Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце пасьля параду 39-га: “Ананасы былі, а тут і солі ня стала”.


Ірына Лаўроўская

Ірына Лаўроўская

Што памятаюць у Берасьці пра сумесны парад нямецкай і савецкай арміяў? Пра падзею 70-гадовай даўніны мы гаварылі з краязнаўцай зь Берасьця, сузаснавальніцай грамадзкага аб'яднаньня “Стары горад”, Ірынай Лаўроўскай.

Сумесны парад частак нямецкай і савецкай арміяў адбываўся з нагоды перадачы горада і яго знакамітай крэпасьці пад уладу СССР. Гэтую падзею называюць самым спрэчным парадам Другой Сусьветнай вайны, па-рознаму трактуюць яго зьмест. Сьведчаньнямі засталіся ня толькі фатаграфіі з вывешанымі побач нямецкай свастыкай і чырвонай зоркай, ня толькі кадры фотакронікі, але і ўспаміны галоўных герояў параду – нямецкага генэрала Гудэрыяна і савецкага камбрыга Крывашэіна.

Кар.: Каб зразумець абставіны таго параду, давайце згадаем, што Берасьце і Берасьцейскую крэпасьць у верасьні 39-га ад немцаў абаранялі яшчэ палякі. Нямецкі генэрал Гудэрыян успамінаў, колькі крыві тады каштаваў штурм крэпасьці і тое, што ў гэтыя дні нават загінуў ягоны ад'ютант. Пасьля штурму, паводле тагачаснага пагадненьня, гэты здабыты горад трэба было перадаць Саветам…

Лаўроўская: Безумоўна, гэта была абарона годная, абарона сур'ёзная. Трэба згадаць, што немцы ўвайшлі ў крэпасьць пасьля таго, як адтуль цалкам выйшаў увесь гарнізон польскі, і немцы ўлічылі гэты свой досьвед штурму крэпасьці. Палякі забарыкадавалі ўваходы ў крэпасьць сваімі танкамі, і немцы некалькі дзён проста не маглі ўвайсьці. Была сапраўдная абарона, такая, як і ў 41-м годзе.

Кар.: Што ж уласна адбылося 22 верасьня – сумесны парад савецкай арміі з нацыскай арміяй або, як настойваюць некаторыя аўтары, проста ўрачыстая перадача тэрыторыі? Немцы адыходзілі, Саветы прыходзілі і проста ў горадзе спаткаліся?
Алена Ціхановіч

Лаўроўская:
Перадусім трэба згадаць дэфініцыю, што ж такое вайсковы парад – а гэта ўрачыстае праходжаньне войскаў, вайсковай тэхнікі, гэта масавае мерапрыемства, і ўсе гэтыя чыньнікі, безумоўна, былі ў Берасьці. А што датычыць сумеснага ці несумеснага парада, то відавочна, што Крывашэін і Гудэрыян разам прымалі парад, і перад імі ва ўрачыстым выглядзе праходзілі прадстаўнікі дзьвюх армій . Таму тут ўжо ніхто не сумняецца, прычым мы ў Берасьці гэта ведалі ад дзяцінства. Жылі людзі, і яшчэ жывуць, якія бачылі гэты парад, яны распавядаюць пра гэта. Я доўгі час зьяўялася старшынёй грамадзкага аб'яднаньня "Стары горад", у гэтую арганізацыю ўваходзілі людзі, якія былі сьведкамі гэтых падзей. Напрыклад, наш сябра Мар'ян Дардэй, які зараз жыве ў Варшаве, бачыў гэта ўсё, шмат пра гэта распавядаў.
Тое, як успрымаўся прыход Чырвонай арміі ў Беларусь у 39-м годзе, гэта прыгадвае тое чаканьне, што хтосьці прыйдзе і нас вызваліць ад нашага ліха. Але калі хто і прыходзіў, то нашае ліха ад нас не забіраў.

Старажылы, якія ў той час былі яшчэ дзецьмі, успамінаюць у асноўным розьніцу, як выглядалі арміі, наколькі нямецкая арміія была вышкаленая і дагледжаная, прыгожая – і скураныя рамяні, і абутак, успамінаюць нават падкладку ў шынялі Гудэрыяна, што яна была чырвоная... А тая армія, да якой прыхільныя былі людзі зь Берасьця (да 1918га году Брэст быў пад уладай Расейскай імпэрыі, людзі памяталі яшчэ Расею сталыпінскую) – гэтая армія вярнулася сюды, у Берасьце проста ў жахлівым стане. Людзі згадваюць, як выглядалі гэтыя жаўнеры, як яны былі апранутыя , што гэта былі бедныя і запалоханыя людзі. Адна мясцовая жанчына, якая ўжо памерла, Раіса Шырнюк, згадвала, што яна бачыла, як адна дзяўчына падскочыла да аднаго з савецкіх жаўнераў са словамі: "Родненькія, саколікі!" – і гэты жаўнер яе адкінуў і сказаў: "Убірайся, цётка!" Гэта вельмі ўразіла публіку, што назірала за ўсім гэтым. Успамінаюць таксама, што вельмі хутка зьнікла ўсё з крамаў: горад быў даволі багаты, і ананасы на паліцах стаялі, а тут нават солі ня стала...

Кар.: Вы, напэўна, знаёмыя з архіўнымі здымкамі той падзеі – якія вуліцы, якія мясцовыя дэталі вы можаце распазнаць?

Лаўроўская: Для нас гэта не зьяўляецца такой таямніцай. На ўсіх здымках мы выдатна бачым і Нацыянальны банк на вуліцы Уніі Любельскай тады, а зараз Леніна, і будынак аблвыканкаму сёньняшняга, літаральна ўваход. Гэта фактычна плошча Леніна. Яна тады не была яшчэ плошчай, але мы яе пазнаем: наступны будынак гэта Берасьцейскі парафіяльны касьцёл.

Кар.: Якая можа быць уласна беларуская ацэнка гэтай падзеі, наколькі важна ведаць гэты сюжэт для разуменьня вытокаў і вынікаў той вайны?

Лаўроўская: Я б сказала, што мы павінны стаць перад праўдай, мы павінны гэта ведаць, зразумець і нават абмеркаваць – што гэта было. Але, напэўна, я лепш за Янку Купалу не скажу: ніхто нас ад нашага ліха ня вызваліць. Бо тое, як успрымаўся гэты парад, як успрымаўся прыход Чырвонай арміі ў Беларусь у 39-м годзе, гэта прыгадвае тое чаканьне, што хтосьці прыйдзе і нас вызваліць ад нашага ліха. Але калі хто і прыходзіў, то нашае ліха ад нас не забіраў.

І цяпер частка нашых грамадзянаў чакае, што хтосьці нас вызваліць ад нашага ліха. І таму гэты парад мы мусім абмеркаваць, убачыць на свае вочы, паслухаць, як гэта было і самі пачынаць думаць пра тое, як мы будзем жыць далей, якую мы будзем мець замежную палітыку і як актыўна, а можа часам і агрэсіўна, ставіцца да інтарэсаў, якія нам прапаноўваюць звонку.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG