Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля “Ўсебеларускага саміту “За права прадпрымаць!” Мінэканомікі заявіла, што разьлічвае на павелічэньне долі малога бізнэсу ў рэалізацыі айчынных тавараў да 30-40%.

Як паведамляе БЕЛТА, аб гэтым заявіў намесьнік дырэктара дэпартамэнту прадпрымальніцтва Мінэканомікі Беларусі Аляксандар Тапілін. Паводле Тапіліна, цяпер доля малога бізнэсу складае 1-3%.

Высокапастаўлены чыноўнікі Міністэрства эканомікі таксама сказаў, што паколькі малы бізнэс выявіў гатоўнасьць пераарыентавацца з імпарту на экспарт, а таксама дапамагчы разгрузіць склады айчынных прадпрыемстваў, урад улічвае ўсе прапановы бізнэсоўцаў што да ліквідацыі тых бар’ераў, якія перашкаджаюць рухацца ў гэтым кірунку. Паводле Тапіліна, цяпер падрыхтавана шэсьць нарматыўна-прававых дакумэнтаў для паляпшэньня ўмоваў дзейнасьці прадпрымальнікаў. Аднак, ці ёсьць там нешта пра продаж піва – Аляксандар Тапілін не ўдакладніў. Ён толькі сказаў, што ўсё, што прапаноўвалі ІП і юрыдычныя асобы, – там улічана.

Нагадаем, 21 верасьня на “Усебеларускім саміце “За права прадпрымаць!” дробныя гандляры заявілі, што гатовыя прадаваць у сваіх шапіках тавары беларускай вытворчасьці, калі ім вернуць права прадаваць і беларускае піва. Дыскусія паказала, што сярод праблемаў, якія хвалююць прадпрымальнікаў, самай балючай выявілася ўрадавая забарона прадаваць піва ў гандлёвых шапіках, якая паступова рэалізуецца па ўсіх абласьцях краіны.
XS
SM
MD
LG