Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія міліцыянты, такія і пратаколы


Пракуратура падчас праверкі выявіла шматлікія парушэньні заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях, дапушчаныя супрацоўнікамі менскай міліцыі.

Апратэставана 26 адміністрацыйных спраў, паводле якіх людзей пакаралі арыштамі ці штрафамі. 11 міліцыянтаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці. Тым часам амаль усе скаргі ад пакараных удзельнікаў вулічных акцый адхіленыя.

Паводле вынікаў пракурорскай праверкі, міліцыянты дапускаюць шэраг сур’ёзных парушэньняў, калі вядуць адміністрацыйныя справы.
• часта не высьвятляюць асобу затрыманага;
• несвоечасова накіроўваюць пратаколы ў суды;
• складаюць пратаколы не за тыя правапарушэньні, якія мелі месца.
Яны даволі часта не высьвятляюць асобу затрыманага. Часам несвоечасова накіроўваюць пратаколы ў суды, і справы даводзіцца спыняць, бо сканчаецца тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці.

26 пакараных, якіх міліцыянты абвінавачвалі ў правапарушэньнях, пракуроры прызналі невінаватымі. 11 міліцыянтаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці. Толькі за некалькі месяцаў 2009 году пракуратура прызнала незаконнымі каля дзясятка судовых пастановаў.

Часам міліцыянты складаюць пратаколы не за тыя правапарушэньні, якія мелі месца. Апазыцыянэры прыгадваюць, што іх даволі часта затрымлівалі за ўдзел у вулічных акцыях, але абвінавачвалі ў нецэнзурнай лаянцы. Пакараныя штрафамі і арыштамі пісалі скаргі ў пракуратуру і суды, каб прысуды прызналі незаконнымі.

Што ж тычыцца апазыцыянэраў, міліцыянты заўсёды высьвятляюць іх асобы. Людзей па некалькі гадзінаў трымаюць у пастарунку міліцыі, пакуль не паступяць зьвесткі з кампутара.

Амаль ніколі апазыцыянэраў да суду не адпускаюць дадому, хаця яны заўсёды зьяўляліся згодна з позвай у міліцыю.

Паводле заканадаўства міліцыянты мусяць паклікаць сьведак правапарушэньня, калі размова ідзе пра дробнае хуліганства. Апазыцыянэры канстатуюць, што гэтага ніколі ня робіцца, а суды давяраюць сьведчаньням міліцыянтаў, якія самі ж і затрымлівалі чалавека. Іншых сьведкаў суды ігнаруюць.

Віктара Івашкевіча пакаралі штрафам за ўдзел у акцыі пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі 9 верасьня. Раней яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях, але абвінавачвалі ў нецэнзурнай лаянцы.

Віктар Івашкевіч
“Міліцыянты затрымліваюць, дастаўляюць у РУУС, там па тры з паловай гадзіны трымаюць і высьвятляюць у начальства, што пісаць. Калі скажуць, што лаяўся матам, яны пішуць, што лаяўся матам. Калі скажуць, што ўдзельнічаў у палітычнай акцыі, яны напішуць, што ўдзельнічаў у палітычнай акцыі.

Самі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць, самі складаюць пратаколы. Суды таксама самастойна не вырашаюць такія справы, а судзяць паводле загаду зьверху. За адно і тое ж ты атрымліваеш штраф, а іншы раз 15 сутак. У іншым выпадку могуць затрымаць, намяць бакі і выкінуць праз тры гадзіны”.

Артура Фінькевіча неаднаразова затрымлівалі падчас вулічных акцый:

Артур Фінькевіч
“Даволі часта складаюць пратакол за тое, што ўдзельнікі акцый нібыта лаяліся матам. Гэта выглядае з усіх бакоў амаральным. Заўсёды сьведкі даюць паказаньні, якія абвяргаюць паказаньні міліцыянтаў, але яны ня ўлічваюцца судом, а ўлічваюцца толькі паказаньні супрацоўнікаў міліцыі.

Нават зь лягічнага пункту гледжаньня выглядае дзіўным, калі некалькі чалавек зьбіраюцца ў адным месцы і пачынаюць адначасова разам лаяцца матам. Таму тыя прысуды, якія даюць нашы суды, выглядаюць абсалютна сьмешнымі”.

Былі адзінкавыя выпадкі, калі судовыя пастановы супраць апазыцыянэраў адмяняліся. Пакараны спачатку мусіць адбыць адміністрацыйны арышт, а потым пракуратура можа прызнаць арышт незаконным. У такіх выпадках людзі ня могуць дабіцца годнай матэрыяльнай кампэнсацыі. Міліцыянтаў жа, якія абвінавацілі невінаватага чалавека, могуць пазбавіць месячнай прэміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG