Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За партрэт Аўтуховіча — штраф больш за мільён рублёў


Максім Вінярскі ў залі суду

Максім Вінярскі ў залі суду

Актывіста кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў на адзін мільён 50 рублёў. Хлопца затрымалі 21 верасьня пасьля пікету на плошчы Якуба Коласа. 20 гадзінаў да суду яго трымалі ў міліцыі. Назіральнікі лічаць, што штрафы ўдзельнікам акцый прадказальныя, бо цягам некалькіх апошніх месяцаў апазыцыянэраў не караюць арыштамі.

Максіма Вінярскага абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых вулічных мерапрыемстваў. Судзьдзя Аксана Рэлява дапытала сьведак-міліцыянтаў, якія пацьвердзілі, што хлопец трымаў партрэт Мікалая Аўтуховіча. Максім патлумачыў судзьдзі, што ўдзельнічаў разам зь іншымі актывістамі “Эўрапейскай Беларусі” ў акцыі з мэтай зьвярнуць увагу грамадзкасьці на праблему палітзьняволеных у краіне, каб паскорыць іх вызваленьне.

Максіма Вінярскага затрымалі разам зь Яўгенам Афнагелем. Яўгена потым міліцыянты вырашылі адпусьціць: ён у акцыі ня ўдзельнічаў, а фатаграфаваў яе ўдзельнікаў.

Яўген Афнагель, фота з архіву.
Яўген Афнагель: “Учора пасьля затрыманьня з намі абыходзіліся падкрэсьлена ветліва. Нікога не абражалі. Гэтым адрозьніваюцца паводзіны міліцыянтаў Савецкага РУУС, як і іншых, ад міліцыянтаў Цэнтральнага РУУС. Таму што заўсёды, калі акцыі адбываюцца ў цэнтры гораду на тэрыторыі Цэнтральнага раёну, прычым не абавязкова на Кастрычніцкай плошчы, і людзі трапляюць у РУУС, то там зь імі абыходзяцца вельмі жорстка.

Апошнія акцыі 9 і 16 верасьня былі толькі яскравым прыкладам гэтага. Людзей зьбівалі, абражалі і г.д. У Цэнтральным РУУС міліцыянты пастаянна ўжываюць нецэнзурную лаянку. Я думаю, што гэта ўласная ініцыятыва кіраўніцтва РУУС, бо ўва ўсіх астатніх упраўленьнях міліцыі міліцыянты імкнуцца паводзіць сябе прыстойна”.

Судзьдзя Аксана Рэлява пакарала Максіма Вінярскага штрафам у адзін мільён 50 рублёў. Гэта пры тым, што пратакол быў складзены паводле трэцяй часткі артыкула 23.34 за паўторнае парушэньне цягам году.

Максім так пракамэнтаваў прысуд:

“Хутчэй за ўсё, гэта вынік той агульнай палітыкі, калі даюць вялізныя штрафы і не саджаюць на суткі. Але, на мой погляд, гэта ня мае ніякага значэньня, бо ўсё роўна ніводзін разумны чалавек, які жыве ў нашай краіне, ня можа адчуваць сябе цалкам вольным, пакуль ёсьць палітвязьні: ці то ён сядзіць у турме, ці то ён плаціць штраф, ці то, як цяпер, пад вартай 20 гадзінаў — ён таксама пазбаўлены свабоды”.

Максіма Вінярскага трымалі ў пастарунку міліцыі больш за 20 гадзінаў. У турму, што на вуліцы Акрэсьціна, хлопца не адвозілі. Максім адзначыў, што раней яму давалі позвы і ён сам прыходзіў у міліцыю. Удзельнікі ўчорашняй акцыі таксама казалі, што трымаць чалавека да суду ў камэры, калі ён не ўяўляе ніякай пагрозы для грамадзянаў, няма неабходнасьці.

Максім Вінярскі паведаміў, што ідэя зладзіць пікет узьнікла спантанна. Паводле яго, актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” будуць час ад часу праводзіць акцыі ў такім фармаце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG