Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад хоча ўзаконіць масавую дактыляскапію


Беларускі ўрад прапануе ўвесьці абавязковую дактыляскапічную рэгістрацыю ваеннаабавязаных. Адмысловыя дапаўненьні і зьмены ў закон “Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі” паступілі ў Палату прадстаўнікоў.

Пасьля выбухаў падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня мінулага году ў грамадзянаў Беларусі ў масавым парадку бяруць адбіткі пальцаў. Дзеля гэтага выкарыстоўваюць ваенкаматы. Таксама і юнакам прызыўнога ўзросту дагэтуль дасылаюць позвы, у якіх напісана: “Прапануем вам зьявіцца для дактыляскапічнай рэгістрацыі, пры сабе мець пашпарт і ваенны білет”. Пасьля ўвядзеньня зьменаў у закон, гэтая працэдура стане абавязковай.

Паводле старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы, сябра аб’яднаньня “Белая Русь” Віктара Гумінскага, “жыцьцё падказала, што ў гэтым ёсьць неабходнасьць”. Ці зьвязаны гэты законапраект з пошукамі асобаў, якія ўчынілі выбух 4 ліпеня мінулага году?

Віктар Гумінскі
“Я гэтага выключыць не магу. Законапраект толькі паступіў і мы яшчэ падрабязна не разьбіраліся зь ім. Але я гэтага не выключаю, што гэта магло быць адным з наступстваў”.

Але ці зьяўляецца законнай дактыляскапічная рэгістрацыя, якая праводзіцца ўжо цягам году пры адсутнасьці адпаведнага заканадаўства?

“Усё там робіцца правільна. Праводзіцца ў добраахвотным парадку. Тыя, хто адмаўляецца, яе не праводзяць”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер дактыляскапію праходзяць мужчыны ва ўзросьце ад 18 да 55 гадоў, якія стаяць на вайсковым уліку. На гэты момант яе прайшлі больш за мільён асобаў, што складае 49,5% ваеннабавязаных.

Камэнтуючы выказваньні дэпутата старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, Алег Гулак заяўляе, што Віктар Гумінскі альбо ня ведае рэальнай сытуацыі альбо ня хоча яе ведаць.

Алег Гулак
“Бо скаргаў і ў пракуратуры, і ў Канстытуцыйным судзе, і ў судах на прымусовасьць дактыляскапізацыі шмат. І парушэньняў законнасьці ў гэтым сэнсе было шмат. Большасьць была проста ўведзена ў зман. А што да новага закона, то падстаў для пагалоўнага дактыляскапаваньня ў краіне няма. Такой неабходнасьці няма. Калі чалавек ваеннаслужачы, то гэта адна справа. А калі чалавек ваеннаабавязаны, гэта азначае ў выніку вайны магчымы яго прызыў у войска, я ня думаю, што гэта дастатковая падстава для таго, каб настолькі ўмешвацца ў асабістае жыцьцё чалавека. Тым больш, што ў нас няма ніякай гарантыі, што мы будзем ведаць, як захоўваюцца гэтыя пальчыкі, што гэта ня будзе выкарыстана неяк супраць некага. Няма ў мяне такога даверу да нашай праваахоўнай сыстэмы, якая чорнае называе белым. Калі яны ня бачаць парушэньняў у відавочным, то што будзе, калі гэта ўсё будзе ў іх руках? Няма ўпэўненасьці, што яны будуць рабіць правільна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG