Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сквэр пад вокнамі рэзыдэнцыі Лукашэнкі стаў Аляксандраўскім


Аляксандраўскі сквэр

Аляксандраўскі сквэр

23 верасьня дэпутаты Менскага гарсавету займаліся назвамі сталічных сквэраў, могілак і некаторых вуліц. Вынік працы — дзясятак назваў, прысвоеных дагэтуль безыменным ці наўмысна забытым тэрыторыям.

Новыя сквэры Менску (глядзі на мапе)

Ці не ўпершыню Менгарсавет прыслухаўся да голасу знаўцаў, якія патрабавалі вяртаньня сталічным вуліцам гістарычных назваў. У прыватнасьці, сквэр паміж вуліцай Гікалы і Пушкінскай бібліятэкай у раёне ЦУМу цяпер завецца Бондараўскім. Да сярэдзіны 1960-х Бондараўскай называлася вуліца Гікалы, таму хоць часткова, але гістарычная справядлівасьць адноўленая.

Фрагмэнтарна вернутая менчукам знакамітая Ляхаўка. Сквэр паміж вуліцамі Кастрычніцкай, Ульянаўскай і Беларускай названы Ляхаўскім. Паўстагодзьдзя таму яго заклалі ў прадмесьці Ляхаўка, якое было адным з самых вялікіх і густанаселеных у даваенным Менску.

Сквэр паміж вуліцамі Грыбаедава і Ігнаценкі названы Татарскім. У гэтым раёне спрадвек месьцілася татарская “калёнія”, а цяпер тут узводзіцца мячэт. Сквэр жа паміж вуліцамі Дзекабрыстаў, Парашутнай і Папаніна названы Грушаўскім. Ён месьціцца на тэрыторыі колішняга прадмесьця Грушаўка, якое ўзьнікла яшчэ ў XIX стагодзьдзі.

Упершыню ў Менску ўшанаванае імя слыннага паэта Адама Міцкевіча (калі не лічыць, што на пачатку ХХ стагодзьдзя цягам 9 месяцаў так называўся кавалак цяперашняга праспэкту Незалежнасьці). Імем Міцкевіча названы сквэр на скрыжаваньні Гарадзкога Вала, вуліц Нямігі і Валадарскага. У 2003 годзе тут усталяваны помнік творцу.

Пра апошнія перайменаваньні — спэцыяліст у галіне горадазнаўства Захар Шыбека:

Захар Шыбека
“У прынцыпе, гаворка ня йдзе пра тое, што нешта ўзноўлена адзін да аднаго. Бо ў шэрагу выпадкаў такіх сквэраў з такімі назвамі і не існавала. Але самі па сабе назвы, натуральна, адлюстроўваюць характар забудовы і гістарычную спэцыфіку гэтых гарадзкіх кварталаў у мінулым”.

Адзін з ініцыятараў вяртаньня даўнейшых назваў у Менску — Іван Сацукевіч, сябра тапанімічнай камісіі пры Менгарвыканкаме. Фактычна дэпутаты ўхваляюць, сярод іншага, і ягоныя прапановы:
мы ўзнаўляем гістарычную памяць ...

“Мы распрацоўвалі гэты праект, а дэпутаты Менгарсавету яго зацьвердзілі. Усе гэтыя назвы гістарычныя, яны маюць аснову. Кожны сквэр паказвае гістарычнае разьвіцьцё рэгіёну, і мы проста вярнулі гістарычныя назвы. Той жа Аляксандраўскі сквэр, які называлі то Цэнтральным, то Тэатральным. Безумоўна, яму трэба было вярнуць і замацаваць юрыдычна гэтую назву. Татарскі сквэр, дзе былі татарскія могілкі калісьці. Могілкі зьнішчылі, але сквэр застаўся. Такім чынам мы ўзнаўляем гістарычную памяць. Грушаўскі, Ляхаўскі сквэры, ды многія іншыя. Безумоўна, вельмі станоўчы працэс, які адбываецца зараз”.

Ці можна казаць, што ў сьвядомасьці чыноўнікаў паступова адбываюцца станоўчыя зрухі? Бо ўспрымалася б цалкам натуральна, каб у назьве безыменнага сквэру зьявіўся чарговы партыйны дзеяч савецкай эпохі:

“Для гэтага і ёсьць камісія, якая адсейвае, так скажам, не зусім удалыя прапановы. Паколькі ў камісіі ня толькі я спэцыяліст, а там і гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў, і дырэктар гістарычнага архіву Ала Галубовіч, і мэтар нашай гісторыі літаратуры Адам Мальдзіс, то з такой колькасьцю прафэсіяналаў, паверце, дрэнныя назвы прайсьці ня могуць”.

“А ці можа працэс перакінуцца і на вуліцы гораду?”

“Гэтае пытаньне ўжо не да нас, а да кіраўніцтва Менску. Мы робім толькі праекты і прапановы акумулюем. Вы можаце напісаць нам у камісію, напісаць гарадзкому кіраўніцтву. Калі б прыйшлі тысячы лістоў, кіраўніцтва гораду, думаю, на гэта адрэагавала б. А паколькі лістоў няма, то няма і праблемы”.

У некаторых перайменаваньнях усё ж адчуваецца дваісты сэнс. Згаданы сквэр у самым цэнтры Менску, паміж вуліцамі Маркса, Энгельса і праспэктам Незалежнасьці цяпер называецца Аляксандраўскім. Увогуле ў народзе гэтае месца з фантанам у цэнтры вядомае як Панікоўка, але непасрэдная блізіня да адміністрацыі Лукашэнкі штурхае да пэўных аналёгій. Між тым адзін з найстарэйшых сквэраў атрымаў назву ад капліцы імя Аляксандра Неўскага, якая была там збудаваная ў 1870 годзе.

Так выглядаў Аляксандраўскі сквэр напачатку 20 стагодзьдзя


Вуліцы, што праектуецца паміж вуліцамі Адаеўскага — Бельскага — Панамарэнкі, прысвоена імя паэта Кастуся Кірыенкі. Вуліцы № 7, якая праектуецца ў мікрараёне Масюкоўшчына 6, прысвоена імя заслужанага будаўніка Валерыя Чычурына. Могілкі “Піянэрскія” ў Цэнтральным раёне Менску перайменаваныя ў “Крупцы” — тут яшчэ ў XVI стагодзьдзі хавалі нябожчыкаў жыхары вёскі Крупцы. А могілкі “Дружба” ў Маскоўскім раёне атрымалі назву “Брылеўскія”, з прычыны суседзтва зь мікрараёнам Брылевічы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG