Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Мацкевіч: Чалавечы рэсурс “замарожваецца”


22 верасьня ў межах “Тыдня нефармальнай адукацыі-2009”, які ў панядзелак стартаваў у Беларусі, прайшоў круглы стол “Нефармальная адукацыя ў паляпшэньні якасьці жыцьця: праблемы і пэрспэктывы”. Прадстаўнікі Латвіі, Нямеччыны і Беларусі абмяркоўвалі, чаму і як неабходна вучыць дарослых.

Дырэктар Інстытуту міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў Увэ Гартэншлегер распавёў пра сыстэму нефармальнай адукацыі ў Нямеччыне — у краіне больш тысячы так званых “народных унівэрсытэтаў”:

“Мы ў Нямеччыне ўжываем тэрмін „адукацыя для дарослых“. Там ёсьць тры аспэкты. Па-першае, гэта сфэра працы: трэба пастаянна ўдасканальвацца ў прафэсійным пляне, падвышаць кваліфікацыю, каб не адстаць ад жыцьця. Па-другое, гэта разьвіцьцё індывідуўму, самарэалізацыя, самааддача. І трэцяе — гэта ўдзел у жыцьці грамадзтва”.

Сьвятлана Мацкевіч
Ва ўсім сьвеце пад нефармальнай адукацыяй маецца на ўвазе менавіта адукацыя дарослых, якія працягваюць ўдасканальвацца ў розных сфэрах. Беларусь, як засьведчыла дыскусія на круглым стале, аказалася спэцыфічнай краінай. Экспэрт “Агенцтва гуманітарных тэхналёгій” Сьвятлана Мацкевіч распавяла, што экспэрты Ўсясьветнага банку праводзілі дасьледаваньне па аддачы ад адукацыі сярод краінаў Усходняй Эўропы. Беларусь апынулася на першым месцы — узровень заработнай платы вельмі залежыць ад узроўню адукацыі.

Паралельна Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця правёў сваё дасьледаваньне па гэтых жа краінах. І аказалася, што Беларусь займае апошняе месца па паказьніках пасьпяховасьці рынкавых рэформаў. Паўстае пытаньне: калі беларусы такія адукаваныя і разумныя, чаму яны ня ў стане праводзіць рынкавыя рэформы?

Сьвятлана Мацкевіч: “У Беларусі фіксуецца вельмі правільны і эфэктыўны мэханізм камандна-адміністрацыйнага кіраваньня як у эканоміцы, так і ў адукацыі, які дазваляе чалавечы рэсурс, інтэлект заганяць у старыя савецкія схемы эканомікі. Быццам бы эканоміка разьвіваецца натуральным чынам, а рынку пры гэтым няма. А чалавечы рэсурс не капіталізуецца, а “замарожваецца”.

Праблема, з аднаго боку, у незапатрабаванасьці людзей, якія маюць нетрадыцыйнае мысьленьне. А зь іншага — у адсутнасьці ў людзей новай фармацыі мэнэджэрскіх, кіруючых кампэтэнцый. Так лічыць Андрэй Мірашнічэнка, спэцыяліст па кіраваньні інтэлектуальнымі рэсурсамі кампаніі “Лагістык”:

Уся наша сыстэма адукацыі, асабліва пасьля ўсялякіх рэформаў, абсалютна не канкурэнтаздольная.
“Уся наша сыстэма адукацыі, асабліва пасьля ўсялякіх рэформаў, абсалютна не канкурэнтаздольная — ні на рынку ўнутраным, ні на рынку зьнешнім. І калі мы кажам, што зьяўляюцца разумныя, так бы мовіць, інавацыйныя людзі, гэта, хутчэй, „штучны“ прадукт, які вырабляецца асобнымі выкладчыкамі, якія на самой справе, процістаяць гэтай сыстэме ўраўнілаўкі, тэставаньня і гэтак далей”.

На думку Сьвятланы Мацкевіч, беларусы без праблем засвойваюць веды, пры дапамозе кампутараў, сучасных тэхналёгій умеюць гэтыя веды ўзяць. Пытаньне толькі: дзеля чаго? Таму трэба мяняць падыходы да мэтаў адукацыі:

“Сучасная задача беларускай адукацыі — навучаньне мысьленьню ўсіх. Менавіта таму, што ставіцца такога кшталту зьмястоўная задача, як мысьленьне, а ня веды, структура беларускай адукацыі павінна выглядаць зусім інакш. Гэта ўжо ня проста дыскурс: фармальная альбо нефармальная адукацыя, гэта пытаньне ня формы і структуры, а гэта пытаньне зьместу адукацыі — чаму вучыць, як вучыць мысьленьню?”

Падчас круглага стала вострая дыскусія разгарнулася вакол ідэі стварэньня незалежнага ўнівэрсытэту. Высновы, да якіх прыйшлі ўдзельнікі — патрэба ў стварэньні такога ўнівэрсытэту ёсьць, але, што тычыцца магчымасьцяў — то рэалізацыя задумы досыць праблематычная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG