Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская ўлада імкнецца прыцягнуць прыватных прадпрымальнікаў да продажу залежаў прамысловых тавараў айчыннай вытворчасьці. У абмен за гэта чыноўнікі абяцаюць адміністрацыйныя й падатковыя паслабленьні. Але дробныя бізнэсоўцы ўпарцяцца, гавораць пра вялікую рызыку. Чаму?


Берасьцейшчына


“Чыноўнікі кажуць адно, а робяць зусім іншае”

Сёньня прыватныя гандляры зь берасьцейскага рынку “Юбілейны” зноў скардзіліся “Свабодзе”, што кантралёры з падатковай інспэкцыі замінаюць працаваць. Правяраюць парфуму, абутак і адзеньне. Патрабуюць, каб імпартны тавар быў заменены на айчынны. Сытуацыю ўдакладняе індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер:

“Чыноўнікі кажуць адно, а робяць іншае. Вось ужо другі тыдзень бударажаць розныя праверкі. Працы з-за гэтага аніякай. Ад нас патрабуюць выкананьня, а для іх нібыта закону не існуе. Народ хвалюецца й злуецца”.

Паводле суразмоўцы, на рынку “Юбілейны” больш за дзьвесьце працоўных месцаў. Сёньня на знак пратэсту зачынена амаль палова гандлёвых ралетаў. Прадпрымальнік Уладзімер кажа:

“Надыходзіць час плаціць падаткі, а працаваць ня можам. Да прыкладу, у мяне падатак 700 тысяч рублёў, плюс ад 150 да 300 тысяч плачу за арэнду. Цяпер сытуацыя вельмі цяжкая. Пакупніцкая здольнасьць берасьцейцаў вельмі нізкая. Пакупнікі таксама крыўдуюць”.

“Людзі ж ня дурні, ідуць па таньнейшы тавар да нас”

Берасьцейскія чыноўнікі агітуюць прадпрымальнікаў разьбіраць для продажу заляжалыя тавары электралямпавага заводу, дываны й панчохі, пінскі трыкатаж, баранавіцкі абутак. Аднак пакуль гандляры інаруюць прапановы ўлады. Меркаваньне спадарыні Ірыны:
Людзі ж ня дурні, ідуць па тавар да нас ...

“Навошта мне тавар, якія сёньня купяць, а заўтра вернуць назад з-за нізкай яго якасьці? Навошта мне ўкладаць грошы? Каб страціць іх? Думаеце, толькі ў дзяржаве крызіс? У нас таксама крызіс. Адбіваецца ён і на пакупніках. А хіба ў дзяржаўных крамах прадаюць толькі беларускія тавары? Толькі ў коштах розьніца. У крамах большая надбаўка. А ў нас — меншая. Людзі ж ня дурні, ідуць па тавар да нас”.

А ці вераць прадпрымальнікі ў магчымыя паслабленьні падатковага прэсу? Спадар Мікалай кажа:

“Не, ня веру. Гэта ня можа адбыцца ў нашай краіне. Нават ва Ўкраіне і той жа Расеі сытуацыя цяпер лепшая — больш дэмакратычная. А ў нас такога няма і ня будзе. Бо ўсім вядома: пакуль гэты чалавек трымае ўладу, то толку ня будзе. Мы незадаволеныя”.

Гарадзеншчына


Даюць у нагрузку тое, чым затавараныя склады


Маніторынг, праведзены Камітэтам дзяржкантролю на Гарадзеншчыне, засьведчыў, што тамтэйшыя прадпрымальнікі таксама не зважаюць на заклікі ўраду гандляваць айчынным таварам, а аддаюць перавагу замежнай прадукцыі.

Афіцыйны маніторынг гандлю праводзіўся ў Горадні і Лідзе на 112 гандлёвых пунктах, а таксама ў 33 гарадзенскіх шапіках. У выніку падлічана, што на 70 аб’ектах (гэта 48%) наагул не было айчыннага тавару.

“Асноўная праблема — у нізкай якасьці беларускага тавару і ў высокім яго кошце”

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, зарэгістраванага ва Ўкраіне, Віктар Гарбачоў тлумачыць гэта наступным чынам:

Віктар Гарбачоў
“Асноўная праблема заключаецца ў якасьці гэтага тавару, у коштах у параўнаньні з тымі, што прадпрымальнікі набываюць за мяжой. Таму людзі бяруць у гэты крызісны час тое, што ім зручна”.

Суразмоўца таксама дадае: набываць тавар на беларускіх прадпрыемствах нязручна яшчэ і таму, што прапаноўваюцца толькі такія рэчы, якія не рэалізоўваюцца. Да ўсяго, працэс абрастае рознымі паперамі, што зацягвае час рэалізацыі.

“Мяне не прымусяць набываць у іх дрэнны тавар”

Гарадзенскі прадпрымальнік спадар Віталь ужо сутыкнуўся з тым, які тавар прапаноўваюць дзяржаўныя прадпрыемствы для рэалізацыі.

“Нам даюць у нагрузку тое, што заляжалася на складах. Вось, да прыкладу, калі бярэш добрую каўбасу, павінен узяць на дадатак да яе тое, што ляжыць доўга і не прадаецца. Прымушаюць цябе гэта рабіць адміністрацыйным чынам, і так імкнуцца разгрузіць склады”.

Са слоў прадпрымальніка, гарадзкая адміністрацыя ўжо спрабавала сабраць агульны сход, каб давесьці, чым трэба гандляваць, але пакуль прадпрымальнікі туды не пайшлі.

Вось што наконт гэтага кажа спадар Аляксей, які гандлюе прамысловымі таварамі:

“Разгружаць склады з таварам, які нікому не патрэбны... дык мы яго таксама нікому не прадамо. Нерэальна гэта. І яны мяне не прымусяць набываць у іх такі тавар”.

“Прымус можа давесьці да таго, што прыватны бізнэс будзе пакідаць Беларусь”


Віктар Гарбачоў лічыць, што ў бліжэйшы час адміністрацыйная сыстэма запрацуе напоўніцу і прадпрымальнікаў пачнуць больш актыўна, нават пад пагрозамі, прымушаць рэалізоўваць айчынныя тавары. Аднак сам спадар Гарбачоў ужо зараз бачыць, да чаго падобны прымус можа прывесьці:

“Я размаўляў з прадпрымальнікам, якому навязваюць вялікую колькасьць беларускага тавару. Якое ў яго выйсьце? А ён пераводзіць свой бізнэс у Польшчу. Кажа, за тыдзень усё зьбяру, і пакуль тут ня будзе законаў, няхай яны прадаюць гэты тавар самі”.
XS
SM
MD
LG