Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аб’яднаная грамадзянская партыя ня будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзеньні Беларускага эўрапейскага форуму. Рашэньне пра гэта было прынятае на паседжаньні палітычнай рады АГП, якое завяршылася ўвечары 22 верасьня.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька акцэнтуе ўвагу на тым, што партыя ігнаруе ўжо другое падобнае мерапрыемства. АГП не ўдзельнічала і ў кангрэсе эўрапейскіх сілаў, які ладзілі летам Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец, Вячаслаў Сіўчык:

“Наша пазыцыя наступная: эўрапейская ідэнтыфікацыя патрэбная новым структурам, структурам, якія заяўляюць пра сябе. Сваю пазыцыю, сваю адданасьць эўрапейскім каштоўнасьцям мы абазначылі яшчэ ў 1999-м годзе, калі прымаліся праграмныя дакумэнты АГП. І паўтарацца цяпер няма ніякай патрэбы.

А па-другое, ніякага афіцыйнага запрашэньня для партыі ўдзельнічаць у падрыхтоўцы форуму мы не атрымлівалі. Таму ні партыя, ні яе рэгіянальныя структуры ў гэтым працэсе не ўдзельнічалі і ўдзельнічаць ня будуць”.

Намесьнік кіраўніка Руху “За свабоду” Юры Губарэвіч называе рашэньне кіраўніцтва АГП “дзіўным”:

“Насамрэч на момант фармаваньня аргкамітэту форуму (чэрвень 2009 году) было зроблена публічнае запрашэньне для ўсіх грамадзкіх і палітычных суб’ектаў удзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзеньні Беларускага эўрапейскага форуму. І значная частка суб’ектаў на гэта адгукнулася.

Удзельнічаць у форуме можа любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе яго мэты і задачы. І мы валодаем інфармацыяй, што дзесяткі чальцоў АГП удзельнічалі ў рэгіянальных сходах. Значная частка іх была вылучана дэлегатамі эўрапейскага форуму”.

Арганізатары Беларускага эўрапейскага форуму кажуць, што ўжо прайшлі больш за 20 рэгіянальных сходаў. І выразна бачна іх адметнасьць – на сходы пачалі прыходзіць людзі, якія раней не займаліся грамадзкай публічнай дзейнасьцю.

На гэтым тыдні арганізатары форуму перададуць у Менскі гарвыканкам заяўку на арэнду адной з буйнейшых заляў. 14-га лістапада – заплянаваны дзень правядзеньня Беларускага эўрапейскага форуму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG