Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як вясельныя коні: галава ў кветках, а ўсё астатняе ў мыле!


Барыс Элькін

Барыс Элькін

Віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін узначальвае вытворчы каапэратыў “Канкурэнт”. Гэтая фірма першай у горадзе пачала займацца ўсталёўваньнем дзьвярэй ды плястыкавых вокнаў. Але спадар Элькін кажа, што нават з 20-гадовым досьведам працы сёньня вельмі цяжка быць прадпрымальнікам.



— Чаму вы займаецеся бізнэсам, з чаго пачыналі?

— Усё пачалося даволі спантанна: у 1988-м я прыйшоў з войска, і трэба было знайсьці сабе нейкае прымяненьне. Спачатку працаваў у будаўнічым каапэратыве. Потым вырашыў заснаваць будаўнічы каапэратыў сам. І вось з 1989 году я ў прыватным бізнэсе.

— Што для вас было самым цяжкім?

— О, лягчэй сказаць, што было простым! Простым было хіба толькі назву каапэратыву прыдумаць. Усё ж было новым, неўсталяваным, незразумелым… Але й цяпер лягчэй ня стала, і прасьцей ня стала.

— Які галоўны ўрок далі вам заняткі бізнэсам?

— Урок такі: калі вырашыў займацца прадпрымальніцтвам, будзь гатовы да бяссонных начэй і галаўнога болю, прычым заўсёднага! І рыхтуйся, што цяжка будзе з уладамі. Гэта ж толькі па тэлевізары нас нібыта па галоўцы гладзяць, а насамрэч жывем як вясельныя коні — галава ў кветках, астатняе ў мыле!

— Якую параду вы можаце даць чалавеку, які захоча пачаць уласны бізнэс у вашай галіне?

— Лепей ня трэба! Сёньня ня лепшая сытуацыя, каб нешта пачынаць. Нават нашаму каапэратыву, якому 20 год, і то цяжка заставацца на плыву, працаваць з прыбыткамі. А каб новае распачынаць — я проста сабе не ўяўляю! Я параіў бы пачакаць — мажліва, сытуацыя зьменіцца. Або шукаць іншага прымяненьня сваім сілам.

— Якіх спакусаў, якіх памылак прадпрымальнікам трэба пазьбягаць любым коштам?

— Калі хочаш спаць спакойна, то не бяры крэдытаў. Гэта ў першую чаргу! І яшчэ: бізнэс — гэта прыватная ініцыятыва, таму асабліва нікому ня варта давяраць, калі ты хочаш застацца пры грашах і пры сваёй справе.

— А як вы ставіцеся да сямейнага бізнэсу? Ці варта браць у яго сваякоў? І як сваякі ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры, вашага занятку?

— Ну, я наконт гэтага ніколі не камплексаваў: працаваў і з бацькам, і з братам, і з жонкай. Яны ставяцца да гэтага нармальна. Вядома, калі сваякам кажаш нешта зрабіць, то яны маюць поўнае права і абмеркаваць тваё даручэньне, і запярэчыць. Але даводзіцца з гэтым мірыцца: хоць ёсьць нейкая гарантыя, што не абрабуюць! Увогуле сёньня бізнэс рэдка завязаны на адным чалавеку. І калі ў нашых умовах табе даводзіцца браць на сябе адказнасьць за іншых, то вельмі цяжка бывае з гэтым жыць і спакойна спаць!

ЦІ ЛЁГКА РАБІЦЬ БІЗНЭС У БЕЛАРУСІ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG