Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік: ня варта ісьці ў прадпрымальнікі


Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Пра цяжкасьці прафэсіі распавядае гарадзенскі прадпрымальнік Мікалай.

“На дадзены момант адсоткаў семдзесят прадпрымальнікаў ня могуць знайсьці для сябе годную працу. У мяне жонка, напрыклад, бухгальтар, яна хадзіла ўжо і на біржу пыталася. Па-першае, трэба перавучвацца, па-другое, ніхто нідзе на працу не бярэ. Самае большае, што прапануюць, гэта трыста-чатырыста, максымум пяцьсот тысяч рублёў. Як можна пражыць на такія грошы, калі рэпэтытарства для аднаго дзіцяці за месяц каштуе семсот тысяч?!”

Самае цяжкае, вы кажаце, праверкі?


“Я б не сказаў, што самае цяжкае, калі ты ўсё добра вядзеш, але гэтыя праверкі проста не даюць працаваць. Мы выяжджаем у аўторкі працаваць на Паўднёвы рынак, асабіста мяне правяралі шэсьць аўторкаў запар. А аднойчы нават двойчы праверылі. Уяўляеце — як так працаваць? А ў апошні раз проста прыйшлі і глядзелі, як ты працуеш, на якую суму прадаеш. Я лічу, што гэта ўвогуле прыніжэньне чалавечай годнасьці. Стаяў падатковы інспэктар, запісваў, што я прадаю, як, хаця я даю для гэтага поўную справаздачу”.

Хаця ўмовы працы прадпрымальнікаў няпростыя, некаторыя і сёньня робяць спробы распачаць свой бізнэс. Якія падводныя камяні іх чакаюць?


“Пачаткоўцам хацелася б у першую чаргу сказаць, каб яны добра абдумалі — куды яны ідуць, якім таварам яны хочуць гандляваць або якім відам дзейнасьці заняцца. Калі яны хочуць узяць крэдыт, то ў нашай дзяржаве гэта зрабіць няпроста, прычым працэнты вельмі вялікія. Карацей, перш трэба падумаць, ці варта ўвогуле гэта пачынаць? Таму што вельмі складана нам, а калі ў чалавека няма пачатковага капіталу свайго, то я лічу, што ўвогуле ня варта ісьці ў прадпрымальнікі”.

Гарадзенскі прадпрымальнік зьвяртае таксама ўвагу на падаткі:

“Падатковая сыстэма вельмі заблытаная, чыноўнікі самі ня могуць разабрацца ў ёй. Жывы прыклад: нам трэба, калі прадаў тавар на тры базавыя — на сто пяць тысяч, выпісваць талён. Учора па тэлебачаньні выступала кабета, намесьніца кіраўніка абласной падатковай службы, яна сказала, што сума павінна быць большай — сто пяцьдзясят тысяч, толькі ў гэтым выпадку. А нам сёньня, мы тэлефанавалі, сказалі — сто пяць тысяч. Усё вельмі заблытана, падатковая сыстэма не дае нам працаваць увогуле”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG