Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Яскевіч: “Ты сам і дырэктар, і дворнік, і таваразнаўца, і пажарны інспэктар”


Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Калісьці марай Ірыны Яскевіч было ўласнае атэлье жаночага адзеньня. Аднак гэтая мара так і не ажыцьцявілася, хаця першыя крокі віцебская прадпрымальніца зрабіла — адчыніла маленькі кравецкі ўчастак, дзе рамантуюць ды шыюць вырабы са скуры і футра. Апрача гэтага, спадарыня Ірына займаецца і грамадзкай працай — спрабуе стварыць незалежны прадпрымальніцкі прафсаюз “Разам”.

“Чаму вы займаецеся бізнэсам?”


“Яшчэ ў 1987 годзе, калі я працавала ў прыватнай кравецкай фірме, мне ўвесь час здавалася, што ўсё трэба рабіць ня так — што трэба больш уважліва ставіцца да людзей. Таму я сышла і вырашыла распачаць уласны бізнэс — адчыніць атэлье. Але тады я зрабіць гэтага ня здолела, бо сутыкнулася зь цяжкасьцямі — немагчымасьцю законна набыць тканіну, ніткі… І я пайшла на кірмаш гандляваць”.

“Што было самым цяжкім для вас?”

“Я паводле адукацыі канструктар жаночага адзеньня. І, паехаўшы першы раз у закупкі на Чаркізаўскі кірмаш, была проста ў шоку. Я ж бачу ўсе хібы тэхналёгіі, крою… Вярнуўшыся дахаты, спачатку я доўга плакала, а потым дзьве ночы сядзела ды перашывала гэтыя рэчы — падганяла, папраўляла швы. Ну, урэшце першая партыя майго тавару разышлася амаль уся!”

“Які галоўны ўрок быў для вас у занятках бізнэсам?”


“Урок у тым, што трэба быць разумнейшым, больш настойлівым і абавязкова шукаць аднадумцаў, каб разам знаходзіць шляхі паляпшэньня сваёй гаспадарчай дзейнасьці. Адзін у полі ня воін!”

“Якую параду вы б далі чалавеку, які захоча пачаць бізнэс у вашай галіне?”

“Адзіная парада: разабрацца, ці насамрэч ты гэтага хочаш. Ацаніць свае сілы, бо ў адной асобе ты адразу станеш і дырэктарам, і дворнікам, і таваразнаўцам, і пажарным інспэктарам… Дужа шмат усяго ты мусіш ведаць і рабіць”.

“Якіх спакусаў, якіх памылак, на вашую думку, павінен пазьбягаць прадпрымальнік?”

“Любым коштам трэба пазьбягаць ахвоты да сыру ў мышалоўцы. Калі гавораць, што нешта зрабіць лёгка — ня верце, будзе дужа цяжка. Калі кажуць, што вунь там яно, самае смачненькае, тлусьценькае і задарма, то хутчэй спыніцеся ды задумайцеся!”

“Як вы ставіцеся да сямейнага бізнэсу? Ці варта ў бізнэс браць сваякоў?”


“Сямейны бізнэс — гэта добра, калі ва ўсіх насамрэч агульныя мэты. На жаль, у маіх родных свая праца, свае справы, а шыць яны ня ўмеюць”.
XS
SM
MD
LG