Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набыткам галоснасьці стала дакладная запіска Нацыянальнага кадастравага агенцтва ў Дзяржаўны камітэт па маёмасьці адносна транскрыпцыі геаграфічных назваў у лацінкавым напісаньні зь беларускай і расейскай моваў. Шэраг адмыслоўцаў пасьпяшаліся заявіць, што неўзабаве ўсе назвы беларускіх гарадоў і вёсак перакладуць на расейскую мову. У агенцтве сьцьвярджаюць, што іх ня так зразумелі.

Як пазначана на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва, ведамства займаецца “рэгістрацыяй элемэнтаў інфраструктуры дзяржавы ў галіне зямельнага адміністраваньня”. Сярод іншага, у кампэтэнцыі агенцтва, падначаленага Дзяржкамітэту па маёмасьці, — рэгістрацыя геаграфічных назваў і аб’ектаў. Начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналёгій і вядзеньня адзінага дзяржаўнага рэгістру Ўладзімер Немік кажа, што зьдзіўлены цікаўнасьцю да ведамства, якую ён лічыцць беспадстаўнай:
Мы гэтыя назвы рэгіструем, але мы іх не прысвойваем ...

“Гаворка пра дакладную запіску. Працоўны дакумэнт, які наша агенцтва накіравала ў Дзяржаўны камітэт маёмасьці ў якасьці адказу. Кадастравае агенцтва выказала сваё меркаваньне вышэйстаячай арганізацыі па пэўным пытаньні. Як гэтая запіска трапіла ў прэсу — увогуле незразумела. Па-другое, як можа паслужыць дакладная запіска, то бок меркаваньне адной арганізацыі, нагодай для такога вялізнага шуму? Гэта не нарматыўны акт, гэта нават не афіцыйны ліст. Гэта дакладная запіска, у якой выказанае меркаваньне. Чаму гэта стала набыткам галоснасьці і якое значэньне мае тое, што выказала арганізацыя, ад якой нічога не залежыць? Нас папрасілі выказаць сваё меркаваньне, паколькі мы зьяўляемся рэгіструючай арганізацыяй. Мы гэтыя назвы рэгіструем, але мы іх не прысвойваем”.


Падставай да падвышанай увагі стала прапанова агенцтва што да напісаньня лацінкаю назваў геаграфічных пунктаў на мапе Беларусі. Некаторыя экспэрты вырашылі, што ведамства лічыць неабходным трансьлітараваць на лацінку назвы не зь беларускай, а з расейскай мовы. Паводле спадара Неміка, у гэтай сытуацыі папросту ўзьнікла пэўнае непаразуменьне:
трансьлітарацыя на лацініцу павінна ажыцьцяўляцца зь беларускага назову ...

“Пазыцыя Нацыянальнага кадастравага агенцтва такая: паколькі ў нас — падабаецца гэта камусьці ці не — дзьве дзяржаўныя мовы на сёньняшні дзень, то назвы населеных пунктаў пры іх рэгістрацыі павінны рэгістравацца як на беларускай мове, так і на расейскай. Але пры гэтым пазыцыя агенцтва адназначная: трансьлітарацыя на лацініцу павінна ажыцьцяўляцца зь беларускага назову. І тое, што ў прэсе зьявілася іншае сьцьвярджэньне, гэта самая вялікая хлусьня. Трансьлітарацыя — толькі зь беларускай назвы. Адзінае, за што там хто мог зачапіцца, хіба тое, што агенцтва выказала сумнеў адносна таго, ці варта расейскія назвы, якія ўжо ўстаяліся, замяняць трансьлітарацыяй зь беларускай мовы. Каб усё ж гэта на расейскай мове заставалася. Калі Краснае, то і на лацініцы Краснае, калі Чырвонае — то і трансьлітарацыя на лацініцы з Чырвонага. Вось пазыцыя нашага агенцтва”.

Тым часам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны накіравала ліст кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімеру Макею. У ім таварыства папярэджвае пра пагрозу перакрэсьліваньня ўсёй папярэдняй працы ў галіне стандартызацыі напісаньня назваў геаграфічных аб’ектаў. Да таго ж, на думку старшыні ТБМ Алега Трусава, цяперашнія спробы прадстаўнікоў Нацыянальнага кадастравага агенцтва зрабіць “добрую міну” маюць на мэце адцягнуць увагу ад далейшай русыфікацыі:

Алег Трусаў
“Ну, яны трохі хлусяць, канечне. Там усё не зусім так. Я на самой справе даслаў ліст Макею і ў якасьці прыкладу прывёў канкрэтную чыгуначную станцыю ў накірунку Стоўпцы — Баранавічы. Адразу за Менскам была беларуская станцыя Гай. І яе, калі мы перавялі на беларускую мову ўсе шыльды, напісалі як Рошча. І дагэтуль аб’яўляюць Рошча. Я ўжо два гады з гэтым змагаюся, але нічога не магу зрабіць, хоць няма ў беларускай мове такога слова ўвогуле. І як мы цяпер Гудагай мусім называць — Рошча Гудаў, ці як яшчэ па-расейску? Так што такая тэндэнцыя ёсьць. Больш таго, я за тое, каб не было ў нас Акцябрскага раёну, пасёлку Акцябрскі і г.д. Нельга да такога спаўзаць. Так што, у прынцыпе, мы іх злавілі за жывое, і цяпер яны толькі выкручваюцца”.

У Дзяржаўным камітэце па маёмасьці адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. Адзін з супрацоўнікаў толькі сказаў, што ніякіх зьменаў бліжэйшым часам не прадбачыцца, а пра дакладную запіску з Нацыянальнага кадастравага агенцтва ня чуў.



Распрацоўка праблемы напісаньня геаграфічных назваў на тэрыторыі Беларусі вядзецца дзяржаўнымі ведамствамі з 2001 году. Цягам васьмі гадоў былі выдадзеныя “Даведнікі назваў населеных пунктаў Беларусі” з 4 абласьцей, яшчэ 2 рыхтуюцца да выданьня. Гэтыя даведнікі бяруцца за аснову пры падрыхтоўцы геаграфічных мапаў і дарожных шыльдаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG