Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Вэнэсуэлы абвяргае беларускі сьлед у Калюмбіі


Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес

Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес

Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес правёў сёньня прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой цягам амаль паўгадзіны пераконваў беларускіх журналістаў, што адкрыцьцё амэрыканскіх вайсковых базаў у Калюмбіі нясе пагрозу ягонай краіне і іншым дзяржавам Лацінскай Амэрыкі.


Амбасадар Нуньес гаварыў пра тое, што новыя базы, як лічаць у Каракасе, уяўляюць пагрозу для Вэнэсуэлы:

“Чаму базы азначаюць нестабільнасьць? Таму што яны прадстаўляюць наступальны вайсковы патэнцыял каля нашай дзяржаўнай мяжы. А гэта наўпроставая пагроза нашаму нафтаваму і газаваму багацьцю, ня кажучы ўжо пра сувэрэнітэт нашых краінаў. Чацьверты флёт Злучаных Штатаў будзе знаходзіцца каля нашага ўзьбярэжжа. Стратэгічныя самалёты гэтай краіны будуць знаходзіцца за некалькі хвілін ад нашых нафтавых радовішчаў, мастоў, плацін, нафтаперапрацоўчых заводаў і вайсковых казармаў. Гаворка ідзе не пра нейкія меркаваньні, а пра рэальную пагрозу”.

"Гішпанцы хлусяць пра Вэнэсуэлу"


Каб неяк наблізіць гэтую тэму да беларускіх рэаліяў, я папрасіў спадара амбасадара пракамэнтаваць паведамленьне гішпанскага друку. Газэты гэтай краіны нядаўна паведамлялі, што пры ліквідацыі базы наркадзялкоў у Калюмбіі знайшлі ноўтбук, а ў ім нібыта быў адрас Віктара Шэймана. Выказваліся меркаваньні, што Беларусь магла пастаўляць узбраеньне калюмбійскім наркабаронам.

Амбасадар, які на самым пачатку прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што раней ён шмат гадоў працаваў журналістам, адказаў так:

“Вы ведаеце, адказ на гэтае пытаньне павінен быў бы даць урад Беларусі. У Гішпаніі ёсьць шэраг выданьняў, якія штодня публікуюць хлусьню пра Вэнэсуэлу. Напрыклад, быў артыкул пра тое, што наш прэзыдэнт Уга Чавэс баіцца выступіць на Генэральнай сэсіі ААН. Але ж учора ён там выступіў.

Мне як журналісту бывае вельмі сорамна за калег з розных краінаў, якія друкуюць у сваіх выданьнях бяздоказную інфармацыю і нават выдумкі. У гішпанскай прэсе ўвесь час зьяўляюцца артыкулы супраць Вэнэсуэлы. Прыклад — артыкулы пра тое, што Вэнэсуэла нібыта пастаўляла зброю калюмбійскім тэрарыстам. Гэта абсалютна ня так. Вэнэсуэла нічога не пастаўляла Калюмбіі. І нічога ёй не дарыла”.

Базы супраць наркотыкаў?


Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць, што паколькі наркотыкі з Калюмбіі пераважна перавозяць у ЗША, амэрыканскія ўлады дамовіліся з калюмбійскімі, каб нарэшце спыніць гэты паток. Менавіта для гэтага і адкрываліся амэрыканскія вайсковыя базы. Яны павінны стаць пляцдармам у барацьбе з распаўсюдам наркотыкаў. Спадар Якаўлеўскі ўдакладняе:

“Зьяўлялася неаднаразова інфармацыя ў замежным друку пра тое, што да падтрымкі наркапартызанаў маюць дачыненьне Вэнэсуэла і Беларусь”.

Раман Якаўлеўскі лічыць, што прозьвішча Шэймана ўзьнікла невыпадкова:

“Чаму менавіта Шэйман? А таму, што менавіта ён куратар беларуска-вэнэсуэльскай камісіі. Гэта не міжурадавая камісія. Гэта — вышэй. Яе ачольвае Шэйман зь беларускага боку і віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы — зь іхняга. І Вэнэсуэла сёньня кажа, што зьяўленьне амэрыканскіх баз у Калюмбіі нясе пагрозу Вэнэсуэле. Гэта — стандартны антыамэрыканізм, які Чавэс ва ўсю разьдзімае”.

Дарэчы, амбасадар Нуньес сёньня пацьвердзіў, што менавіта пра амэрыканскую пагрозу і зьбіраўся казаць прэзыдэнт Чавэс на публічнай лекцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ад імя прэзыдэнта і амбасады ён папрасіў прабачэньня за тое, што гэтая лекцыя не адбылася.
XS
SM
MD
LG