Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белавескія беларусы могуць апынуцца ў ахоўнай зоне


Беларусь і Польшча сёлета адзначаюць 600-годзьдзе Белавескай пушчы. Што гэта значыць? Мы папрасілі растлумачыць нам гэты юбілей доктара біялёгіі Томаша Самойліка, які працуе ў Інстытуце дасьледаваньня сысуноў Польскай акадэміі навук у Белавежы.

Самойлік: Гэты год па абодва бакі мяжы, у Польшчы і Беларусі, абвешчаны годам 600-годзьдзя Белавескай пушчы, а дакладней, годам 600-годзьдзя аховы Белавескай пушчы. А насамрэч, сёлета мінае 600 гадоў з часу першай згадкі Белавескай пушчы ў пісанай крыніцы як каралеўскай пушчы ці вялікакняскай пушчы. Проста ў „Хроніцы” Яна Длугаша пад 1409 годам згадваецца паляваньне караля Польшчы Ўладзіслава Ягайлы перад вялікай бітвай з ордэнам крыжакоў. Паводле запісу, Ягайла тут паляваў восем дзён, робячы запасы харчоў перад расправай з крыжакамі. Канешне, гэтая пушча існавала і да 1409 году, але запіс Длугаша сьцьвярджае ўпершыню, што гэтая пушча мела статус каралеўскай пушчы і была каралеўскай маёмасьцю. А гэта азначае, у перакладзе на сёньняшнюю мову, што пушчу тады ахоўвалі. Тая ахова не нагадвала сёньняшняй аховы, бо пушча не была прыродным запаведнікам ці нацыянальным паркам. Гэта была каралеўская маёмасьць падобнага характару, як замак Вавэль у Кракаве. Ніхто беспакарана ня мог увайсьці ў гэтую пушчу і вынесьці адтуль нешта без каралеўскага дазволу.
Томаш Самойлік

Што яшчэ? Тое вялікае паляваньне караля Ягайлы сьведчыць, што тады існавала вялікая грамада каралеўскай службы — асочнікаў, галоўнай функцыяй якіх было абслугоўваньне каралеўскіх паляваньняў і дапамога ў ім. Але паміж каралеўскімі паляваньнямі яны ахоўвалі каралеўскую маёмасьць, гэта значыць, пушчу. Ахоўваліся перад усім пушчанскія нетры са зьвярынай, дзе яна разводзілася і пражывала. Потым тая асочніцкая служба відазьмяналася і разрасталася, да яе далучаліся стралкі, наглядчыкі і г.п. У XVIII стагодзьдзі пушчу пільнаваў гурт каля 300 чалавек, разьмешчаных у навакольных вёсках.

Максімюк: А як сёньня выглядае сытуацыя з аховай Белавескай пушчы?

Самойлік: Сёньняшняя сытуацыя па абодва бакі мяжы адрозьніваецца. Як вядома, пасьля ІІ сусьветнай вайны было прынятае палітычнае рашэньне падзяліць пушчу паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Усходняя частка з самага пачатку гэтага падзелу была абвешчаная прыродным запаведнікам — хоць, безумоўна, з пэўнымі выключэньнямі адносна гаспадарчай дзейнасьці. А з польскага боку сытуацыя выглядае зусім іначай. Нацыянальны парк, які тут стварылі, пачаткова ахопліваў ўсяго 10 адсоткаў паверхні пушчы з нашага боку. Цяпер ён складае 16 адсоткаў гэтай паверхні. А астатняя частка адмініструецца трыма лясьніцтвамі: Гайнаўкай, Белавежай і Броўскам. І ў гэтай пераважнай частцы пушчы вядзецца лясная гаспадарка, уключна з высечкай.

На шчасьце, існуе імавернасьць, што гэтая сытуацыя зьменіцца. Мы спадзяемся, што яна зьменіцца ўжо сёлета, таму што польскае Міністэрства прыроднага асяродзьдзя вельмі актыўна імкнецца пашырыць абшар Белавескага нацыянальнага парку. Мы яшчэ ня ведаем, якая канцэпцыя пераможа. Адна канцэпцыя прапануе пашырыць нацыянальны парк на ўсю польскую частку пушчы. А другая крыху сьціплейшая: яна прапануе ўключыць у нацыянальны парк палову сучаснага польскага абшару пушчы. Аднак нягледзячы на тое, каторая з гэтых канцэпцый пераможа, гэта будзе вялізны крок уперад. І гэта будзе знакаміты перагук з гістарычнай традыцыяй, калі пушча была каралеўскай і ахоўвалася ў цэласьці.

Максімюк: Я прыгадваю сабе, што некалькі добрых гадоў таму тутэйшыя, пушчанскія людзі пратэставалі супраць пашырэньня нацыянальнага парку, баючыся, што яны згубяць працу і крыніцу ўтрыманьня. Як выглядае грамадзкая думка на гэты конт цяпер?

Самойлік: Цяпер жыхары зьмянілі свой падыход да праблемы, хоць не да канца. Гэтая зьмена зьвязаная з тым, што на працягу тых некалькіх гадоў, якія мінулі пасьля першай спробы пашырыць нацыянальны парк, зьмянілася эканамічная сытуацыя тутэйшых людзей. Штораз больш людзей жыве з пушчы, не высякаючы яе, а выкарыстоўваючы яе турыстычныя і адукацыйныя якасьці. Кажучы папросту, людзі здаюць свае дамы на кватэры агратурыстам, водзяць турыстаў на экскурсіі. І людзі бачаць, што якраз у гэтым найбольшая вартасьць пушчы — ня ў тым, каб нешта высекчы і вывезьці адсюль, а ў тым, што пушча дзейнічае як магніт на турыстаў з усяго сьвету. Спосаб думаньня, як я ўжо казаў, памяняўся яшчэ не да канца, і пушчанскія гміны ўсё яшчэ выстаўляюць свае патрабаваньні ў сувязі з пашырэньнем нацыянальнага парку. Я спадзяюся, што гэтым разам да ўсіх нарэшце дойдзе, што пашырэньне нацыянальнага парку — гэта эпахальная справа.
XS
SM
MD
LG