Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван  П. : “Прынцып бізнэсу — гэта рух наперад”


39-гадовы Іван  П. з Гомелю займаецца аптовым гандлем, мае фірму. У бізнэсе — каля 12-ці гадоў. Прыехаў у Менск дзеля ўдзелу ў саміце прадпрымальнікаў “За права прадпрымаць”.

Карэспандэнт: “Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

Іван П.: “Я пачынаў з шапіка. А сёньня ў нас аптовае прадпрыемства па продажы прадуктаў харчаваньня. Я пайшоў у бізнэс, бо гэта самы лепшы спосаб самавыражэньня”.

Карэспандэнт: Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?

Іван П.: “У бізнэсе, як у жыцьці, ёсьць свае правілы і законы. Але галоўнае, каб у чалавека быў свой унутраны закон”.

Карэспандэнт: “А што было самым цяжкім?”

Іван П.: “Мы прыехалі сюды, каб абмеркаваць набалелыя пытаньні. Паспрабаваць іх пераадолець. І ўрэшце, каб мы былі пачутыя. Каб улада не рабіла нам нейкіх перашкод і забаронаў сваімі ўказамі. Што да забароны гандлю півам, то чаму адны суб’екты гаспадараньня могуць гандляваць, а іншыя ня могуць? У гэтым выпадку мы жывём паводле прынцыпу: „правы той, у каго больш правоў“, хто мацнейшы, той і камандуе тымі, хто слабейшы. Хацелася б быць на роўных перад законам”.

Карэспандэнт: “Якую параду вы можаце даць чалавеку, які захоча пачаць бізнэс у вашай галіне?”

Іван П.: “У кожнага свой шлях. Цярплівасьці і разуменьня, што тыя прагнозы, якія можна плянаваць напачатку, не заўсёды могуць спраўдзіцца. Калі нешта не атрымалася, ня трэба расстройвацца, трэба рухацца наперад. Прынцып бізнэсу — гэта рух.”

Карэспандэнт: “Як вы лічыце, якую спакусу, якую памылку трэба пазьбягаць любым коштам?”

Іван П.: “Трэба лічыцца зь людзьмі. Трэба паважаць адзін аднаго. І гэта важна ня толькі для бізнэсмэнаў, але і для палітыкаў ці проста найманых асобаў. Калі мы перастаём паважаць адзін аднаго, мы пачынаем рабіць памылкі, якія потым вельмі цяжка паправіць”.

Карэспандэнт: “Як ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры родныя? Ці варта браць сваякоў у бізнэс?”

Іван П.
: “Мая мама і бабуля заўсёды былі супраць таго, каб я займаўся бізнэсам. Заўсёды казалі, што ў цябе дзесяць дзяцей, табе і так хопіць на жыцьцё. Я спачатку быў вайскоўцам, а потым настаўнікам. Ім было шкада тых сіл, нэрваў, здароўя, часу, якія былі патрачаны на пачатковым этапе. Але і цяпер ня менш.

А наконт таго, ці браць сваякоў, гэта вельмі складаная тэма. Ня важна, хто з табой у бізнэсе, галоўнае, каб гэта быў прафэсійны чалавек. Можна давяраць сваяку ў бізнэсе, але ён не абавязкова можа быць пасьпяховым, бо гэты сваяк ня можа даць таго выніку, які дасьць староньні чалавек, прафэсіянал. Можна прыцягваць сваякоў, калі яны могуць нешта дадаць у бізнэс”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG