Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі падарунак Магілёву ляжыць пад дрэвам


Цяпер скульптура ляжыць пад дрэвам.

Цяпер скульптура ляжыць пад дрэвам.

У Магілёве апаганеная драўляная скульптура “Нясучая крыж”. Пры канцы васьмідзесятых яе вырабіў і падарыў гораду да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы менскі скульптар Аляксандар Фінскі. Высечаная ў дрэве выява жанчыны з крыжам цяпер паваляная ляжыць у дзесяці мэтрах ад месца ўсталяваньня.

Працу Фінскага ўсталявалі ў сквэрыку на праспэкце Міру, дзе да 1960-х гадоў былі могілкі. Цяпер гэта ўлюблёнае месца адпачынку магілёўцаў. Тут заўжды шматлюдна. Заўсёднікі сквэрыку цьвердзіць, што скульптура ляжыць пад дрэвам каля месяца. На ранейшым яе месцы нават пасьпела прарасьці трава:

“Яна адсюль стаяла мэтраў за дваццаць. Работнікі, якія вось тут прыбіраюць яе туды зацягнулі. Павалілася яна, відаць, сама. Вецер яе, напэўна, паваліў”, паведаміў спадар сталага веку.

Чаму паваленую скульптуру, якая знаходзіцца на адной з ажыўленых магістраляў гораду, за трыста мэтраў ад будынку аблвыканкаму, не паставілі на месца, высьвятляць давялося доўга. У аддзеле культуры гарвыканкаму паабяцалі з гэтым пытаньнем разабрацца й параілі патэлефанаваць у дарожна-маставое прадпрыемства. Яго супрацоўнік тэлефанаваньню зьдзівіўся:

“Яна ўсталявана была на зялёнай зоне й зроблена з дрэва? Гэта ня наша спэцыфіка. За гэта адказвае “Магілёўзелянгас”.

У сваю чаргу супрацоўніца зелянгасу зьвінаваціла ў вандалізьме дарожна-маставое прадпрыемства:

“Гэтую скульптуру сьпілавала дарожна-маставое прадпрыемства й ня вывезла. Я гэта ведаю. Чаму яны яе сьпілавалі, хто даў такое распараджэньне вы тэлефануйце лепш у нашае прадпрыемства камунальных прадпрыемстваў. Няхай яны разьбяруцца”.

Скульптуру адцягнулі ад месца, дзе яна стала, мэтраў за дваццаць.

Высьветліць хто загадаў зьнішчыць падарунак менскага скульптара так і не ўдалося. Чыноўнікі ў гарвыканкаме паабяцалі разабрацца.

Аляксандар Фінскі вырабіў сваю скульптуру з дуба на чарнобыльскім пленэры ў 1989 годзе. У тым жа годзе яе ўсталявалі ў сквэрыку. “Нясучая крыж” — адзіная праца, якую ён падарыў Магілёву. Навіна пра яе апаганьваньне абурыла мастака:

“Я паспрабую зьвязацца з галоўным архітэктарам Магілёва й выказаць яму сваё стаўленьне да гэтага ўсяго. Я зрабіў працу, дзяржава мне за гэта гроша плаціла, а цяпер высьвятляецца, што гэта нікому не патрэбна. Канцоў зараз ня знойдзеш. Яны ж разумеюць, што гэта недзе прагучыць. Будуць хаваць адзін за аднаго”.

Працы Аляксандра Фінскага ўпрыгожваюць беларускія гарады. Сярод іх Менск ды Нясьвіж. Ёсьць ягоныя скульптуры і ў замежжы: у Пэкіне, Маскве, у шэрагу гарадоў Аўстрыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG