Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва "Ўсходняе партнэрства" -- нетрадыцыйным спосабам


Рэалізацыя праектаў “Усходняга партнэрства” можа пачацца налета. Аб гэтым заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі ў Палаце прадстаўнікоў

Паводле агенцтва БЕЛТА, Варанецкі паведаміў, што падрыхтаваныя асноўныя праекты, у якіх беларускі бок надае асноўную ўвагу транзытнай інфраструктуры, стварэньню транспартных калідораў, а таксама транспартнаму забесьпячэньню і спрашчэньню мытных працэдур.

“Гэтыя тэмы абмяркоўваюцца з Латвіяй, Украінай, Літвой, Польшчай, але пакуль Эўракамісія толькі выпрацоўвае мэханізмы абмеркаваньня праектаў. Рэальны іх разгляд пакуль не пачаты. Мы прагназуем, што гэта будзе пачатак наступнага году”, – сказаў Валеры Варанецкі.

На сустрэчы Варанецкага з членамі Пастаяннай Камісіі міжнародных справаў і сувязяў з СНД Палаты прадстаўнікоў гаварылася, што гэтай восеньню ў Стакгольме плянуецца сустрэча старшыняў камітэтаў міжнародных справаў парлямэнтаў краін-удзельніц праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Мэта сустрэчы – выпрацоўка падыходаў да арганізацыі міжпарлямэнцкага ўзаемадзеяньня паміж структурамі Эўразьвязу і дзяржавамі-ўдзельніцамі “Ўсходняга партнэрства”.

"Тут ёсьць пэўныя пытаньні, якія ня вырашаны. У прыватнасьці, гэта арганізацыйнае афармленьне ўдзелу беларускага боку ў парлямэнцкай структуры “Ўсходняга партнэрства”. Ёсьць прапановы з боку Эўрапарлямэнту і некаторых нацыянальных парлямэнтаў, каб Беларусь была прадстаўлена некалькі нетрадыцыйным спосабам, што не адпавядае нашым чаканьням. Цяпер па дыпляматычных каналах мы вядзем работу, накіраваную на ўрэгуляваньне гэтага моманту”, – сказаў Валеры Варанецкі.

Ці меў ён на ўвазе ўдзел апазыцыі ў парлямэнцкай дэлегацыі Беларусі, агенцтва БЕЛТА не ўдакладняе
XS
SM
MD
LG