Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці павінен адказваць за грахі Пятра Першага Патрыярх Кірыл?


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 21 верасьня

Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 21 верасьня

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы цікавяцца, ці пакаецца патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл за злачынствы расейскага войска на пачатку 18 стагодзьдзя ў полацкіх храмах, разважаюць пра лёс нацыянальнай сымболікі, дзеляцца думкамі наконт візавай палітыкі Эўразьвязу.

На гэтым тыдні адбудзецца візыт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларусь. У прыватнасьці, ён правядзе набажэнства ў Полацкім Сьвята-Эўфрасіньнеўскім манастыры. З тае нагоды — наступны званок.

Яўгенія Казлова, Ворша: “У Беларусь зьбіраецца прыехаць патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыла. Ці не было б яму, патрыярху, ня вельмі складана прывезьці з сабой і сьвяты крыж Эўфрасіньні Полацкай, які праваслаўныя расейцы скралі ці гвалтоўна ўзялі? Беларусы былі б яму вельмі ўдзячныя. Патрыярх павінен, будучы ў Полацку, пакаяцца за страшэнныя злачынствы, які ўчыніў Пётар Першы ў 1705 годзе ў Сафійскім саборы, дзе ён разам зь Меншыкавым застрэліў 9 сьвятароў-уніятаў. А ў 1710 годзе ўзьляцеў у паветра і сам Сафійскі сабор”.

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — супрацоўнік Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтру імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла Дзьмітрый Шыла.

Дзьмітрый Шыла
“На жаль, зараз нам вядома толькі тое, што ў 1941 годзе крыж быў вывезены з Магілёва ў напрамку Расеі. Каб герархам праваслаўнай царквы стала вядома, дзе ён знаходзіцца, то, вядома, адразу ж пачала б абмяркоўвацца магчымасьць перадачы крыжа ў Беларусь. І вернікі, і герархі зацікаўленыя ў тым, каб гэтая сьвятыня была на месцы. Што тычыцца другога пытаньня, то злачынствы, пра якія гаворыць шаноўная слухачка, учыненыя людзьмі, якія хоць па веры і належаць да праваслаўя, але, па-першае, не належалі да герархіі, а па-другое, самі ж праваслаўныя герархі ўдосталь нацярпеліся ад таго самага Пятра І. То бок слухачка кажа пра злачынства, учыненае дзяржаўнымі людзьмі, сувязь якіх з царквой палягала хіба толькі ў тым, што яны забаранілі інстытут патрыяршаства — з ініцыятывы Пятра І”.

А зараз — рэпліка слухача наконт таго, што і ўлады, і апазыцыя ў стасунках з Эўразьвязам зрабілі адной з прыярытэтных праблему зьніжэньня коштаў на візы для беларусаў.

Ларыса, Менск
: “Усе сустрэчы на вышэйшым узроўні ставяць асноўнае пытаньне: маўляў, уся бяда ў тым, што беларусы пакутуюць ад вельмі высокага кошту візаў. Нават у Літве ішла гаворка пра тое. Не разумею… Той, хто хоча ехаць за мяжу, мае грошы і за гэтую візу можа спакойна заплаціць. А тыя, у каго іх мала, дык і па Беларусі езьдзяць ня надта часта. Я маю на ўвазе пэнсіянэраў і малазабясьпечаных. То бок гэта ўсё не асноўнае пытаньне, якое варта абмяркоўваць зараз — ёсьць шмат іншых, больш важных праблемаў”.

Традыцыйна шмат на нашым аўтаадказьніку званкоў, якія ўздымаюць праблему мовы і нацыянальнай сымболікі.

Павал Давыдзенка: “Без нацыянальнай мовы і культуры ня можа быць свабоды. І без інфармацыі народа мы ня можам выйсьці на стабільнасьць, бо народ Беларусі жыве ў змане лукашэнкаўскай прапаганды”.

Ніна Ярмалінская: “Бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ — для мяне штосьці сьвятое. Памятаю, калі ў 1991 годзе ўбачыла яго на будынку райвыканкаму, я заплакала. Хацелася б дажыць да таго часу, калі бел-чырвона-белы сьцяг будзе зноў лунаць над дзяржаўнымі ўстановамі нашай краіны”.

І напрыканцы — вершаванае тэлефанаваньне з Гомелю.

Спадар Лявонцій, Гомель:

“Што нам трэба, што нам трэба,
Калі ёсьць хлеб і штось да хлеба?
Мо патрэбна, быццам Мека,
Краіне звышбібліятэка?

Яшчэ, напэўна, ёсьць патрэба
Падперці тэлевышкай неба?
Ну так, мы з радасьцю гатовы
Прыняць шматлікія абновы.

Чаму ж, калі абноў так многа,
Жыве ў душы маёй трывога?
Бо ў кожнай велічнай абнове
Няма прытулку роднай мове!

А безь яе, сказаць бяруся,
Няўтульна жыць на Беларусі.
Утульна ўладзе ў нас жывецца,
……………………….

Заўжды наладзіць быт здаровы
Сумее ён бяз роднай мовы.
Але ад гэтае праявы
Шлях вельмі блізкі да няславы”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG