Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 24 верасьня

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы ўдакладняюць, ці насамрэч сабраны ўвесь ураджай, параўноўваюць жыцьцё беларускіх і расейскіх пэнсіянэраў, адгукаюцца на маючы адбыцца візыт патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Улады правялі “Дажынкі”, адрапартавалі пра завяршэньне ўборкі ўраджаю. Аднак нашыя слухачы нязгодныя, што жніво ў Беларусі завершана.

Спадарыня:
“Па сёньня ляжыць, абсыпаецца каля 25 гектараў ячменю з гарохам. Няўжо столькі намалочана? Гэта ў нас так у вёсцы робіцца. Сядзяць на палях бур’яны. Хвалімся: мы намалацілі! Што мы намалацілі? Вы палову зерня пакінулі на палях, а хочаце дзесьці чагосьці дабіцца! У фэрмэрскай гаспадарцы цябе прыніжаюць, не глядзіць Саўчанка, чаму ніхто нічога ня бачыць? Простага чалавека, простага селяніна... Душа баліць мая, разрываецца!”

У ня менш эмацыйным тоне — і наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “У мяне працоўны стаж 39 год. Я прапрацавала: калгас, саўгас, калгас, райсельгастэхніка і тры гады толькі ў лясьніцтве. Чаму б нам, пэнсіянэрам, якія маюць званьне “Вэтэран працы”, не ўпрыгожыць гэтае званьне “Вэтэрана працы” “трынаццатай пэнсіяй”? Бо мы ж працавалі ў калгасе па пяць, па шэсьць год за пустыя працадні...”

Тэму пэнсійнага забесьпячэньня працягвае наступны слухач.

Спадар: “Уразіла выказваньне Пуціна, што з наступнага году ў Расеі сярэдняя пэнсія стане каля 8000 расейскіх рублёў, гэта прыкладна 720 тысяч беларускіх рублёў. То бок пэнсія на ўзроўні падпалкоўніка ў адстаўцы. 10 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту. 10 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту Расеі пойдзе на пэнсійнае забесьпячэньне. Гэта прыкладна столькі ж, колькі і на Міністэрства абароны”.

У наступных выпусках “Званкоў на Свабоду” мы прадоўжым узьнятую тэму — высьветлім, як выглядаюць аналягічныя суадносіны ў беларускім бюджэце. А пакуль — водгук на распачатую ўчора размову пра тое, наколькі апраўданае патрабаваньне дробных прадпрымальнікаў да ўраду: яны пагаджаюцца гандляваць беларускімі таварамі, калі атрымаюць дазвол на продаж піва. Многія слухачы палічылі, што гэта справакуе далейшую алькагалізацыю краіны. Аднак ёсьць і іншае меркаваньне.

Спадарыня: “Ларысе зь Менску хачу нагадаць, што піва ўжываюць ня толькі алкашы, але і цалкам прыстойныя людзі, якія не злоўжываюць гэтым напоем. Я ня бачу нічога кепскага ў тым, што пасьля працы нармальнаму чалавеку ня трэба бегчы ў супэрмаркет па піва, а набыць у кіёску, на прыпынку і дома перад тэлевізарам яго выпіць”.

Слухачы задаюць пытаньні ў зьвязку зь візытам у Беларусь патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Аляксандар Далін: “Калі Міхаіл Гарбачоў наведаў праваслаўны храм у Ерусаліме, то ён сказаў, паглядзеўшы на выяву Ісуса Хрыста: “Гэта быў першы і апошні камуніст на зямлі”. Ці згодныя вы зь меркаваньнем Міхаіла Гарбачова?”

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — супрацоўнік Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтру імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла Дзьмітры Шыла:

Дзьмітрый Шыла
“Канечне ж, не пагаджаюся. Цягам 2000-гадовай гісторыі хрысьціянства ў першую чаргу заўсёды была пільная ўвага да Хрыста — былі разнастайныя ацэнкі як ягонай асобы, так і дзейнасьці. Ідэя “Хрыстос — камуніст” узьнікла практычна адначасова з нараджэньнем ідэі камунізму ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. Пэўныя лібэральныя лідэры СССР і КПСС таксама выказваліся ў такім духу. Таму нічога арыгінальнага ці дзіўнага ў працытаваных слухачом словах Гарбачова няма. Ну, а праваслаўныя хрысьціяне наагул з такім азначэньнем не пагаджаюцца — Хрыста нельга абмяжоўваць нейкімі палітычнымі, культуралягічнымі, сацыяльнымі й іншымі азначэньнямі альбо тэрмінамі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG