Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда Свабоды

Менск, вуліца Фрунзе, 5
У гэтым доме з 1976 па 2006 год месьціўся Дом літаратара Саюзу пісьменьнікаў БССР (Саюзу беларускіх пісьменьнікаў) — адзін з найважнейшых асяродкаў руху за незалежнасьць і свабоду Беларусі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Дом літаратара з другой паловы 1980-х і да сярэдзіны 2000-х, аж пакуль улады не забралі яго ў пісьменьнікаў, быў адным з найважнейшых асяродкаў свабоды для людзей літаратуры, мастацтва, журналістаў, навукоўцаў. Нудныя сходы пра ролю літаратуры ў камуністычным грамадзтве зьмяніліся гарачымі дыскусіямі пра будучыню Беларусі на ўсіх паверхах Дома, са сцэны актавай залі засьпявалі свабодалюбныя барды і беларускія рок-гурты. Тут праводзіліся зьезды і канфэрэнцыі апазыцыйных партыяў і рухаў, утвараліся недзяржаўныя арганізацыі, групы падтрымкі выпрацоўвалі тактыку барацьбы дэмакратычных кандыдатаў на выбарах у Вярхоўны Савет 12 і 13 скліканьня.

У 1988 годзе кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў прытуліла ў Доме літаратара і аргкамітэт для стварэньня Беларускага народнага фронту. Пакой № 306, дзе працаваў літкансультантам Алесь Емяльянаў, стаў часовым штабам будучага БНФ. Тагачасны сакратар Саюзу пісьменьнікаў Ніл Гілевіч успамінае, як ціснулі ўлады на старшыню Саюзу Максіма Танка (Яўгена Скурко):

“Усё, бывала, зойдзе і кажа: “Ніл Сямёнавіч, трэба ж нешта рабіць. Я ж вас прасіў не аднойчы. Хай яны пакінуць Дом літаратара. Бегаюць тут нейкія патлатыя хлопцы па лесьвіцы, туды-сюды, проста як гаспадары тут”. Я кажу, што яны шукаюць месца, яны ня будуць увесь час. Я тады клічу да сябе Алеся Емяльянава і кажу: “Алесь, на наступным пасяджэньні сакратарыяту будзе разглядацца пытаньне аб прысутнасьці ў тваім пакоі штабу БНФ. Абяцай, каб заспакоіць Яўгена Іванавіча, што хутка штаб ня будзе тут. На цябе трошку пасварацца прысутныя. Ты на гэта не зьвяртай увагі”. Ён абяцаў, але гэта яшчэ цягнулася доўга. Заходзілі туды і Быкаў, і Пазьняк, і іншыя актывісты. Натуральна, раз кіраўніцтва Саюзу не выганяе з будынку аргкамітэт, тады ўлады пайшлі іншым шляхам. Аднойчы ноччу міліцыя ўзламала дзьверы ў 306-ы пакой і ўварвалася туды, нешта шукалі забароненае”.

Актыўнасьць пісьменьнікаў у змаганьні за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі, іх адкрытасьць да супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі сіламі краіны сталі прычынай таго, што Аляксандар Лукашэнка забраў іхны Дом, — лічыць паэт Уладзімер Някляеў, былы старшыня Саюзу:

“Я быў арганізаваў сустрэчу сяброў рады Саюзу пісьменьнікаў з Лукашэнкам. І ён нам сказаў: “Вы там будзеце праводзіць адзін за адным апазыцыйныя сходы, скіраваныя супраць улады, а я вам буду пакідаць для гэтага маёмасьць?! Не, браткі мае, гэтага ня будзе!” ... У нашым Доме былі такія спрэчкі пякельныя пра будучы лёс нашай краіны, там было столькі аптымізму і столькі горычы разьлілося!.. Вось калі б гэтыя сьцены агучылі ўсё тое, што яны чулі, а рэчы, якія там пазаставаліся, змаглі б выдаць эмоцыі тых людзей, якіх яны бачылі, гэта магло б стаць такім віртуальным музэем, падобнага якому ў Беларусі няма”.

З Дома літаратара пад жалобна аздобленымі бел-чырвона-белымі сьцягамі ў прысутнасьці тысячаў людзей выносілі труны Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, унёсак якіх у барацьбу за свабоду быў ня меншы, чым у літаратуру.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG