Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 верасьня, аўторак.

У Менску адбыўся рэспубліканскі сход прадпрымальнікаў, арганізаваны грамадзкай арганізацыяй “Пэрспэктыва”. Удзельнікі запатрабавалі ад уладаў вярнуць суб’ектам малога прадпрымальніцтва дазвол на гандаль беларускім півам у кіёсках і павільёнах. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Якое настальжы ў спадара Шумчанкі па мястэчках, заваленых піўнымі пляшкамі. Нават зьезд у 300 галасоў сабраў. Дэлегаты-хлопцы, разышліся дарогі вашых барсэтак з пакупнікамі, бо ніякага ж пазытыву грамадзтву ад піўнога бізнэсу — адно сьмецьце ды этыл. Самі бачылі: на Захадзе галоўнае — экалёгія, а паколькі шлях наш у Эўропу, таму падмялі вас вельмі правільна. Шкада, што позна. З пралетарскім прывітаньнем зьезду працаўнікоў этыл-фронту Дзед Барадзед”.

Ніна Ярмалінская: “Добры вечар, Радыё Свабода! Лічу пастанову ўраду пра забарону продажу піва ў камэрцыйных шапіках правільнай. Гандляры змагаюцца за свой бізнэс, ставяць уладам умовы: калі вы нам гэта, то мы вам тое. А тым часам сьпіваецца і гіне нацыя. Нашы з вамі дзеці і ўнукі”.

25 верасьня ў Беларусь прыбывае патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. З гэтай нагоды выказваньне слухачкі:

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Патрыярх прыедзе ў Беларусь. Людзі гавораць: хто кажа, палітычны візыт, хто кажа, што не. Я ведаю, што палітычны, і нам гэта з вамі не патрэбна”.

Кошты візаў у краіны Эўразьвязу для беларусаў — тэма наступных тэлефанаваньняў:

Спадарыня, Барысаў: “Я аднойчы чула выступ нейкага вашага апазыцыянэра, што калі Эўразьвяз дасьць магчымасьць танных візаў для Беларусі, то гэта ў першую чаргу будзе вельмі добра Лукашэнку. А я хачу запярэчыць. Не Лукашэнку будзе добра, а нам, людзям простым, будзе добра. Можа, нехта і зьезьдзіць, паглядзіць, мала што”.

Мікола Цярэшка: “Кошт візы для насельніцтва Беларусі павінен быць высокім. У Эўропу едуць у асноўным людзі багатыя, бізнэсмэны, па аўтамабілі, тавары. Мухі асобна, катлеты асобна. Станем людзьмі звацца — атрымаем танную візу, гандлёвыя прэфэрэнцыі”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хацеў бы спытацца, чаму ў нашай Беларусі няма картаў тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на беларускай мове. Як будуць арыентавацца турысты, якія бачаць назвы населеных пунктаў на беларускай мове, трымаючы ў руках карту з рускамоўнымі назвамі?”

Адказвае грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зьміцер Шыла:

Дзьмітрый Шыла
“Гэта, канечне, праблема. Шкада, што такіх мапаў не існуе пакуль. У сувязі з гэтым пытаньнем мяне непакоіць такая тэма, што ў нас застаецца шмат мястэчак і гарадоў з назвамі, перайначанымі за савецкім часам. Да прыкладу, Жамчужны, Пралетарскі, Першамайскі і г.д. Пра гэта важна весьці асобную гаворку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG