Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятары бяз права на ўезд у Вялікую Брытанію


Консульства амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску ў масавым парадку адмаўляе беларускім заўзятарам у візах на матч паміж зборнымі Англіі і Беларусі, які адбудзецца 14 кастрычніка ў Лёндане. Фармальная прычына — малыя заробкі і маладосьць заяўнікаў.

Усё гэта, на думку консульскіх работнікаў, спрыяе таму, што беларускія падарожнікі могуць папросту не вярнуцца дадому. Між тым яшчэ на пачатку лета кіраўніцтва брытанскай дыпмісіі абяцала ўсяляк спрыяць заўзятарам зь Беларусі пры афармленьні групавых візаў.

Арганізацыяй замежных паездак заўзятараў на сустрэчы нацыянальнай зборнай Беларусі займаецца турыстычная кампанія “Юнімір”, адмыслова створаная пры Беларускай фэдэрацыі футболу. Адмовы ў афармленьні візаў у Вялікую Брытанію напярэдадні гульні Англія — Беларусь для супрацоўнікаў кампаніі сталі непрыемнай нечаканасьцю:
калі заробак меншы за мільён, то аўтаматычна ідзе адмова...

“Мы падаём туды сваіх турыстаў, а нам адмаўляюць. Але пры гэтым яны аргумэнтуюць, амбасада піша адказы кожнаму чалавеку індывідуальна. Перадусім аргумэнтуюць тым, што недастаткова фінансавых сродкаў. То бок заробкі маленькія і недастаткова эканамічных сувязяў з радзімай. Напрыклад, у чалавека няма нерухомасьці, няма кватэры, няма машыны. Ці, прыкладам, маладыя людзі едуць, яны нежанатыя ці ня маюць дзяцей, тады таксама ўзьнікаюць праблемы. У асноўным даюць візы сямейным, хто мае дзяцей, у каго ёсьць нерухомасьць. Іншымі словамі, хто фінансава забясьпечаны. Але калі заробак меншы за мільён, то аўтаматычна ідзе адмова”.

“Юнімір” прапануе два варыянты знаходжаньня ў Лёндане — “віпаўскі” і бюджэтны. Кошт праграмы з пражываньнем у 3-зоркавым гатэлі “Royal National” з вылетам зь Менску: у нумары на трох — 670 эўра, “сынгл” — 855 эўра. Ёсьць таксама магчымасьць начаваць у студэнцкім гатэлі, а ляцець таньнейшымі рэйсамі з Варшавы ці Коўна. Але ў абодвух выпадках застаецца рызыка страціць ад 300 да 1000 даляраў.




Адзін з “забракаваных” менскіх заўзятараў расказаў, што з групы ў 14 чалавек адмовы атрымала палова. Людзі ня толькі страчваюць магчымасьць наведаць эпіцэнтар эўрапейскага футболу, але і нясуць сур’ёзныя матэрыяльныя выдаткі: у выпадку форс-мажору зь візай вяртаньню не падлягаюць ні консульскі збор, ні аплочаныя квіткі на самалёт і футбольныя матчы. Гэта ж тычыцца і пакрыцьця штрафаў фірмы на браніраваньне гатэлю:

“У нашым выпадку страчваюцца авіябілеты і консульскі збор: 180 і 114 даляраў адпаведна. У “віпаўскім” страты яшчэ большыя, бо пералёт “Белавіа” нашмат даражэйшы. Але парадокс: у чалавека заробак 750 тысяч, яму пішуць, што не хапае грошай, і тут жа “кідаюць” на месячную зарплату. Няма зразумелых патрабаваньняў. Калі зыходзіць з фармальных дакумэнтаў, пазначце, якія дакумэнты патрэбныя. Калі зыходзіць з таго, што фармальныя дакумэнты — лухта і можна зрабіць любыя, то запрасіце на гутарку, як ранейшы пасол рабіў: як толькі ўзьнікалі пытаньні, запрашалі на гутарку і тлумачылі праблему. Дзеяньні новых супрацоўнікаў — “высякаць”. Прычым людзям без тлумачэньня адразу ставяць штамп у пашпарт і такім чынам псуюць пашпартную статыстыку. Бо калі яны пойдуць атрымліваць іншыя візы, ім адразу скажуць: а чаму вам брытанцы адмовілі? То бок, яны ставяць штамп і нумар файла — дадзеныя, на падставе чаго адмоўлена ў візе”.

У амбасадзе Вялікай Брытаніі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, заявіўшы, што ўсе заяўнікі атрымалі неабходныя тлумачэньні ў пісьмовым выглядзе. Аднак, паводле амбасады, не задаволеныя толькі 10% заяваў заўзятараў.

Між тым яшчэ ў чэрвені, калі адзначаўся дзень нараджэньня каралевы, тагачасны Надзвычайны і паўнамоцны пасол Злучанага Каралеўства Найджэл Гулд-Дэвіс заявіў: Брытанія зацікаўленая ў як найбольшай колькасьці беларускіх футбольных заўзятараў на матчы Англія — Беларусь. Паводле ягоных слоў, хоць пытаньне бясплатных візаў для фанатаў не абмяркоўвалася (дабрачынныя акцыі амбасада ладзіць толькі для беларускіх дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў), аднак было абяцана ўсялякае спрыяньне, каб атрымліваць дазвольныя дакумэнты. Дарэчы, летась на аналягічны матч у рамках адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету 2010 году ў Беларусь прыехалі больш за 3 тысячы брытанскіх заўзятараў. І ў тым выпадку амбасада Беларусі ў Лёндане пайшла на беспрэцэдэнтны крок, выдаўшы заўзятарам з туманнага Альбіёну візы бясплатна.

Ангельскія заўзятары ў Менску





Стала вядома, што старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас рыхтуе ліст у амбасаду Вялікай Брытаніі з просьбай паставіцца да беларускіх заўзятараў з разуменьнем — гэтак жа, як летась гэта зрабіла дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Лёндане. Аднак “забракаваныя” брытанскай амбасадай фанаты ўжо патрабуюць аналягічных захадаў у дачыненьні да групы падтрымкі лівэрпульскага “Эвэртана”, які 1 кастрычніка ў рамках Лігі Эўропы будзе гуляць у Менску з барысаўскім БАТЭ.
XS
SM
MD
LG