Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Вярбіцкі: “У бізнэсе галоўнае — не спыняцца”


Валер Вярбіцкі
Валер Вярбіцкі

Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне — “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Прадпрымальнік Валер Вярбіцкі трымае ў Магілёве абутковую майстэрню. Ён шавец-спадчыньнік. Тым жа рамяством займаліся ягоныя бацька і дзед. Першыя крокі ў бізнэсе пачаў рабіць на пачатку дзевяностых. Яны й былі для яго самымі цяжкімі.

“Таму што ня меў досьведу ў гэтым. Я шмат наведваў Польшчу. І там былі маленькія прыватныя майстэранькі, крамкі. Яны штурхалі да думкі, чаму ў нас такога ня можа быць. Усё ж калі працуеш сам на сябе, для мяне гэта лепей. Самае галоўнае — не сумаваць напачатку. Ісьці, ісьці ды ісьці. Бываюць такія моманты, калі нешта не атрымліваецца, што проста хочацца плюнуць, і ўсё. Але вада, як кажуць, і камень точыць”.

Ці заможныя людзі прадпрымальнікі?

“Так людзі нешта зарабляюць, але ці можна сказаць, што яны заможныя? Чалавек, які працуе недзе ўва Францыі ці Нямеччыне, жыве з большым дастаткам. З кім параўноўваць? З чалавекам, які працуе на заводзе? Шчыра кажучы, ну, атрымлівае ён крыху болей. Але колькі часу яны працуюць? У іх нават ноччу думкі не сунімаюцца. Што можна назваць бізнэсам? Калі мы езьдзілі ў Польшчу ды зараблялі па дзьвесьце даляраў, тыднямі на тых рынках стаялі — хіба можна назваць гэта бізнэсам? Я лічу, што не. Бізнэс — гэта нешта сталае”.

Ці верыць прадпрымальнік Вярбіцкі ў шчасьлівую будучыню беларускага бізнэсу? Верыць, але яна прыйдзе ня хутка.


“Шмат людзей у кабінэтах папросту ня ведаюць сытуацыі. Яны папросту зажэрліся. Вось простае слова. Адарваліся ад жыцьця. Апошнім часам шмат кажуць. Ня ведаю, што з гэтага атрымаецца. Школа — гэта ёсьць, досьвед ёсьць, проста скарыстацца зь яго — і ўсё. Ня трэба нічога выдумляць”.

Валеру Вярбіцкаму 41 год. Свой бізнэс пачынаў разам з жонкай. Цяпер яму дапамагае большы сын. Меншы пакуль ходзіць у садок. Шавецкай справе вучыўся, акрамя бацькі і дзеда, яшчэ і ў армянаў. Яны пры канцы васьмідзясятых пачалі першымі адчыняць абутковыя майстэрні ў Магілёве. Валер Вярбіцкі ўдзельнічаў у прадпрымальніцкіх акцыях пратэсту ў 2008 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG