Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Барыс Пятровіч і Аксана Спрынчан


Эфір 19 верасьня


ЛІТТЭАТАР

АКСАНА СПРЫНЧАН: “ТЭАТАР АРТ.С – ГЭТА АРТЫСТЫЧНАЯ СВАБОДА”


Вечарынай-фарсам “Восень ды іншыя коткі” 15 верасьня адкрыў другую дзею свайго сёлетняга сэзону паэтычны тэатар АРТ.С. У той жа вечар адбылася прэзэнтацыя ягонага сайту: art-s-theatre.at.tut.by. Пра дзейнасьць тэатру Міхасю Скоблу расказала паэтка Аксана Спрынчан.

Міхась Скобла: “Аксана, той, хто зойдзе на сайт вашага тэатру, пабачыць там своеасаблівы летапіс – а гэта, мабыць, пад сотню самых розных літаратурных імпрэзаў. Звычайны тэатар, як вядома, пачынаецца зь вешалкі, а з чаго пачаўся АРТ.С?”

Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан:
“Я думаю, што АРТ.С пачаўся з нашай са Зьміцерам Арцюхом сустрэчы на паседжаньні літаб’яднаньня “Літаратурнае прадмесьце”. Мы зь ім актыўна арганізоўвалі імпрэзы ў гэтай суполцы, а пасьля паступова падышлі да стварэньня свайго тэатру. Нам захацелася займець нейкую ўласную прастору, дзе мы маглі б праяўляць сябе, вызначаць нейкую адметную плынь у агульным літаратурным працэсе”.

Скобла: “Рухавікі тэатру – творчыя ды ідэйныя – Аксана Спрынчан і Зьміцер Арцюх. А хто з творцаў супрацоўнічае з вамі стала? Ці вы дзеля кожнай новай імпрэзы шукаеце новых людзей?”

Спрынчан: “Не, не шукаем. Назаву творцаў, удзельнікаў тэатру, якія ў нас працуюць стабільна: Алена Масла, Вадзім Клімовіч, Зьміцер Сідаровіч, Марыя Захарэвіч, Мікола Кандратаў, Наталя Пушкарова, Рагнед Малахоўскі, Юлія Новік, Яраш Малішэўскі… Гэта асноўны склад, але мы стараемся, каб у нашых імпрэзах удзельнічалі розныя творцы, каб іх было больш. Так напрыклад, у нашым задыякальна-паэтычным праекце ўдзельнічалі каля 100 чалавек (гэта за дванаццаць вечарынаў). З творчымі людзьмі не заўсёды ўдаецца дамовіцца, таму ёсьць дублёры сярод “сваіх”, якія гатовыя кагосьці пры патрэбе замяніць. Думаю, што ў звычайным тэатры працаваць нашмат прасьцей, таму што артысты ня могуць не прыйсьці на спэктакль. Працаваць жа зь пісьменьнікамі нашмат складаней, яны могуць не прыйсьці куды заўгодна”.

Скобла: “А чым займаецца ў вашым тэатры народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч?”

Спрынчан: “Яна удзельнічае ў шэрагу нашых вечарынаў. Прыкладам, у адной з асноўных, якая мае назву “Стары Новы год у Цёткі”. Марыя Георгіеўна выступае, чытае вершы, нават сьпявае. Заўсёды, у той ці іншай пастаноўцы, мы стараемся знайсьці для яе пэўную праграму. Думаю, што і ёй цікавае супрацоўніцтва з намі. На сцэне Купалаўскага тэатру яна выступае ў адной іспастасі, а ў нас яна можа далучыцца да паэзіі, якую яна вельмі любіць”.

Скобла: “Як гэта там у Барадуліна? “Чытае вершы Захарэвіч, нібы сыходзіць на зямлю…” Месца вашага асноўнага базаваньня – бібліятэка імя Цёткі, што знаходзіцца ў Менску на бульвары Талбухіна. Бібліятэка – установа афіцыйная. Падчас узгадненьня сваіх імпрэзаў з адміністрацыяй ці даводзілася вам нешта зьмяняць? Ці вам у бібліятэцы дазволена ўсё?”

Спрынчан: “Насамрэч, бібліятэка знаходзіцца ня толькі на Талбухіна, 12-а, але яшчэ і недалёка ад Радыё Свабода. Нездарма, адна з расшыфровак тэатру АРТ.С – артыстычная свабода. Звычайна, аніякіх праблемаў у нас з адміністрацыяй не ўзьнікае. Зразумела, у нашым жыцьці прысутнічаюць розныя нюансы, але мы стараемся не наклікаць канфліктаў. Бывае рознае. Творцы нашы могуць прыйсьці на імпрэзу празьмерна вясёлыя, але мы стараемся палагодзіць праблемы. Загадчыца бібліятэкі Рэгіна Багамолава падчас супрацоўніцтва з намі стала сама пісаць вершы, ужо друкуецца. Яна – вельмі творчы чалавек, ёй цікавыя ўсе творчыя людзі: і авангард, і традыцыйная паэзія. Ёсьць людзі, якія ўмеюць радавацца любой праяве творчасьці. І Рэгіна Багамолава з такіх людзей”.

Скобла: “АРТ.С часам выяжджае на гастролі па Беларусі. І тут, здаецца, ня ўсё так гладка, як у сталіцы. Я прачытаў на вашым сайце, што вам не далі выступіць на Наваградчыне, у вёсцы Воўкавічы. Ці часта маюць месца падобныя непрыемныя інцыдэнты?”

Спрынчан: “Такія інцыдэнты здараюцца рэдка. У Воўкавічах былі праблемы са станам Дому культуры і г.д. Я ня думаю, што менавіта АРТ.С быў прычынай адмовы. Бо ў самім Наваградку мы выступалі ў Доме-музэі Адама Міцкевіча, і ўсё прайшло нармальна. Тады ў нас ладзіліся такія гастролі-экскурсіі: ехалі на экскурсію і ладзілі выступы. Трэба сказаць, што з гастролямі ў нас наогул праблема, паколькі наш тэатар працуе на грамадзкіх пачатках, мы не зарабляем грошы”.

Скобла: “З пачаткам восені ва ўсіх тэатрах, у тым ліку і ў вашым, пачаўся новы сэзон. Чым парадуеце прыхільнікаў беларускай паэзіі? Што ў вашай восеньскай афішы?”

Спрынчан: “На восень (23 кастрычніка) сярод іншых у нас плянуецца вечарына “Ля люстэрка” – з дызайнэрам-мадэльерам Сьвятланай Длатоўскай. Думаю, што гэта найлепшы дызайнэр моды ў сучаснай Беларусі, яна распрацоўвае вельмі цікавыя строі, у якіх спалучаюцца нацыянальная традыцыя і сучаснасьць. Прынамсі, вельмі часта я выступаю ў ейных строях, і гэта выклікае проста неверагодныя ўражаньні ў людзей. На вечарыне будуць прадстаўленыя новыя мадэлі, прытым, прадстаўляць іх будуць такія нашы творцы, як Славамір Адамовіч, Валянцін Акудовіч. Гэта не азначае, што Акудовіч апране сукенку. Строй будзе паказваць дзяўчына, а ён будзе распавядаць пра яго... Прынамсі, такога ў нас яшчэ не было, і я думаю, што літаратурна-дызайнэрская вечарына атрымаецца”.

АЎТАР І ТВОР

БАРЫС ПЯТРОВІЧ: “ГЕРОЙ МАІХ ПІЛІПІКАЎ НІБЫ ЗАСНУЎ У САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ”

Беларускія пісьменьнікі працягваюць даставаць з шуфлядаў творы, напісаныя амаль дваццаць гадоў таму. Вось і вядомы празаік, галоўны рэдактар недзяржаўнага часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч выдаў нядаўна кніжку сваіх мініятураў “Піліпікі”. Траціна тэкстаў яе нідзе раней не друкавалася. Кніга выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” ў сэрыі “Другі фронт мастацтваў” у кішэнным фармаце, які стасуецца з сатырычна-гумарыстычным зьместам выданьня. З аўтарам займальнай і зручнай у вандроўках кніжкі сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Барыс, што такое піліпікі?”

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч:
“Гэта кароткія навэлькі, можна сказаць, нават показкі, героем якіх зьяўляецца Піліп. І назва паходзіць менавіта ад гэтага імя. Можа быць, яна пераклікаецца ў нейкім сэнсе са старажытнарымскімі філіпікамі, ну, але пра гэта няхай іншыя мяркуюць. А для мяне – гэта проста жыцьцё аднаго героя, які трапляе ў розныя сытуацыі, часам сьмешныя, часам нестандартныя, часам абсурдныя”.

Аксак: “Гэткім чынам, у вас ужо не ўпершыню жанр дае назву кніжцы. Адна з вашых кніжак называлася “Фрэскі” – таксама па назьве жанру, вынайдзенага вамі. А чаму вы так доўга не выдавалі свае піліпікі? Наколькі я ведаю, яны пісаліся ў дзевяностыя гады”.

Пятровіч: “Так. Першая публікацыя іх была ў 1995 годзе ў часопісе “Крыніца”, прыблізна тады і крыху раней яны і пісаліся. Асновай іх сталі, можа быць, прачытаныя якраз тады творы Хармса. І мне захацелася нешта падобнае прыўнесьці і ў беларускую літаратуру. Здаецца, рэакцыя тады на маю публікацыю была пераважна добразычлівая. На той час такія творы гучалі сапраўды па-новаму і даволі сьвежа ў нашай літаратурнай прасторы. Ня ведаю, як яны ўспрымуцца цяпер, бо за гэты час адбыліся найвялікшыя зьмены ў нашым жыцьці. Але, перачытваючы піліпікі перад тым, як здаваць іх у друк, я злавіў сябе на думцы, што мой герой практычна не састарэў. Можа, для аўтара гэта і добра, але для краіны, якая нібы заснула ў тым савецкім часе, гэта кепска. У тыя часы мы толькі-толькі пачыналі працаваць на кампутарах, зусім яшчэ не было інтэрнэту, і мала хто чуў пра мабільнікі (ці далькажыкі, як піша і гаворыць Леанід Дранько-Майсюк). А што тычыцца астатняга, то сапраўды, зьменаў не адбылося, і мой герой, на жаль, не састарэў. Таму я і адгукнуўся на прапанову выдавецтва “Галіяфы” даць нешта сатырычна-гумарыстычнае. Я ад пачатку думаў толькі пра піліпікі. Тым больш, што ў гэтай сэрыі раней выдаваліся творы менавіта сатырыстычна-гумарыстычныя – Веры Бурлак і Віктара Жыбуля, Пятра Васючэнкі і іншых аўтараў”.

Аксак: “Нядаўна вы вярнуліся з Польшчы, дзе ўдзельнічалі ў міжнародным паэтычным фэсьце “Пабочча” (і не ўпершыню). Выглядае, што паэзія ўсё больш і больш забірае празаіка Барыса Пятровіча. А ці працягваюць пісацца піліпікі?”

Пятровіч: “Я, звычайна, калі спыняюся, дык спыняюся, і таму зборнік “Піліпікі” складаецца з твораў дзевяностых гадоў, траціна зь якіх нідзе дагэтуль не друкавалася. Тады па тых ці іншых прычынах, асабістых ці цэнзурных, яны былі выключаныя з публікацыі ў “Крыніцы”. Што ж да ўдзелу ў фэсьце “Пабочча”, то мне вельмі падабаецца бываць там. Там цудоўныя арганізатары, якія ўмеюць паставіць справу так, што, пабыўшы там аднойчы, проста закахаесься і ў тых людзей, і ў тую зямлю куяўска-паморскую. Вяртаючыся “Піліпікаў”, хачу сказаць: калі б я ад пачатку ведаў, што выдаўцы мяркуюць памяняць напрамак сэрыі з сатырычна-гумарыстычнага на сур’ёзны, то, можа быць, я прапанаваў бы ім нешта іншае. Кароткія навэлі ці фрэскі, а можа, вершы ў прозе ці прозу ў вершах, якіх сабралася ўжо нямала”.

БАРЫС ПЯТРОВІЧ. “ПІЛІПІКІ”

Піліп стаяў на прыпынку і назіраў, як да шапіку “Саюздруку” падыходзілі людзі і куплялі газэты. Усё больш мужчыны. А жанчыны запыняліся радзей, стаялі даўжэй, нешта выбіралі і ўрэшце набывалі парфуму.

“Вось напішы пра гэта ў насьценгазэту ці ў “Савецкую Беларусію”, – падумаў Піліп, – дык усе адразу скажуць: жонаненавісьнік…”

*

Вычытаў неяк Піліп афарызм Кузьмы Пруткова: “Сакрат справядліва называе ваяку, які ўцякае, трусам”. (Здаецца, у газэце “Савецкая Беларусія” вычытаў.) Піліпу афарызм дужа спадабаўся і ён адразу запаважаў Сакрата. Пашукаў у кнізе і прачытаў, хто ён – старажытны грэк, аказваецца, які жыў дзьве тысячы гадоў таму. І Піліп яшчэ больш запаважаў Сакрата: як далёка глядзеў мужчына, га?

*

У вёсцы Піліп купіў сабе хату “на дачу”. Увечары да яго прыйшоў сусед – пазнаёміцца, значыць. Піліп паставіў на стол пляшку, жонка сабрала цыбулькі, гурочкаў на закусь. Сусед павесялеў, змахнуў з твару нядаўні клопат з учарашняга перапою. І сказаў нарэшце: “Здрастуйце ў хату!”

– Піліп, – сказаў Піліп на знаёмства: як жа піць бяз імяні.

– Што? – перапытаў сусед, падумаў і здагадаўся: – А-а-а, а я Іван, – і ўмела падаў брудную зь леташняга руку.

Выпілі. Закусілі. Памаўчалі. Выпілі. Закусілі. Узялі па трэцяй – як паложана.

– Ну, я пайду, – сказаў сусед.

Піліп зразумеў, што з гэтага моманту стаў ён у вёсцы сваім.

*

У пясочніцы гулялі дзеці. Піліп ішоў паўз іх, і раптам пад ногі яму выкаціўся мячык. Піліп хацеў падбіць яго: нага так і хітнулася ўсьлед, але абдумаўся, спыніўся, падняў мячык і агледзеўся: каму аддаць… Выбраў самае саплівае, у сэнсе – самае малое, і памкнуўся было, але тут заўважыў, што дзеці таксама кінулі свае пільныя справы і пазіраюць на яго. Хто спалохана, хто з цікавасьцю, а хто і з пагардай тонкаю між вуснаў.

“А ўжо ж чалавекі”, – падумаў Піліп пра дзяцей і асьцярожна паклаў мячык на край пясочніцы, каб запомніцца ім добрым.

*

Пад асінаю сядзеў падасінавік, а пад бярозаю – абабак. Вакол кораня абабка абкруціўся вуж і сыкаў на Піліпа, нібы бараніў ад яго сваё жытло ці самога сябе, а не сваю здабычу. Піліп і без таго ня ўзяў бы гэтага старога і, пэўна ж, чарвівага абабка. А ў вужа тым больш забіраць ня стаў: ён жа яго першы знайшоў.

Па дарозе з грыбоў Піліп падышоў да запомненай бярозкі. Жабка пад ёю сядзела, а абабка таго не было.

І забраў яго, пэўна ж, ня вуж.

*

У лесе Піліп вырашыў перакусіць. Дастаў сала, хлеб, каўбаску – расклаў на пяньку. А тут заяц бяжыць. І коса гэтак, здаецца, на яго паглядвае, бы паньцікае. Зьдзівіўся Піліп: ні моркву, ні капусту ён з сабою ня браў, і правільней было б цяпер выбегчы ваўку, а ня зайцу. Але ж прыродзе не загадаеш, у яе свае законы…

*

Коцік быў маленькі і ласкавы – пакуль не падрос. І тады Піліп неўзьлюбіў яго. А коцік – жывёла, вядома, тое адчуў. І пачаў усяляк зьдзеквацца зь Піліпа. Прыдрэмле, бывала, Піліп каля тэлевізара на канапе, а коцік – цвыг праз ягоную галаву, ды за вялікі палец на назе цап! Мыш яму, бачыш, прымроілася. У Піліпа спрасонку ледзь не інфаркт міякарда, а кацяры хоць бы што – гуляецца, сабака…

А то яшчэ палюбіў ноччу прыходзіць ды на шыю класьціся. Абкруціцца вакол ды грэе сваім цяплом, а Піліп прахопіцца сярэдначы ў жаху, быццам нехта душыць яго, адкіне кацяру і потым з гадзіну заснуць ня можа.

Словам, жыцьця ня стала.

Толькі падумаў, як бы пазбавіцца ад заразы – дачка ў сьлёзы: не аддам… А жонка ў крык: мы павінны цярпець тых, каго прыручылі і адказваць за іх – кніжак начыталася, кінаў наглядзелася, бач ты…

Я то пацярплю, падумаў Піліп, а вось вы што… Назаўтра ён пайшоў на птушыны рынак і набыў сабе… ага, сабаку.
XS
SM
MD
LG