Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Анімаёўцы” з 42 мульцікаў толькі тры па-беларуску


Шыльда фэстывалю зь лягатыпамі краінаў-удзельніц.

Шыльда фэстывалю зь лягатыпамі краінаў-удзельніц.

Сёньня ў Магілёве распачаўся XII міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2009”. У праграме фэстывалю 42 мультыплікацыйныя стужкі. Сярод іх тры беларускамоўныя, вытворчасьці кінастудыі “Беларусьфільм”.

“На беларускай мове гледачы пабачаць мульцікі „Як Несьцерка пярсьцёнак шукаў“ Ігара Воўчака, „Беларускія прымаўкі“ Міхаіла Тумелі. У конкурсную праграму фэстывалю ўвайшоў таксама мульцік „Аповесьць мінулых гадоў“. Ён таксама па-беларуску. Акрамя таго, „Беларусьфільм“ пакажа тры стужкі па-руску”, паведаміла супрацоўніца аб’яднаньня “Магілёўкінавідэапракат” Сьвятлана Сярбаева.

Фэстываль будзе доўжыцца тры дні. Яго журы, на чале з расейскім рэжысэрам-аніматарам Леанідам Носаравым, мае вызначыць пераможцаў у пяці намінацыях. За званьне пераможцаў будуць змагацца майстры-аніматары зь Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Грузіі, Расеі, Азэрбайджану, Ірану, Кітаю ды Армэніі.

Што да беларускамоўных мульцікаў, то ў 2006 годзе такі быў толькі адзін. Яго адзначылі адмысловым прызам “За захаваньне традыцыяў”. У 2007-м мульцікаў па-беларуску наагул не было. Летась гледачы пабачылі два мульцікі на роднай мове — “Аповесьць мінулых гадоў” і тры часткі мультсэрыялу пра папулярнага фальклёрнага пэрсанажа Несьцерку.

Даведачная інфармацыя пра фэстываль штогод рускамоўная. Назва фэстывалю таксама падаецца выключна па-расейску.

Фэстываль “Анімаёўка” праводзіцца дзеля папулярызацыі найлепшых твораў сусьветнай і айчыннай анімацыі. Арганізатарамі “Анімаёўкі” выступаюць Міністэрства культуры, Дэпартамэнт па кінэматаграфіі, а таксама ўправы культуры магілёўскіх абласнога і гарадзкога выканкамаў.
XS
SM
MD
LG