Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мы пачынаем маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на нашых хвалях у сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску - “Утопія Беларусь”. Удзельнічае пісьменьнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

Эфір 4 верасьня 2008 году

“Утопія ёсьць літаратурным праектам, у якім запраграмаваная шчасьлівая будучыня чалавецтва або краіны. Гэты праект або спраўдзіцца, або ня спраўдзіцца. Беларусь як утопія ёсьць праектам шчасьлівай, незалежнай і вольнай Беларусі. Гэты праект спраўдзіўся не зусім так, як задумваўся”.


Вячаслаў Ракіцкі: “Аднойчы, на пачатку 20-га стагодзьдзя, у цукерні “Зялёны Штраль” сабралася рэдакцыя “Нашай нівы”. Прыйшлі ўсе – і рэдактар, і “парнасьнікі”. Былі й паненкі – Буйлянка, Мядзёлка, Станкевічанка. Пытаньне вырашалася грандыёзнае: якой быць будучай Беларусі? Спрачаліся да пеўняў, выпілі вядро бенедыктыну, высмалілі скрынку папяросаў. За сіняватай смугой паўстаў вобраз Беларусі – заможнай, шчасьлівай, незалежнай, роўнай паміж суседзямі. Ластоўскі хацеў ахрысьціць краіну Крыўяй – абсьмяялі. Драздовіч намаляваў герб “Пагоня”. Багдановіч склаў гімн. Купала прыдумаў форму кіраваньня – Вялікі Сход. Паненкі адстаялі правы жанчын. Дзяржаўнай мовай абвясьцілі яе, родную, і прыдумалі сваю валюту – талер. Межы новай краіны распасьціраліся ад мора да мора, як у часіны ВКЛ, і насялялі яе шчасьлівыя працавітыя блакітнавокія людзі. А вось Багдановіч пратэставаў супраць межаў. Яго таксама не паслухалі. Справа заставалася за адным: як яе пабудаваць, гэтую краіну-браначку? Усіх супакоіў Ластоўскі. “Як вырашым, так і будзе, -- казаў летуценьнік і аўтар шалёных праектаў. – Наша газэта – гэта ген, зь якога ўся будучая краіна вырасьце, бы дразафіля зь лябараторыі Моргана-Мэндэля. Няўрымсьлівы Вацлаў усе навуковыя навіны ведаў. “Хай празаікі займаюцца эканомікай, -- прамовіў нехта з “парнасьнікаў”. – Справа паэтаў сьніць сны аб Беларусі”.

Так пачалася ўтопія Беларусь. А што далей? Ці вырасла краіна-браначка з гэтага гену, пасеянага ў глебу гісторыі?”

Пятро Васючэнка:
“Мы ведаем, што штосьці вырасла, але ў цэлым праект пацярпеў дэфармацыю. Не атрымалася краіна ад мора да мора. Замест гэтага быў час, калі Беларусь распасьціралася на 6 паветаў. "Далі шэсьць паветаў, дзякуй і за гэта", -- пісаў зьдзекліва Якуб Колас. Замест мовы ў часы беларусізацыі ўсталявалася нейкае чатырохмоўе, а пасьля -- дзьвюхмоўе. Вялікі сход у выглядзе Ўсебеларускага кангрэсу таксама пацярпеў паразу. "Вашы кангрэсы раскідаюцца”, -- казаў герой Купалы Мікіта Зносак. Беларусь захапілі хвалі акупацыі. Не атрымалася нацыянальная валюта. Талер, як сказаў бы пісьменьнік Андрэй Федарэнка, стаўся "шчарбатым". Купала пісаў маршоўкі для неіснуючага беларускага войска. Іх выконвалі толькі слуцкія паўстанцы. Хаця ў цэлым Беларусь як суб'ект палітыкі, як нейкае дзяржаўнае ўтварэньне ў той ці іншай форме ўсё ж атрымалася. У канцы 1910-х --пачатку 1920-х гадоў былі БНР, ЛітБел, БССР. Беларусь была аднавокай, аднабокай, але ўсё ж дзіця вырастала”.

Паўтор гэтай перадачы ў эфіры "Свабоды" 22 верасьня. Цалкам чытаць перадачу
ТУТ.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG