперашні ўзровень ніяк не ніжэйшы”.

Карэспандэнт: “Ганчарэнка досыць самакрытычна выказаўся, што, магчыма, у мінулым годзе камандзе фарціла: пры слабейшай гульні выйгравалі…”

“Гэта, відаць, ён сказаў дзеля таго, каб трошкі ўскалыхнуць каманду, каб гульцы „завяліся“, як кажуць у футболе. Мацнейшыя, слабейшыя — усё гэта ўмоўна. Проста гэта вось такі трэнэрскі ход. І я веру, што лепшыя гульні ў БАТЭ яшчэ наперадзе”.

Стваральнік сайту футбольных он-лайнаў трансьляцыяў match.by Багдан Арлоў непасрэдна з трыбунаў назіраў за стартавымі матчамі БАТЭ ў эўракубках сёлета і летась. Тыдзень таму быў у Лісабоне, дзе барысаўцаў экзамэнавала мясцовая “Бэнфіка”, а роўна год таму — на “Сант’яга Бэрнабэў” у Мадрыдзе, дзе ў Лізе чэмпіёнаў беларусам супрацьстаяў адзін з наймацнейшых клюбаў сьвету “Рэал”. Багдан параўноўвае дэбютныя гульні каманды Віктара Ганчарэнкі:

“Абодва матчы былі 17 верасьня, абодва на выезьдзе, на Пірэнейскай паўвысьпе… Крышачку лепш глядзеўся БАТЭ супраць „Бэнфікі“, але варта адзначыць, што і „Бэнфіка“ — гэта ўсё ж не „Рэал“. Абодва супернікі БАТЭ гулялі крыху нядбайна, не паказваючы на 100% усе свае магчымасьці, перайграўшы БАТЭ на клясе. Калі казаць пра гульню барысаўцаў, то на адзін галявы момант у Лісабоне БАТЭ стварыў больш, чым у мінулым годзе на „Сант’яга Бэрнабэў“. Цікава, што і ў матчы год таму, і сёлета ў Лісабоне з прычыны дыскваліфікацыі з-за жоўтых картак у складзе БАТЭ адсутнічалі два лідэры. Тады гэты былі Радзівонаў і Блізьнюк, у Лісабоне вымушана прапускалі гульню Шытаў і Стасевіч, ключавыя фігуры ў сёньняшнім БАТЭ. Але мяркую, што гісторыі ўласьціва паўтарацца: тое, як БАТЭ правёў хатні матч супраць „Ювэнтуса“ ў мінулым годзе, дае падставы меркаваць, што хатняя гульня з „Эвэртанам“ будзе вельмі падобная да той сустрэчы і БАТЭ дасьць як мінімум бой вялікай камандзе ангельскай прэм’ер-лігі”.

За тыдзень да прыезду лівэрпульскага “Эвэртана” ў Менск разгарэліся жарсьці вакол заўзятараў. Амбасада Вялікай Брытаніі ў гэтыя дні выдае візы беларускім аматарам футболу, якія маюць падтрымаць зборную Беларусі ў матчы супраць Англіі 14 кастрычніка ў Лёндане ў рамках адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету 2010 году. Аднак ня ўсе ахвотныя з-за недастатковай фінансавай забясьпечанасьці і адсутнасьці маёмасьці атрымалі брытанскую візу, што спарадзіла хвалю незадавальненьня. Некаторыя з пакрыўджаных фанатаў нават заклікаюць беларускую амбасаду да адэкватных крокаў — не пусьціць у Менск тую ж колькасьць фанатаў:

“Ніякага звароту пакуль не рыхтуем, бо чакаем, як на сытуацыю адрэагуе Фэдэрацыя футболу. Ня ведаю, што будзе рабіць амбасада Брытаніі, але ўсе павінны разумець: ёсьць сустрэчная рэч. 1 кастрычніка БАТЭ гуляе з „Эвэртанам“. Да нашага амбасадара ў Лёндане таксама даведзена, што адбываецца ў Менску.
Па вялікім рахунку, сустрэчныя захады павінны быць адэкватныя — дакладна гэтак жа „рэзаць“ заўзятараў „Эвэртана“.
Па вялікім рахунку, сустрэчныя захады павінны быць адэкватныя — дакладна гэтак жа „рэзаць“ заўзятараў „Эвэртана“. Ня ведаю, наколькі палітычна матывавана нам прыцягваць сюды турыстаў, каб валюту атрымаць, але, па вялікім рахунку, адэкватным быў бы крок — „завярнуць“ палову брытанскіх заўзятараў. Бо летась яны ехалі ўвогуле па бясплатных візах. Мы толькі спадзяемся, што людзі, знаёмыя з папярэдняй консульскай службай, усё ж выйдуць на стары склад і паўплываюць на сытуацыю”.

У сваю чаргу, у амбасадзе Вялікай Брытаніі ў Менску запэўніваюць, што адмовы ў атрыманьні візаў не перавышаюць 10% ад агульнай колькасьці заяўнікаў.

Нагадаем, што сёлета чатыры каманды зь Беларусі змагаліся за права трапіць у асноўную эўракубкавую сетку. У выніку задачу-мінімум выканаў толькі БАТЭ, усе астатнія сышлі з дыстанцыі на другім адборачным этапе. І пры гэтым страцілі шанец папоўніць досыць сьціплыя камандныя бюджэты. Апроч відавочнай місіі — прадстаўляць Беларусь на эўрапейскай арэне — каманда, якая дайшла да групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў ці Лігі Эўропы, атрымлівае адчувальныя дывідэнды. Летась, трапіўшы ў футбольную эліту “жабраком” па мерках эўрапейскіх грандаў, БАТЭ рэальнай гульнёй зарабіў больш за 6 мільёнаў эўра. Хоць расцэнкі ў Лізе Эўропы істотна саступаюць галоўнаму кантынэнтальнаму клюбнаму спаборніцтву, яны ўсё ж непараўнальныя зь фінансаваньнем у беларускім чэмпіянаце. Футбольная бухгальтэрыя выглядае наступным чынам.

Выплаты ў Лізе Эўропы, эўраВыплаты ў Лізе чэмпіёнаў, эўра
1-ы кваліфікацыйны раўнд90.0001-ы адборачны раўнд130.000
2-і кваліфікацыйны раўнд90.0002-і адборачны раўнд130.000
3-і кваліфікацыйны раўнд90.0003-і адборачны раўнд130.000
раўнд плэй-оф90.0002.100.000
выхад у групавую стадыю1.000.0007.100.000
перамога ў групе140.000800.000
нічыя ў групе70.000.400.000
1/16 фіналу200.000
1/8 фіналу300.0003.000.000
1/4 фіналу400.0003.300.000
1/2 фіналу700.0004.200.000
фіналіст2.000.0005.500.000
пераможца3.000.0009.000.000
бонус пераможцам нацыянальных чэмпіянатаў200.000
XS
SM
MD
LG