Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік ахвярам фашызму зьнішчылі дзеля Міколы Цудатворца


Сёньня ў Полацку адбылося адкрыцьцё помніка сьвятому Міколу Цудатворцу. Гэтая падзея прымеркаваная да візыту патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які мае наведаць Полацак 26-27 верасьня. Урачыстасьцям, аднак, папярэднічаў скандал. Каб вызваліць месца пад помнік сьвятому, полацкія ўлады зьнесьлі стэлу ў памяць пра ахвяраў фашысцкага канцлягеру.

Каб усталяваць у Полацку помнік, які быў выраблены ў Расеі за сродкі тамтэйшага дабрачыннага фонду Сьвяціцеля Міколы Цудатворца, полацкія ўлады загадалі зьнесьці іншы — стэлу ў памяць пра ахвяраў фашысцкага канцлягеру.

На думку полацкага краязнаўцы Міхася Баўтовіча, сытуацыя са зносам помніка загінулым грамадзянам Беларусі і ўсталяваньнем падарунка з Расеі атрымалася недарэчная:

“Там каля Спаскага манастыра быў канцэнтрацыйны лягер. Гэта потым іх сталі рабіць больш грунтоўныя. А гэты, адзін зь першых, быў пад адкрытым небам. Сюды звозілі палонных і кідалі, як пацукоў у яму: выжыў — дык выжыў, а памёр — дык памёр. Памірала дужа шмат, бо былі антысанітарныя ўмовы. Дык вось помнік гэтым людзям зьнесьлі, а на гэтым месцы паставілі Міколу Цудатворцу. Нічога не хачу сказаць пра мастацкія якасьці, але ўсё тое, што ў Полацку робяць пад маркай разьвіцьця турызму, адбываецца проста непісьменна”.


Помнікі ў Полацку ставяць без разбору, бо робяць тут так званы турыстычны цэнтар
На думку Міхася Баўтовіча, неабходна праводзіць грамадзкае абмеркаваньне, ці патрэбны ў горадзе той ці іншы помнік, каго варта ўшаноўваць, а каго не. Бо новых помнікаў зьявілася ўжо каля дзясятка, а з палачанамі ніхто ня раіўся. Краязнаўцу гарадзкія ўлады спачатку запрасілі ў адмысловую камісію, якая зацьвярджае праекты, а потым выкрасьлілі адтуль. Бо Міхась Баўтовіч не падтрымлівае ідэю гарвыканкаму пра тое, што чым больш у Полацку помнікаў, тым лепш:

“Можа, у іх камуністычная думка забітая ў галаве, што аднойчы колькасьць пяройдзе ў якасьць, як пісалі клясыкі. Таму й ставяць помнікі без разбору, бо робяць з Полацку турыстычны цэнтар. Такая ў іх канцэпцыя, і так яны яе рэалізуюць”.


Міхась Баўтовіч мяркуе, што далёка ня ўсё ў Полацку трэба ператвараць у турыстычныя забавы. Бо ня варта забывацца, што гэты старажытны горад доўгія стагодзьдзі быў духоўным цэнтрам. І адна з праяваў сапраўднай духоўнасьці — гэта й паважнае стаўленьне да памяці пра тых, хто прыняў пакутніцкую сьмерць у ваколіцах Спаскага манастыра. Для помніка Міколу Цудатворцу ў Полацку магло б знайсьціся і іншае месца.



Чыноўнікі абяцаюць пачаць у наступным годзе будоўлю яшчэ аднаго мэмарыяльнага комплексу ў Полацку


“Свабода” зьвярнулася па камэнтар наконт новага помніка да галоўнага спэцыяліста Полацкага гарвыканкаму Станіслава Красоўскага. Вось што ён заяўляе:

“Прыбралі просьценькую стэлу. Гэтаму папярэднічала паседжаньне гарадзкой рады па ахове гістарычнай спадчыны. Шкада, што афіцыйныя публікацыі пайшлі ў СМІ пазьней, калі мы тлумачылі прычыны гэтага зносу. Калі б пратакол паказалі раней, то менш было б пытаньняў”.

Са словаў Станіслава Красоўскага, улады Полацку мусяць
На полі за ракой Палачанкай пачнём у наступным годзе будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу.
прыслухацца да крыўды спэцыялістаў й гараджанаў. Чыноўнік запэўнівае, што памяць пра ахвяраў фашысцкіх канцлягераў будзе ўшанавана іншым помнікам:

“У нас ёсьць урочышча Пяскі за рэчкай Палата. Там адбывалася будаўнічая праца, у часе якой знайшлі шматлікія людзкія косьці. Такім чынам адшукалі месца масавага расстрэлу ваеннапалонных і вязьняў канцлягеру. Сёньня, дарэчы, мы там былі з мэрам гораду, усё паглядзелі, і сёньня ж на мітынгу на адкрыцьці помніка Міколу Цудатворцу агучым рашэньне, што на полі за ракой Палачанкай пачнём у наступным годзе будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу”, — паведаміў полацкі чыноўнік Станіслаў Красоўскі.

“Гэта зусім антыхрысьціянскі ўчынак”


Давайце скажам шчыра: патрыярх Кірыл, калі ён будзе ў Полацку, не павінен падыходзіць да гэтага помніка.
Пракамэнтаваць спрэчную сытуацыю ў Полацку “Свабода” папрасіла старшыню Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча. Яго меркаваньне:

“Давайце скажам шчыра: патрыярх Кірыл, калі ён будзе ў Полацку, не павінен падыходзіць да гэтага помніка. Таму што зьнішчылі памяць пра безь віны забітых. Упэўнены, што і сьвятому Міколу Цудатворцу не патрэбны помнік у такім месцы. Гэта зусім антыхрысьціянскі ўчынак”.

Даведка “Свабоды”:
Помнік сьвятому Міколу Цудатворцу ўсталяваны на скрыжаваньні вуліц Эўфрасіньні Полацкай і Касманаўтаў. Напярэдадні на гэтым месцы палачане бачылі сьціплую стэлу ў памяць пра закатаваных тут у 1941-44 гадах ахвяраў фашызму. Яе адмыслова зьнесьлі, каб паставіць бронзавую выяву сьвятога, вагой тры тоны, а вышынёй тры з паловай мэтры. Грошы на помнік, які быў зроблены ў Маскве і каштаваў 1 мільён расейскіх рублёў, выдаткаваў расейскі дабрачынны фонд Сьвяціцеля Міколы Цудатворца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG