Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Расея і Казахстан па-ранейшаму хочуць у СГА разам


Сёньня міністарка эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвіра Набіуліна выступіла ў Бэрне з новай заявай адносна намеру трох краінаў разам уступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Эльвіра Набіуліна заявіла, што экспэрты Расеі, Беларусі і Казахстану заканчваюць папярэднія кансультацыі аб фармаце правядзеньня перамоваў аб ўступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, – паведамляе БелаПАН. Набіуліна таксама сказала, што пасьля завяршэньня кансультацый бакі пачнуць перамовы. Паводле расейскай міністаркі, "у Расіі, Беларусі і Казахстану будзе адна перамоўная каманда".

Заява аб уступленьні ў СГА адзінай мытнай тэрыторыяй была падпісана прэм'ер-міністрамі Беларусі, Казахстану і Расіі 9 чэрвеня ў Маскве. Кіраўнікі ўрадаў заявілі, што адмаўляюцца ад вядзеньня нацыянальных перамоў з СГА. У межах уступленьня ў СГА Расея завяршыла двухбаковыя перамовы з усімі 60 краінамі-партнэрамі, Казахстан — з 22 краінамі, Беларусь — прыкладна з 10-цю.

Камэнтуючы намер трох краін аб калектыўным уступленьні ў арганізацыю, генэральны дырэктар СГА Паскаль Ламі ў чэрвені заявіў:

"Я зьбіты з толку, разгублены. Члены СГА пакуль ня ведаюць, якімі будуць наступныя крокі. Для членаў СГА цяпер час згуляць у сур'ёзны юрыдычны покер".

Як паведаміў 11 жніўня журналістам першы віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Шувалаў, расійскаму боку ўдалося запэўніць структуры СГА ў тым, што пагадненьне аб арганізацыі дае магчымасьць групавога ўступленьня ў яе.

12 жніўня па выніках сёмага пасяджэньня камісіі мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі была сфарміравана адзіная перамоўная група па далучэньні да СГА. Яе ўзначаліў дырэктар дэпартамэнту гандлёвых перамоў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Мядзьведкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG