Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаўся ў злачынстве? Адказвай!


Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем галасуе на выбарах, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем галасуе на выбарах, архіўнае фота

Прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў перадалі ў генпракуратуру Беларусі зварот 50-ці па факце фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Аўтары звароту патрабуюць пачаць крымінальную справу па факце заявы Аляксандра Лукашэнкі пра фальшаваньне вынікаў выбараў.

Нагадаем, 26 жніўня ў інтэрвію газэце “Известия” кіраўнік Беларусі заявіў, што за яго прагаласавала на апошніх выбарах 93%. Але потым, калі на яго пачалі ціснуць, выбары былі сфальшаваныя: А.Лукашэнка аддаў каманду, каб не было 93%, а недзе каля 80-ці. Маўляў, больш за 90 псыхалягічна не ўспрымаецца. Пад зваротам у пракуратуру падпісаліся 50 вядомых асобаў — палітыкаў, грамадзкіх і культурных дзеячаў. Сярод іх Аляксандар Казулін, Анатоль Лябедзька, Мечыслаў Грыб, Віктар Дашук, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў. Але ці не запозна пададзеная заява? Лідэр ПКБ Сяргей Калякін патлумачыў:

Сяргей Калякін
“Зьявіліся новыя абставіны. Ёсьць усе падставы для таго, каб пракуратура, якая павінна глядзець за тым, што адбываецца, у адпаведнасьці з заканадаўствам, мусіла ўсё ж разабрацца. Бо гэта вельмі цяжкае злачынства — фальшаваньне выбараў. І калі кіраўнік дзяржавы пра гэта кажа, што ён сам даваў загад на тое, каб фальшаваць, пракуратура сама павінна была пачаць крымінальную справу, каб высьветліць працэс. Таму па факце заявы мы і падаем у пракуратуру ліст, у якім патрабуем, каб пракуратура па факце пачала крымінальную справу і высьветліла, хто што фальшаваў. Гэта не бывае запозна ці зарана. Мы раней таксама зьвярталіся і ў пракуратуру, і ў Вярхоўны суд па выніках выбараў. Сёньня ёсьць новыя абставіны”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які перадаваў ліст у генпракуратуру, ня мае спадзеву, што крымінальная справа будзе ўзбуджана. Аднак праяўляюць актыўнасьць звычайныя выбаршчыкі:

Анатоль Лябедзька
“Для нас вельмі важна зараз абудзіць дыскусію ў сваім грамадзтве, бо далёка ня ўсе людзі чытаюць газэту “Известия”. І гэта пэўны мэсыдж да міжнароднай супольнасьці з акцэнтам на тое, што мы маем сёньня. Але з фактам перадачы самой заявы ня спыніцца збор подпісаў, які ўзьнік стыхійна, пад гэтым зваротам у генпракуратуру. Чаму гэта трэба рабіць — бо мы знаходзімся напярэдадні новых выбарчых кампаній”.

Лідэра руху “За свабоду”Аляксандра Мілінкевіча сярод падпісантаў пакуль няма. Ён кажа, што ніхто да яго не зьвяртаўся, але ён падпісаў бы гэтую заяву, бо неабходна прыцягваць увагу грамадзтва да злоўжываньняў уладай і фальшаваньня выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч
“Мы нядаўна атрымалі ад Камітэту правоў чалавека ААН пацьверджаньне, што ў нас незаконна канфіскоўвалі падчас выбараў афіцыйную рэклямную прадукцыю. І яны пацьвердзілі, што ўлада мусіць гэта скампэнсаваць і прасіць прабачэньня, чаго ня робіць. Але такіх злоўжываньняў многа, і мы дагэтуль атрымліваем такія пацьверджаньні”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG