Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе такі дзень шырока ладзіцца ўжо больш за 10 гадоў, і сёньня ў 40 краінах улады маюць накласьці мараторый на перасоўваньне прыватным чатырохколавым транспартам. У Беларусі сёньня будзе толькі другая спроба.


Ідэю падтрымліваюць эколягі, Дзяржаўтаінспэкцыя, шэраг міністэрстваў і ведамстваў, аднак кіроўцы на заклік разгрузіць вуліцы адгукаюцца неахвотна. Напярэдадні Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя падрыхтавала і распаўсюдзіла 15-сэкундны відэаролік, прысьвечаны “Дню без аўтамабіля”:

“Гэта горад, у якім мы жывём. Гэта паветра, якім мы і нашы дзеці дыхаюць кожны дзень. 22 верасьня — усяго адзін дзень без аўтамабіля. Далучайся!”

Рэкляма суправаджаецца пераканаўчай статыстыкай. Аўтапарк Беларусі зараз налічвае 3 мільёны 200 тысяч грузавых і легкавых машынаў, а таксама матацыклаў. І гэтая лічба штогод павялічваецца яшчэ на 3—4%. Паводле ведамства, у Беларусі доля транспарту ў сумарных выкідах у атмасфэру шкодных рэчываў перавышае 70%, а ў сярэднім за дзень у паветра з адпрацаванымі газамі трапляе каля 3300 тон рознай атруты.

Леташні досьвед правядзеньня “Дня без аўтамабіля” сьведчыць: асаблівага разуменьня патрэбы хоць раз на год устрымацца ад паездак на ўласным транспарце ў бальшыні беларусаў няма. Падчас першай спробы кампаніі 22 верасьня 2008 году заторы на дарогах як былі звыклай зьявай, так і засталіся. Ці зьменіцца гэта сёлета, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі казаць не бяруцца: маўляў, трэба дачакацца папярэдніх вынікаў. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы ўпраўленьня ДАІ МУС Беларусі Ўладзімер Сьцяпанаў:

“Загадзя нічога не камэнтуем — ні па дню з аўтамабілем, ні безь яго. У нас ёсьць супрацоўнік, які адмыслова займаецца гэтай акцыяй, але давайце будзем размаўляць ужо крыху пазьней. Бо, як мы бачым з практыкі, вечна ці мы інфармацыю няпоўную даём, ці прысутнічае нейкае непаразуменьне. Таму лепш гаварыць, грунтуючыся на фактах”.

У Швэцыі двухколавыя ездакі — гэткая ж звыклая зьява, як узыход сонца.

Пры гэтым нават у ДАІ прызнаюць: многія беларусы ня маюць рэальнай альтэрнатывы аўтатранспарту. Хтосьці можа дайсьці на працу пешшу, але шмат каму даводзіцца ехаць зарабляць грошы ня толькі ў суседні раён, але і ў іншы горад. На Захадзе праблему вырашае, бадай, самы дэмакратычны сродак перасоўваньня — ровар. Аднак у Беларусі неабходнай для гэтага інфраструктуры практычна няма. У выніку нават тыя, хто адмовіцца 22 верасьня ад паездкі на аўтамабілі, рызыкуюць ня ўціснуцца ў перапоўнены грамадзкі транспарт.

Эколягі перакананыя: уладам трэба браць за прыклад узор Даніі, Нідэрляндаў ці Швэцыі, дзе “раварызацыя” дасягнула агульнанацыянальных маштабаў. Натуральна, аўтамабіль незаменны зімой ці для паездак на вялікія адлегласьці. А вось ровар ва ўмовах перанаселенага гораду — сапраўдны паратунак. Праўда, пры ўмове наяўнасьці дарожак, парковак і г.д. Адрозна ад той жа Скандынавіі, Беларусь такім наборам пахваліцца ня можа. У часе маёй нядаўняй паездкі ў Швэцыю аргумэнты на карысьць ровара выказвалі самыя розныя людзі. Вось што гаворыць акторка Сара Глясэр :

Сара Глясэр
“Для гэтага шмат падставаў. Па-першае, гэта экалёгія, пра што мы ў Швэцыі шмат гаворым. Людзі часта пакідаюць сваю машыну і карыстаюцца роварам, каб паказаць, што яны клапоцяцца пра экалёгію. Другая прычына — здароўе, бо карысна рабіць фізычныя практыкаваньні, езьдзіць на ровары. У малых гарадах розьніца паміж тым, езьдзіце вы на машыне ці на ровары, увогуле невялікая, бо з аднолькавай хуткасьцю можаце даехаць і на ровары, і на аўтамабілі. Натуральна, у мэгаполісах гэта ўжо пытаньне вашага асабістага выбару. Але мне здаецца, што гэта шмат у чым ідэйнае пытаньне: людзям падабаецца рухацца, адчуваць сьвежае паветра. І, да таго ж, па дарозе вы можаце падумаць аб працы, настроіцца на яе”.

“Дзень без аўтамабіля” пачаў прыжывацца ў Эўропе ў 1997 годзе, запачаткавала яго Францыя. Хутка ён распаўсюдзіўся на суседнія краіны, а потым па ўсім сьвеце. Каму 22 верасьня даводзілася бываць у розных эўрапейскіх гарадах, той на свае вочы бачыў: на заклікі палепшыць экалягічную сытуацыю людзі рэагуюць вельмі шчыра.
XS
SM
MD
LG